11.09.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-11 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі ў Гродне затрымалі айцішніка

Праўладныя тэлеграм-каналы 10 верасня паведамілі, што затрыманы "рассылаў па чатах метадычкі па здзяйсненні дыверсій і тэрарыстычных актаў, а яшчэ вельмі негатыўна выказваўся на адрас расійскіх вайскоўцаў".

Сілавікі затрымалі жыхара Слоніма за каментары ў Telegram

Праўладныя тэлеграм-каналы 10 верасня напісалі, што мужчына нібыта абражаў супрацоўнікаў міліцыі і прадстаўнікоў улады, пісаў негатыўныя каментары пра расійскіх вайскоўцаў, а таксама абяцаў знайсці суддзю, якая ў 2020-ым годзе прызначыла яму 15 сутак арышту.

Слесара з Мёрскага раёна арыштавалі на пяць сутак за "распаўсюд экстрэмізму"

Справу Сяргея Мацюка, слесара ААТ "Узмёнскі край", разбірала старшыня Мёрскага раённага суда Ірына Яскевіч. 1 верасня яна прысудзіла мужчыну пяць сутак арышту паводле ч. 2 арт 19.11 КаАП за дзве публікацыі ў Telegram, якія адсачылі супрацоўнікі абласнога ГУБАЗіК.

Паводле пратаколаў, якія сталі асноўным доказам у судзе, Сяргей змясціў у Telegram рэпосты з двух інтэрнэт-рэсурсаў, інфармацыйная прадукцыя якіх прызнаная «экстрэмісцкай». Падсудны не аспрэчваў таго факту, што старонка ў Тelegram, дзе з“явіліся публікацыі, належыць яму асабіста, і рэпосты рабіў ён.

З улікам гэтага прызнання і таго, што раней да адміністрацыйнай адказнасці Мацюка не прыцягвалі, Ірына Яскевіч пастанавіла пакараць Сяргея арыштам на пяць сутак, піша "Віцебская Вясна".

ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які тры гады таму нібыта перашкаджаў затрыманню Сцяпана Латыпава

Пра гэта 10 верасня паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

На "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што працуе дырэктарам, яго прымушаюць назваць свой заробак.

На "Паліміры" ў Наваполацку прайшлі масавыя затрыманні

Сілавікі прыязджалі на аўтазаку, паведамляе @naftanFREE.

Супрацоўнікаў праектна-канструктарскай службы забіралі проста з працоўных месцаў. На наступны дзень прынамсі некалькі чалавек на працу не выйшлі. Сярод затрыманых не толькі супрацоўнікі службы ПКС, але і іншых аддзелаў.

Жыхарку Магілёва затрымалі за БЧБ-манікюр — прапагандысты знялі пра гэта цэлы рэпартаж

Як паведамілі прапагандысты 8 верасня, уладальніцу салона прыгажосці ў Магілёве затрымалі і аштрафавалі на 3700 рублёў за манікюр з «забароненай сімволікай».

Сілавікі спрабавалі зняць з жанчынай "пакаяльнае" відэа, але затрыманая адмовілася з імі размаўляць і нават глядзець у камеру. Пазней яе абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

80-гадовага краязнаўцу, які перажыў нацысцкі канцлагер, будуць судзіць за "распаўсюд экстрэмізму" 

Антон Бубала. Фота з сацсетак
Антон Бубала. Фота з сацсетак

У бліжэйшы час у судзе Верхнядзвінскага раёна пройдуць слуханні ў дачыненні да чацвярых чалавек. Усім ім прад'явілі ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), піша @vitebsk_info.

Сярод іх старшы навуковы супрацоўнік мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея і ганаровы грамадзянін Верхнядзвінска Антон Бубала. У канцы студзеня яго ўжо аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (740 рублёў) па тым жа артыкуле нібыта за публікацыю "экстрэмісцкіх матэрыялаў" у Facebook.

У маленстве Антон Францавіч перажыў з сям'ёй канцлагер.

Бацьку палітзняволенага Мікіты Залатарова асудзілі трэці раз запар 

8 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбыўся трэці суд над гамельчуком Міхаілам Лапуновым. Яго судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), піша "Гомельская Вясна". Кіравала судовым працэсам суддзя Осіпава Алеся Уладзіміраўна. Вырак суду, на жаль, пакуль не вядомы. Раней Міхаілу прызначылі 30 сутак арышту.

Сын Міхаіла – Мікіта – адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. На той момант 16-гадовага Мікіту, хворага на эпілепсію, абвінавацілі ажно па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Пазней на хлопца завялі яшчэ адну крымінальную справу — за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў яго родным. Агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.

Крыніца: Хроніка пераследу 9-11 верасня Дапоўнена