14.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, дыфамацыя Суд Глыбоцкага раёна 14 верасня за "абразу Лукашэнкі" прызначыў адзін год і шэсць месяцаў калоніі палітзняволенаму мясцоваму фітнес-трэнеру і бодзібілдару Аляксандру Шарабайку. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Пра гэта паведамляе "Віцебская Вясна". Прысуд вынес Андрэй Тарасевіч.  

sharabajka.jpg
Аляксандр Шарабайка. Фота з сацсетак

Аляксандра затрымалі 13 сакавіка і арыштавалі ў межах адміністрацыйнай справы на дзесяць сутак. Пасля гэтага яму выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса за "абразу Лукашэнкі".

Пасля выбараў Шарабайку некалькі разоў арыштоўвалі на суткі за ўдзел у пратэстах і за бел-чырвона-белы сцяг на доме. У ліпені 2021 яго затрымлівалі на трое сутак "па падазрэнні ў злачынстве". У чэрвені гэтага году жонку палітвязня Алену аштрафавалі на 70 базавых велічыняў (2590 беларускіх рублёў) паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Перад гэтым у доме Алены сілавікі правялі ператрус.

Крымінальную справу супраць Аляксандра разглядалі 13 і 14 верасня. Пракурор Глыбоцкага раёна Валер Дайлідзёнак запрасіў для яго паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такі тэрмін і прызначыў Андрэй Тарасевіч. 

Як піша "Віцебская Вясна", з улікам таго, што Аляксандр некалькі месяцаў утрымліваўся ў СІЗА, яму застаецца адбываць каля васьмі месяцаў.

Падтрымайце Аляксандра грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі: СІЗА-2, 210026, Віцебск, Гагарына, 2, Шарабайка Аляксандр Міхайлавіч

Крыніца: Вядомага глыбоцкага бодзібілдара асудзілі на паўтара года калоніі за "абразу Лукашэнкі"