15.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Брэсцкім абласным судзе трэцяга жніўня асудзілі Кірыла Гняздзілава паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 130 (Садзейнічанне распальванню іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 179 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Андрэй Лешчанка прызначыў Кірылу восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

kiryl-hnjazdzilau.jpg
Кірыл Гняздзілаў

Як паведамляе "Берасцейская вясна", Кірыл Гняздзілаў з 2007 года працаваў у міліцыі, адкуль звольніўся ў жніўні 2020 года і перайшоў працаваць у сферу IT.

Берасцейца затрымалі проста на мяжы, калі той вярнуўся з Польшчы наведаць жонку і дзяцей. У суседняй краіне мужчына жыў апошнія паўгады.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Справу разглядалі цягам шасці судовых пасяджэнняў. Вядома, што яна звязаная з "Чорнай кнігай Беларусі".

Кірылу прысудзілі выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды двум пацярпелым (2000 і 1000 рублёў адпаведна). Таксама былога міліцыянта пазбавілі капітанскага звання.

Крыніца: Былога міліцыянта затрымалі на мяжы па вяртанні з Польшчы і асудзілі на 8 гадоў калоніі