11.09.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, умовы ўтрымання, рэпрэсіі, гісторыі вязняў 30-гадовы праграміст і бард з Барысава Анатоль Хіневіч правёў у зняволенні два з паловай гады. Суддзя Алена Жуковіч адправіла яго ў калонію нібыта за тое, што на адным з Маршаў мужчына наносіў супрацоўнікам АМАПа "ўдары лежачы", хаця за гэты ж эпізод яму ўжо прысуджалі суткі ў 2020 годзе. Пасля адбыцця пакарання Анатоль з’ехаў з Беларусі і распавёў "Вясне" пра ўмовы ўтрымання, вершы ў зняволенні і ШІЗА.

Першы раз Анатоля арыштавалі пасля Маршу ў 2020 годзе. Калі пратэстоўцы ўбачылі, што з буса выскачылі людзі ў масках і насоўваюцца на іх, то сталі ў счэпку.

«Яны крыкнулі: “Здавайцеся!” А чаму я павінен здавацца? — задумваецца Анатоль Хіневіч. — Паводле іх меркавання, я ваеннапалонны? Яны пачалі нас біць па руках і нагах – чым мы трымаліся адзін за аднаго. Мяне выдзярнулі і кудысьці панеслі. Недзе хвіліну я спрабаваў вырвацца, крычаў і клікаў на дапамогу. Потым мяне заняслі ў бус, кінулі на падлогу і сталі дапытваць. Абвінавачвалі, што я ўдарыў кагосьці па яйках, казалі, што гэта нібыта не мужчынскі ўчынак».

Пасля гэтага палітвязня чакаў звычайны для таго часу шлях: аўтазак-РАУС-Акрэсціна. На першую раніцу, калі прачнуўся ў ЦІП, ён заўважыў, што моцна збіты, усё цела ламіла.

Затрыманне па крыміналцы

Адседзеўшы 15 сутак у Жодзіна, Анатоль вярнуўся дадому, але правёў там каля трох тыдняў. 28 кастрычніка 2020 году па яго зноў прыйшлі — гэтым разам, у дом да бацькоў.

«Яны выбілі дзверы і нейкі ваенны заскочыў у пакой са стрэльбай, — узгадвае Анатоль. — Мяне паклалі на падлогу, а потым спрабавалі запісваць са мной нейкае відэа: я мусіў распавесці, што 20 верасня на тым Маршы я некага збіў. Яны вынялі тэхніку і павезлі ў Мінск — затрымліваць такога небяспечнага злачынцу па мяне ў Барысаў прыехала ажно чалавек дзесяць. У бусе мяне паставілі на калені і нацягнулі шапку, а падчас размовы білі па галаве і пагражалі, што адвязуць у лес і закапаюць. Пакуль ехалі, мая следчая Кацярына Азарко казала, што вядзе ў справе 30 такіх непаўнагадовых».

Пасля зноў былі РАУС ці Следчы камітэт, дзе Анатолю далі распісацца, што яго абвінавачваюць паводле арт. 363 Крымінальнага кодэксу. На Акрэсціна, куды яго адвезлі пасля, не хапала месцаў. Там мужчына ўбачыў палітвязня Эдуарда Пальчыса, які да гэтага месяц сядзеў у адзіночцы: Анатоль запомніў вялізныя кіпцюры на яго пальцах, бо падстрыгчы іх не было чым. Эдуард саступіў яму ложак, каб Анатоль мог крыху паспаць. Пасля гэтага Хіневіч трапіў у Жодзіна, а пасля перад самым судом — на Валадарку.

«У Жодзіна тады былі страшэнныя ўмовы, — узгадвае Анатоль. — Калі па прыездзе трапляеш у адстойнік, дзе сядзіць чалавек 20 і нічога не бачна ад дыму: праз яго таксама моцна слязяцца вочы. У камеры ўжо можна было адчыніць вакно, каб крыху падыхаць свежым паветрам. Але праз паўтара месяцы справу хутка перадалі ў суд і я апынуўся на Валадарцы, бо пасяджэнне было ў Мінску. Там было весялей: хутчэй даходзілі лісты, не было такіх жорсткіх правілаў у Жодзіна можна было нават не трымаць рукі за спіной і не глядзець у сцену, калі цябе кудысьці выводзяць. На Валадарцы я нават выпрасіў сабе медычную дапамогу: мне пракалолі курс ад запалення шыі. У санчастцы і ўпершыню пабачыў вуліцу праз вакно за ўвесь гэты час. Падчас майго сядзення ў СІЗА ладзіўся Усенародны сход. Я падбіў яшчэ пару чалавек і мы напісалі заяву ў адміністрацыю Лукашэнкі, што хочам паўдзельнічаць у ім ад імя рэпрэсаванай часткі насельніцтва. Мяркую, што нікуды прапановы не сыйшлі».

Потым адбыўся суд. Анатоль распавядае, што падчас яго, як і падчас следства, ніхто нават не спрабаваў прытрымлівацца нейкіх працэдур. Ніхто не звярнуў увагі і на тое, што Хіневіча ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за той жа эпізод, што і збіраліся судзіць паводле крымінальнай справы.

«Да таго ж па адной і той жа справе мяне судзілі па розных сведчаннях, — кажа Анатоль. — Спачатку сведка Мікіта Бельскі казаў, што я хапаўся за абмундыраванне, а падчас крымінальнай справы ў мяне ўжо з’явілася тры “ахвяры” пад выдуманымі прозвішчамі, якія крычалі, што я ім пагражаў. Яны нагадвалі школьнікаў, якія не вывучылі ўрок, спрабуюць адказваць, але блытаюцца ў сведчаннях, мяняюць падчас пасяджэнняў па некалькі разоў. Суддзя падчас пасяджэння сказала: “Пацярпелы, устаньце” – і падняўся я. Дык сказала, каб я сеў».

“Піянерскі лагер у КНР”

У выніку Анатолю прысудзілі два з паловай гады зняволення. Да этапавання ў калонію мужчына правёў яшчэ пэўны час: тут яго, як і астатніх затрыманых па пратэсных справах, паставілі на прафілактычны ўлік.

«Калі мяне прывялі на пасяджэнне камісіі, я стаў з імі лаяцца, — узгадвае Анатоль. — Маўляў, што яны акупанты, якія захапілі ўладу. За гэта мяне пасадзілі ў карцар. Гэта было ў лютым, на вуліцы стаяў страшэнны мароз, а там наадварот — жудасна горача. Усе пяць дзён я дзёргаў за нітачку, каб адчыняць-зачыняць вакно і спрабаваць балансаваць паміж «не замерзці» і «не спекчыся». Пасля мяне вярнулі ў іншую камеру. Два месяцы пасля карцару прайшлі лёгка. Адзінае — вялікія надзеі ўскладалі на 25 сакавіка. Думалі, пасля акцый хутка ўсе выйдзем».

У красавіку 2021 году Анатоля этапавалі ў папраўчую калонію №3 — “Віцьбу”. Мужчына ўзгадвае, што калі везлі з СІЗА у віцебскім напрамку, хваляваўся, каб не трапіць у наваполацкую ПК-1: пра яе зняволеным у СІЗА казалі жахі. Маўляў, альбо заб’юць, альбо саб’юць, альбо самім можна загнуцца праз умовы працы.

«Калонія адразу нагадала піянерскі лагер у КНР, — успамінае Хіневіч. — Усе ходзяць строем, нехта стрыжэ газон. Яшчэ на каранціне ўпершыню за пяць месяцаў я ўбачыў неба і зоркі — і заліп у захапленні. Я адразу трапіў у штрафны атрад, які першапачаткова рабілі для людзей, якія сядзелі па арт. 328. Потым сталі кідаць розных, але ён так і застаўся самым кепскім па ўмовах, ім пужаюць людзей.

Там жа самая кепская праца: разборка металу. Я адразу пачаў грукацца ва ўсе інстанцыі, што не магу працаваць там па стане здароўя: мяне не чулі. Тады на першым тэлефанаванні дадому сказаў маці, каб пісала скаргу. Пасля гэтага аператыўнік, які праслухоўвае размовы, пагражаў мне за гэта, але калі я працягнуў адстойваць пазіцыю, сказаў, што дамовіцца пра перавод на швейную вытворчасць, толькі б маці не пісала скаргі. І сапраўды: праз месяц мяне перавялі ў іншы атрад і я стаў працаваць у швейным цэху. Там ёсць службовая брыгада, якая атрымлівае пэўны заробак — да 100 рублёў. А ёсць мы — падсобныя працаўнікі: падай-прынясі, абрэж ніткі, расчарці нешта мелам на загатоўкі. Тупая праца, якая не патрабуе падрыхтоўкі. Але потым высвятлілася, што па дакументацыі мы нібыта праходзілі па паперах навучанне ў ПТУ і па выхадзе з калоніі мне далі дыплом, дзе пазначана, што я швея-матарыстка. А я ні дня не шыў! Быў нават перыяд, калі ўсіх не маглі забяспечыць працай. З аднаго боку, не так дрэнна, але з іншага гэта катаванне беспрацоўем. Калі нажніцы ў руках, нешта калупаешся сабе — і час ідзе хутчэй. А так ходзіш і робіш выгляд, што вельмі заняты, каб не склалі парушэнне.

На швейнай вытворчасці хутка садзіцца зрок, бо не хапае асвятлення. Асабліва на другой змене, калі людзі працуюць да дзясятай вечара. Да таго ж, дыхаеш швейным пылам. Але самыя брудныя памяшканні — на працы з металам, гэта зусім небяспечна для здароўя».

hivevich_1.jpg
Дыплом, які атрымаў Анатоль
hivevich_2.jpg
Заробак Анатоля

Анатоль узгадвае, што да кожнага палітвязня, які пастаўлены на прафулік, прымацаваны свой куратар, які адказны за паводзіны чалавека. У Хіневіча гэта быў зампаліт калоніі Канстанцін Ігнатоўскі.

«Астатнія палітвязні амаль не бачылі сваіх куратараў, — кажа ён. — А мой быў ідэйны і ўпарты. Перыядычна выклікаў мяне на размовы, праводзіў палітінфармацыю. Пытаўся, што пішуць з дому, — я адказваў, што ён і так лепш ведае, бо мне аддаюць не ўсе лісты. Былі пытанні і наконт стаўлення да вайны і ўсё такое: у пэўны момант я сказаў, што ў мэтах асабістай бяспекі не буду працягваць гэтыя размовы. Калі даведаўся, што пішу вершы, папрасіў напісаць для газеты калоніі — «Трудовой путь». Я сачыніў у ШІЗА верш да Дня маці, але яго так і не апублікавалі. Наогул падчас зняволення я пачаў эксперыментаваць з формай, па-іншаму рыфмаваць радкі. Калі падчас содняў ці ШІЗА хацелася пісаць, а не было на чым, выкарыстоўваў для гэтага туалетную паперу. Таксама ўдалося працягнуць у ШІЗА стрыжань ад асадкі і дзюбку ад алоўка».

Гадзіннік не спыніць

Стрэлы ўзлятаюць высока ў нябёсы,да зорак імкнуцца ўпарта і моцнапакуль мая мара напілась і спіць,гляджу ім услед: іх не спыніць.

Стрэлы загінулі недзе ў атмасферы,але агенчык я бачу і веру.Яны ўваскрэснуць, яны будуць жыць –стагоддзяў жывы механізм не спыніць.

Стрэлы ўпарта крочаць наперад –ім так патрэбна, без сэнсу і мэтыпавінны секунды, хвіліны лічыць –гадзіннік ідзе і яго не спыніць.

Стрэлы праз сэрца крочаць навыхад,гадзіннік ідзе, дазваляе нам дыхацьі нельга спыніцца, наш час на карысць,наш час надыходзіць, яго не спыніць.

10-12.02.2021

Гэты верш Анатоль напісаў у самы складаны час выпрабаванняў. У Жодзіна, у камеры 205, былі моцныя маразы, праблема з вакном, яно не зачынялася да канца, не хапала месцаў. Уначы мужчына не спаў, маляваў, удзень спаць таксама не вельмі атрымлівалася, бо былі вобшукі і іншыя мерапрыемствы. У выніку катарсісам гэтага ўсяго стала змяшчэнне ў карцар.

hivevich.jpg
Сяброўка Анатоля вышыла ягоны верш

Падчас зняволення творчасць Анатоля публікавалі беларускія і сусветныя медыя праекты, мужчына адзначае, што для яго было важна ведаць, што на волі пра яго ведаюць не толькі як пра сядзельца, але і як пра творчую асобу. 

«Я не ведаю, ці пераследавалі мяне ў калоніі за ўзгадванні ў СМІ, ці за нешта іншае, — кажа ён. — Я тройчы сядзеў у ШІЗА, але праз гэта праходзяць усе рэпрэсаваныя па палітычных артыкулах. Усіх адразу пасадзіць у ШІЗА бракуе рэсурсаў, таму яны складаюць сабе ўмоўную чаргу. Там усё адно, ці публікуюць пра цябе нешта: усё адно трапіш у ШІЗА проста праз тое, што ты палітычны, за гэта на цябе ідзе паляванне. Я б сказаў, што непрызнаных палітвязнямі затрыманых пратэстоўцаў у калоніі не менш за траціну, стаўленне да цябе не змяняецца пасля “афіцыйнага” прызнання палітвязнем: ім важны факт палітычнага артыкулу.  Наогул там ствараецца атмасфера паранойі, каб людзі не давяралі нікому і асабліва — палітычным, шугаліся свайго ценю. Увесь 2021 год я яшчэ верыў у перамогу, але калі ў калонію сталі трапляць людзі, якіх затрымалі пасля мяне, то па іх расповедах я зразумеў, што супраціву 2020-га ўжо няма. Вядома, прыйшло расчараванне: нібыта гэта ўжо нікому і не патрэбна. Узрушаны настрой быў яшчэ хіба пасля пачатку вайны, але потым зразумелі, што ўсіх зноў забілі пад венік і ўсё вярнулася ў звычайны стан».

hivevich_4.jpg
Аўтапартрэт, які Анатоль Хіневіч намаляваў у калоніі з люстэрка

Цяпер Анатоль легалізуецца ў іншай краіне. На пытанне, ці змяніў бы нешта ў сваім жыцці, калі б ведаў, да чаго гэта прывядзе, адказвае адмоўна. Кажа, характар не дазволіў бы застацца ў баку.

«Чаму я мушу неандэртальцам-вайскоўцам аддаваць уладу ў маёй краіне, на якую я паклаў столькі год свайго жыцця? — задаецца пытаннем ён. — Я не збіраўся і з’язджаць, але выйшаў і зразумеў, што супраціў застаўся выключна партызанскі і падпольны, а гэта не для мяне. Да таго ж, я разумею, што цяпер маёй Беларусі няма – мне няма куды вяртацца».

Крыніца: Палітвязень Анатоль Хіневіч: "У калоніі на цябе ідзе паляванне, проста таму што ты палітычны"