17.09.2023 Тэгі: грамадства, палітвязні, праваабаронцы, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, падкаст, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Наталля Сацункевіч, Марфа Рабкова, Леанід Судаленка У другую гадавіну кампаніі FreeViasna распавядаем пра тое, як яна развівалася, хто ў ёй прымаў удзел, і самае галоўнае — як абараняць з надзеяй. Пра гэта новы выпуск падкаста “Вясна прыйдзе”. Скарочаная тэкставая версія — ніжэй.
Выпуск падкаста на YouTube (па спасылцы — з тайм-кодамі!)
Іншыя пляцоўкі:
FreeViasna — гэта кампанія салідарнасці з палітзняволенымі прадстаўнікамі праваабарончага цэнтра “Вясна”. Яна стартавала 17 верасня 2021 года, а дзень быў абраны невыпадкова: бо менавіта тады, за год да гэтага, затрымалі Марфу Рабкову. Таму Наталля Сацункевіч, праваабаронца ПЦ "Вясна", упэўнена, што сама кампанія салідарнасці і барацьбы за вызвалення вясноўцаў, хоць неаформлена, але пачалася менавіта тады:
"Я памятаю, як мы атрымалі паведамленне аб яе затрыманні — яго перадаў яе муж Вадзім, якога затрымлівалі разам з Марфай, гэта было ўначы. На наступны дзень мы прынялі заяву — яна называлася "Рукі прэч ад Марфы! Рукі прэч ад "Вясны".
Марфа была першай з вясновак, затрыманай па крымінальнай справе (пасля падзей 2020 года).
Потым у кастрычніку быў затрыманы Андрэй Чапюк, потым напачатку 2021 года былі затрыманні і вобшукі ў Гомельскай філіі "Вясны"— затрымалі Леаніда Судаленку, Таццяну Ласіцу і Марыю Тарасенка (якую потым вызвалілі пад хатні арышт падчас следства і суда). І канешне кампанія не была аформлена: яна не мела назву і не мела сайт, але яна ўсё роўна шла. Мы заўсёды казалі пра калегаў, што яны павінны быць вызвалены безумоўна (як і ўсе астатнія палітвязні). І потым 14 ліпеня 2021 года затрымалі Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча — і стала зразумела, што гэта ўжо настолькі сур'ёзны ўдар па арганізацыі: няма больш у Беларусі, і ў Еўропе, і магчыма ў свеце арганізацый, дзе столькі праваабаронцаў знаходзяцца за кратамі за сваю праваабарончую дзейнасць. Трэба было рэагаваць максімальна хутка і эфектыўна, даносіць свету пра тое, што адбываецца з вясноўцамі, і канешне дамагацца іх вызвалення, а як менш салідарнасці ад ўсяго свету. І мы пачалі размаўляць з нашымі міжнароднымі сябрамі і партнёрамі, беларускімі арганізацыямі аб тым, што трэба даваць бачны і гучны старт кампаніі салідарнасці".
"Напачатку верасня 2021 года мы склікалі ўсіх прыехаць у Вільню і абмеркаваць, што і як рабіць, у каго якія ёсць магчымасці. Вялікая дапамога была ад Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), віцэ-прэзідэнтая якой з'яўляецца Валянцін Стэфановіч, і ад іншых: нас падтрымалі такія вялікія сусветныя арганізацыі, як Amnesty international, Human Rights Watch і іншыя — тут я не хачу называць нейкія асобныя арганізацыі, таму што праўда іх было далучылася шмат. Прадстаўнікі арганізацый прыехалі ў Вільню за вельмі хуткі тэрмін, падаецца, праз тыдзень. Гэта быў пачатак верасня, людзі выходзілі з адпачынкаў, іх дзеці ішлі ў школу — яны пакідалі ўсё і прыехалі. У Вільню яны ехалі за свой кошт, таму што гэта вельмі важна каштоўнасна для іх".
Анастасія Круопе, малодшая даследчыца па Еўропе і Цэнтральнай Азіі ў Human Rights Watch, была адной з тых, хто прыехаў тады ў Вільню:
"Для мяне гэта было адным з прыкладаў таго, як людзі мабілізуюцца ў момант, калі здаецца, што ўсё становіцца толькі горш, і як у людзей не сканчаецца надзея нягледзячы ні на што. Гэта быў вельмі натхняльны момант.
Адзін з прыкладаў нашага брэйн-штармінгу — гэта прыдумалі калегі, якія ведаюць вясноўцаў асабіста і працавалі з імі шмат гадоў, і ведалі, што яны любяць. І вось калегі з БХК успомнілі, што сярод вясноўцаў ёсць прыхільнікі Metallica — і нечакана трэба было шукаць спосабы таго, як выйсці на іх мэнэджараў, каб яны нейкую вестку паслалі падчас канцэрту ці неяк яшчэ падтрымалі людзей за кратамі".
Кампаніі ўжо два гады. Самы запамінальны момант для Анастасіі — гэта навіна, што Алесю Бяляцкаму далі Нобелеўскую прэмію. А таксама вызваленне Леаніда Судаленкі:
"Леанід цалкам адбыў сваё пакаранне і выйшаў на волю — і для мяне гэта такі неверагодны момант, калі ў мяне была магчымасць з ім сустрэцца. І гэта такое дзіўнае пачуццё, калі ты ніколі не бачыў чалавека ўжывую да гэтага, але так як ты брэйнсторміў з калегамі пра яго хобі і звычкі, то табе здаецца, што ты гэтага чалавека ўжо і ведаеш, ён нешта накшталт инфлюенсера і супер-зоркі, за якой ты сочыш. І вось ты бачыш гэтага чалавека на волі — вы толькі цяпер (ужывую) знаёміцеся, а табе здаецца, што ты яго ўжо даўно ведаеш. І для мяне гэта быў запамінальны момант — момант, які я ўяўляю, што здарыцца і з іншымі вясноўцамі, якія цяпер адбываюць пакаранне (відавочна ў адплату за іх праваабарончую працу і нічога больш). Момант, калі мы сустрэнемся і пасмяемся, што мы спрабавалі і вось гэта, і вось тое, вось гэта не выйшла, "але вы ведаеце, што мы спрабавалі звязацца з Metallica?". І вельмі спадзяюся, што гэты момант наступіць — і наступіць хутка. Для мяне гэта самыя запамінальныя моманты, якія апраўдваюць усё, што мы спрабуем зрабіць, і даюць нейкую мэту на гэты марафон адвакацыі на доўгатэрміновую перспектыву, дзе ты працягваеш рабіць адно і тое ж, і табе часам здаецца, што гэта бескарысна і ні да чаго не прывядзе — але гэта ілюзія. І такія моманты вельмі добра нагадваюць, для чаго ўсё ўласна гэта робіцца.
Для мяне надзея ў гэтым.
Прычына, па якой мы адразу вырашылі, што будзем падтрымліваць кампанію FreeViasna і чаму будзем працягваць гэта рабіць у будучыні — гэта таму, што праца праваабаронцаў у Беларусі і за яе межамі неверагодная. Гэта людзі смелыя, гэта людзі, якія працягваюць рабіць сваю працу нягледзячы ні на што і гэта людзі, якія адданыя каштоўнасцямі правоў чалавека. Самае меншае, што мы можам зрабіць, гэта не забываць пра іх, кожны дзень думаць пра тое, што мы яшчэ можам зрабіць, і гэта самы прамы спосаб адплаціць ім за тое, што яны зрабілі для супольнасці, у тым ліку сусветнага".
За часы кампаніі было праведзена шмат акцый, напрыклад у гадавіну Чарнобыльскай трагедыі і заснавання ПЦ "Вясна" , адкрыццё муралу Алесю Бяляцкаму (на будынку прагімназіі ў Вільін, насупраць Амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве), падісанні паштовак, шпацыр па Вільні і шмат іншых.
Вера, прадстаўніца FreeViasna, распавядае пра тое, што робіць кампанія:
"Мы намагаемся трымаць у фокусе тэму палітзняволеных праваабаронцаў і ўсімі магчымымі спосабамі, наколькі хапае фантазіі (і фантазію мы таксама намагаемся раскачваць), стараемся ўздымаць і асвятляць гэтую тэму.
Першасна мэта кампаніі сапраўды гучала як вызваленне палітзняволеных праваабаронцаў. Але з цягам часу стала зразумела, што мы павінны нейкім чынам дасягнуць гэтай мэты — і відавочна, на гэты момант вызваленне знаходзіцца не ў нашай уладзе. Таму зараз мы мяняем фокус, і мэта нашай кампаніі хутчэй інфармацыйна-асветніцкая. Гэта распаўсюд інфармацыі і далучэнне людзей да яе".
Андрэй Чапюк асуджаны на 5 гадоў і 9 месяцаў, Уладзімір Лабковіч — на 7 гадоў, Валянцін Стэфановіч — на 9 гадоў, Алесь Бяляцкі — на 10 гадоў, а Марфа Рабкова на 14 гадоў і 9 месяцаў калоніі. Ці думалі прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі пра тое, что FreeViasna можа працягнуцца так доўга — да вызвалення вясноўцаў праз адбыццё іх пакарання цалкам? І як адвакатаваць з надзеяй?
"Гэты час, гэтыя тры гады, якія прайшлі з 2020 года, калі ўсё стала імкліва пагаршацца, мне здаецца, навучыў нас не думаць такімі вялікімі адмежкамі, і словы пра тое, што рабіць усё магчымае тут і цяпер, у тым месцы, дзе ты знаходзішся, сталі ўжо не простымі словамі, а нашай рэальнасцю, — кажа Вера. — Таму думкі пра 10, 15, 5, нават думкі пра адзін год — яны не тое, што фрустрыруюць, я проста не магу гэта ахапіць сваім цяперашнім станам. Умежах кампаніі кірунак адзін — гэта распавядаць, прыдумляць, рабіць усё, казаць паўсюль, вызваляць (калі гэта ўсё ж стане рэальна) і думаць пра гэта як пра цяперашнюю задачу.
Мне здаецца, кожны з нас намагаецца сваімі дзеяннямі наблізіць вызваленне ўсіх палітзняволеных, у тым ліку праваабаронцаў. Мне вельмі хочацца верыць, што мы супольнымі намаганнямі, з розных бакоў будзем падточваць гэтую складаную сітуацыю, якая на цяперашні момант, магчыма, выглядае замарожанай, але паўтару: жыццё паказвае, наколькі усё зменлівае".
Саша робіць для FreeViasna дызайн: яна распрацоўвала фірмовы стыль, лагатып і рабіла ўвесь візуал. У асноўным жыцці Саша — камерцыйная дызайнерка. Чым адрозніваецца камерцыйны дызайн ад дызайна валанцёрскага ў кампаніі FreeViasna?
"Вядома, ёсць адрозненне, калі ты працуеш з камерцыйнымі праектамі і калі ты працуеш з некамерцыйнымі арганізацыямі. Першае, на што я звяртаю ўвагу пры працы, гэта пытанне мэтавай аўдыторыі. З кім мы будзем размаўляць пры дапамозе гэтага дызайну? І атрымліваецца, што ў праваабарончых праектах і ініцыятывах з гэтым бывае складана, таму што быццам мы размаўляем з усімі, таму першы выклік гэта вызначыць мэтавую аўдыторыю і хоць неяк яе звузіць. Бо чым яна шырэй — тым складаней выконваць працу.
Другое — гэта вельмі асцярожная праца. Бо мы працуем з уразлівымі групамі: гэта могуць быць сваякі людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні — і трэба заўсёды некалькі разоў пераправерыць і тэкст, і быць асцярожней у візуале, каб не закрануць людзей".
Каб адказаць на пытанне, хто мэтавая аўдыторыя кампаніі, FreeViasna рабіла даследаванне ў сацсетках. Пра вынікі распавядае Саша:
"Мы высветлілі, што наша мэтавая аўдыторыя — гэта па большай частцы жанчыны, у раёне 35-45 гадоў. Гэта альбо сваякі палітвязняў, альбо іх сябры. І таму, калі мы будуем камунікацыю праз дызайн, мы маем вось такі партрэт. Але ён таксама атрымліваецца занадта агульны. І да таго ж мы дадавалі ў мэтавую аўдыторыю калегаў — гэта журналісты, якія атрымліваюць ад нас інфармацыю, і тыя, хто цікавіцца гэтай тэмай у сілу сваёй прафесіі.
Хочацца ахапіць усіх, таму што гэта тычыцца на самай справе вельмі шырокіх мас людзей, і задача мяне як дызайнера ўсё ж такі паспрабаваць намаляваць партрэт чалавека, з якім мы маем зносіны. Нам трэба разумець, да каго ж мы ўсё ж такі звяртаемся".
Сашы цяжка ўявіць, калі яна завершыць сваю працу (бо гэта здарыцца, калі ўсе вясноўцы выйдуць на волю). А дзе ж дызайнерка бярэ надзею?
"Больш за ўсё — калі я бачу калег, якія працягваюць [сваю дзейнасць]. Таму што надзея ёсць не заўсёды, — прызнаецца Саша. — Бываюць перыяды, калі стамляешся, асабліва ад дрэнных навін — у праваабарончай тэматыцы іх вельмі шмат, і мне трэба заставацца ў кантэксце, і таму ад гэтага бывае я вельмі моцна стамляюся. Але мяне натхняюць людзі, якія працягваюць рабіць сваю працу. І гэта дае мне сілы".
Канстанцін Старадубец — валанцёр кампаніі FreeViasna.
"Мая асноўная дзейнасць заключаецца ў тым, што я прадстаўляю кампанію на розных сустрэчах. Таксама я прадстаўляю кампанію ў камунікацыі з некаторымі з нашых партнёраў", — распавядае Канстанцін.
А яшчэ ён прадстаўляе на міжнароднай арэне Алеся Бяляцкага. Напрыклад, калі дэлегацыя прадстаўнікоў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру 2022 з адвакацыйным візітам наведалі ЗША. Аляксандра Матвійчук з "Цэнтра грамадзянскім свабод", Аляксандр Чаркасаў з "Мемарыялаў" і Канстанцін Старадубец у цішотцы з выявай Алеся.
Як гэта — прадстаўляць асобу, якая за кратамі, на міжнаронай арэне?
"Безумоўна, гэта вялікая адказнасць, і тут трэба быць вельмі асцярожным, бо ніхто не можа прадстаўляць цалкам іншага чалавека, асабліва улічваючы тое, што сувязь з Алесем вельмі абмежаваная — мы не можам атрымаць ад яго нейкіх парадаў альбо тэкставага выступу, — кажа Канстанцін. — Але ёсць нейкія тэмы і пазіцыя, якую Алесь шматкроць выказваў і падкрэсліваў напрацягу сваёй праваабарончай дзейнасці. Таксама ёсць яго публічныя, пісьмовыя матэрыялы, напрыклад, выступ з апошнім словам на судзе. Гэтыя ўсе зафіксаваныя матэрыялы вельмі дапамагаюць у прадстаўленні Алеся публічна, у тым ліку на міжнароднай арэне. Я вельмі спадзяюся, што Алесь будзе задаволены маёй працай постфактум, калі даведаецца, і гэта таксама вялікая адказнасць. І я вельмі хачу пачуць яго меркаванне наконт таго, як мы прадстаўлялі яго на розных арэнах".
Надзею Канстанцін шукае ў гісторыі папярэдняга зняволення і вызвалення па амністыі Алеся Бяляцкага:
"Мы бачылі, што ён не быў зломлены гэтым зняволеннем, што ён працягваў там пісаць, фіксаваць свае ўспаміны, і выйшаў такім жа самым бадзёрым актывістам, якім ён быў і працягнуў быць пасля гэтага праваабаронцам. Таму надзея ў тым, што ўсё міне, нашыя сябры будуць вызваленыя, і працягнуць працаваць разам з намі".
Наталля Сацункевіч таксама прадстаўляла сваіх палітзняволеных калег на міжнароднай арэне: падчас атрымання прэміі Homo Homini.
"У траўні 2021 года я атрымлівала прэмію ад імя тых вясноўцаў, якія тады былі за кратамі: гэта Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца.
Гэтую ўзнагароду заснавала і ўручае чэшская грамадская арганізацыя People in need — "Чалавек у бядзе". У сваім паведамленні People in need пісалі, што ўзнагароджваюць прэміяй "чатырох сяброў праваабарончай арганізацыі "Вясна", якія падвяргаліся пераследам за адсочванне затрыманых пратэстоўцаў, дакументаванне парушэнняў правоў чалавека і аказанню дапамогі ахвярам міліцэйскага гвалту. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі за законную праваабарончую дзейнасць". І як мы потым пабачылі з прысуда Марфы Рабковай, гэта было нават 15 гадоў зняволення.
Сама прэмія была заснаваная ў 1994 годзе чэшскай няўрадавай арганізацыяй. Я тады едзіла да іх — лютаваў Covid-19 і было даволі складана заехаць".
Я памятаю, што падчас уручэння для мяне было вельмі адказна прадстаўляць сваіх калегаў, атрымліваць прэмію ад іх імя. І я казала, што я мару аб тым моманце, калі мае калегі будуць на волі і я змагу іх абняць і распавесці як гэта было. І вось нарэшце мая мара здзяйсняецца — у гэтым годзе, 17 верасня 2023 года я нарэшце ўрачыста перадам Леаніду Судаленку частку гэтай прэміі і распавяду, як яно было".
17 верасня 2023 года, у другую гадавіну кампаніі, у Вільні адбудзецца сустрэча з правааабаронцам Леанідам Судаленка.
А яшчэ Наталля Сацункевіч прафесійна вывучае, як адвакатаваць з надзеяй:
"Зараз я навучаюся на праграме "Актывізацыя абароны правоў чалавека ў Еўропе". Адзін з трэнінгаў быў прысвечаны камунікацыях, заснаваных на надзеі — называецца "Hope based communication". Там ёсць пяць базавых прынцыпаў — і калі я даведалася пра гэта, яны мне падаліся добрымі, зразумелымі і рэальна прыкладнымі. Іх можна і трэба ўжываць і ў жыцці, і ў праваабарончай дзейнасці. Таму што часам бывае вельмі складана: часам я як праваабаронца кажу: "Ну гэта дрэнна, і тое дрэнна, і толькі ўсё горш становіцца" — і часам лаўлю сябе на думцы: "Так, усё дрэнна, дык выглядае так, што няма сэнсу нічога рабіць: палітвязняў не вызваляюць, умовы пагаршаюцца, катаванні не спыняюцца, дык што рабіць?" І вось гэтыя камунікацыі, заснаваныя на надзеі, дазваляюць пераводзіць гэта ў іншую плоскаць.
Напрыклад, замест таго, каб казаць пра страх, трэба казаць пра надзею, таму што надзея — гэта ключ да камунікацыі з людзьмі праз пазітыўныя эмоцыі, такія як радасць, гумар, спачуванне. І адна з задач тых, хто мяняе свет — напрыклад праваабаронцаў — гэта даваць людзям надзею, накіроўваць іх энергію, паказваць, як можна паляпшаць гэты свет. І казаць, што мы робім нешта не СУПРАЦЬ чагосьці, а ДЛЯ чагосьці. І гэтая змена парадыгмы ў тым ліку на падсвядомым узроўні натхняе, дае больш сілаў і рэсурсаў.
Яшчэ адзін пункт, на якіх базуецца камунікацыя: "Кажыце не пра праблемы, а пра іх вырашэнне". Бо людзям вельмі важна верыць таму, што існуе альтэрнатыва сённяшнім праблемам. І каб паказваць, як гэтыя змены могуць прайсці ў будучыні, што трэба знайсці мову для аўдыторыі, якая дазволіць людзям працаваць над рашэнннямі, рабіць іх больш уплывовымі і такімі, якія выкарыстоўваюцца.
Наступнае — мы пераключаемся з пагрозы на магчымасці. Замест таго, каб людзі адчувалі сябе вінаватымі ці пад рызыкай, варта даць ім шанец быць часткай чагосьці асаблівага, мець магчымасць да зменаў, да лепшага, мець магчмасць уплыву. І такія камунікацыі з людзьмі проста на эмацыйным узроўні дазваляюць ім заахвоціцца нашай справай.
І апошняе, але можа самае важнае: гэта калі мы пераключаемся з ахвяры на чалавека, на героя. Мы кажам, што чалавек не ахвяра, а ён грае галоўную ролю ў сваім жыцці, у падзеях, якія адбываюцца. Гэтыя камунікацыі раяць паказваць людзей у нашых гісторыях як штодзённых герояў. І таксама гэта дапамагае іншым людзям адчуваць роўнасць і саўдзел. І пры камунікацыях мы просім людзей праяўляць больш саліарнасці з іншымі, а не проста спачуваць. І чым больш нашыя апаненты пытаюцца падзяліць нас, тым больш нам трэба такія гучныя, кромкія, вялікія аб'ядноўчыя гісторыі.
Камунікацыі, заснаваныя на надзеі, вось пра гэта. Мяне гэта вельмі падтрымала".
Крыніца: FreeViasna. Як абараняць з надзеяй