18.09.2023 Тэгі: грамадства, ААН, свабода слова Камітэт правоў чалавека ААН (КПЧ ААН) прызнаў парушэнне правоў магілёўскага журналіста Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з Deutsche Welle. Пра гэта стала вядома толькі пасля вызвалення з калоніі праваабаронцы Леаніда Судаленкі, піша MAYDAY.TEAM.
16 верасня 2014 года сямёра міліцыянтаў пад кіраўніцтвам на той момант маёра Уладзіміра Пугачова ўварваліся ў кватэру журналіста і правялі там ператрус пад выглядам агляду месца правапарушэння. Аляксандра Буракова абвінавацілі ў парушэнні Закона "Аб сродках масавай інфармацыі", а менавіта ў супрацоўніцтве з нямецкай медыякампанія Deutsche Welle без журналісцкай акрэдытацыі ў Беларусі. Доказам віны журналіста былі падпісаныя яго імем артыкулы на сайце Deutsche Welle. На Буракова склалі адміністрацыйны пратакол, паводле якога суд аштрафаваў яго на 500 еўра.
Журналіст абскардзіў пастанову суда і ў 2015 годзе падаў скаргу ў КПЧ ААН. Разгляд яго справы па сутнасці прайшоў на 131-й сесіі Камітэта ў сакавіку 2021 года. У рашэнні ад 18 траўня 2021 года Камітэт прыйшоў да высновы, што правы журналіста былі парушаныя, а дзяржава ў адпаведнасці з палажэннямі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах абавязана даць яму эфектыўны сродак прававой абароны. Дзяржава таксама абавязана даць журналісту адэкватную кампенсацыю і пакрыць выдаткі, уключаючы штраф і судовыя выдаткі. Акрамя таго, рашэнне ўтрымлівае патрабаванне прыняць меры для недапушчэння падобных парушэнняў у будучыні.
Што цікава, рашэнне Камітэта ААН было прынята ў той момант, калі Аляксандр адбываў 20-сутачны арышт пасля незаконнага затрымання напярэдадні судовага паседжання па справе Паўла Севярынца і іншых палітвязняў ў траўні 2021 года. А яшчэ праз месяц Аляксандр Буракоў, які праходзіў сведкам па крымінальнай справе "Вясны", вымушаны быў пакінуць Беларусь. Па гэтай прычыне ён не ведаў аб прынятым рашэнні КПЧ ААН. Вядома, што апошнія два гады ён працаваў карэспандэнтам на Паўднёвым Каўказе.
Рашэнне па справе Аляксандра Буракова ў базе дадзеных ААН адшукаў нядаўна вызвалены з-за кратаў палітвязень і эксперт па працы з КПЧ ААН Леанід Судаленка.
Нагадаем, восенню 2022 года Беларусь дэнансавала факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які даваў права беларусам падаваць скаргі на парушэнне іх правоў з боку дзяржавы ў Камітэт ААН па правах чалавека. На працягу многіх гадоў гэты орган з'яўляўся важным спосабам абароны сваіх правоў на міжнародным узроўні і данясення да міжнароднай супольнасці рэальнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Цяпер з індывідуальнымі паведамленнямі можна звяртацца толькі беларускам і толькі ў Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.
Крыніца: Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў парушэнне правоў магілёўскага журналіста Аляксандра Буракова