07.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, аналітыка Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў жніўні фіксаваў працяг устойлівай тэндэнцыі крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах. За мінулы месяц прыблізная колькасць чалавек, якія маглі быць рэпрэсаванымі судовай сістэмай у крымінальным парадку складае каля 156 чалавек. У рэгіянальным разрэзе дадзеныя лічбы выглядаюць наступным чынам: Мінск – 96, Гомельская вобласць – 12, Брэсцкая вобласць – 22, Гродзенская вобласць – 6, Мінская вобласць – 9, Магілёўская вобласць – 6, Віцебская вобласць – 5.

Арцём Лябедзька ў судзе. Фота: sb.by
Арцём Лябедзька ў судзе. Фота: sb.by

Праваабаронцам вядома пра не менш чым 60 асуджаных у крымінальным парадку ў жніўні грамадзян, з якіх 42 складаюць мужчыны, 18 – жанчыны. Паводле вядомых праваабаронцам прысудаў у жніўні суды ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 45% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія") ужывалася ў 50% выпадках асуджэння грамадзян. Арышт прымяняўся ў 5% выпадкаў асуджэння фігурантаў пратэсных спраў.

Такім чынам, у жніўні пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе "хатняй хіміі" і арышту суды ўжывалі ў 100% вядомых "Вясне" выпадках асуджэння фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў.

Завочныя суды

На працягу жніўня ў парадку спецыяльнага (завочнага) судаводства асуджаныя чатыры фігуранты справы аб нападзе на супрацоўнікаў пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі і пашкоджанні будынка дыпламатычнай місіі. Фігурантам справы прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі: Вадзіму Багаўкову і Максіму Зуеву на тэрмін 10 гадоў, Сяргею Рабушку і Аляксандру Напрэенку – 8 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Ад 8 да 10 гадоў калоніі завочна. Па справе аб нападзе на амбасаду Беларусі ў Лондане вынесены прысуд

У Мінскім гарадскім судзе 30 жніўня абвясцілі прысуд па справе аб нападзе на амбасаду Беларусі ў Лондане 19 снежня 2021 года.

Узмацненне жорсткасці пакарання па пракурорскім пратэсце

8 жніўня паводле апеляцыйнага пратэсту пракуратуры Вярхоўны суд замяніў пакаранне, вынесенае Гомельскім абласным судом, Глебу Вятошкіну з 5 гадоў хатняй хіміі на паўтара года пазбаўлення волі. Вядома, што пракуратура прасіла пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі.

Гучныя крымінальныя справы

Жнівень запомніўся шэрагам знакавых крымінальных працэсаў, якія прадстаўляюць шырокі грамадскі рэзананс. 24 жніўня Мінскі гарадскі суд прысудзіў Арцёму Лябедзьку тры з паловай гады пазбаўлення волі паводле артыкула аб фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання за пералічэнне грашовых сродкаў на адрас ініцыятыў, якія ўзніклі на хвалі масавых пратэстаў у жніўні 2020 года і абвешчаных беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі, – «By_help», «Фонд салідарнасці BYSOL/Belarus solidarity foundation» і «Беларускі фонд спартовай салідарнасці». Дадзены акт рэпрэсіі можна расцэньваць і як абмежаванне свабоды выказвання меркавання беларускага палітычнага дзеяча ў вымушанай эміграцыі Анатоля Лябедзькі, паколькі асуджаны з'яўляецца яго сынам. Пераслед у судовым парадку беларусаў за данаты і ахвяраванні на адрас нефармальных аб'яднанняў і ініцыятыў носіць выбарчы характар, паколькі органы Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК і Камітэта дзяржаўнай бяспекі ў прымусовым парадку прапаноўвалі грамадзянам пералічыць грашовыя сродкі на рахунак дзяржаўных устаноў наўзамен на спыненне крымінальнага пераследу ў больш чым дзесяціразовым памеры ад сумы даната.

Арцёма Лябедзьку асудзілі да 3,5 гадоў калоніі за данаты ў тры фонды салідарнасці

У Мінскім гарадскім судзе 24 жніўня палітвязню Арцёму Лябедзьку, сыну палітыка Анатоля Лябедзькі, прызначылі тры гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

31 жніўня Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме вынес прысуд вядомай журналістцы Ларысе Шчыраковай у выглядзе трох з паловай гадоў пазбаўлення волі па артыкулах аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Прадметам судовага разбору з'яўлялася размяшчэнне матэрыялаў "з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь», а таксама «збор, стварэнне, апрацоўка, захоўванне і перадача аўдыё -, відэа -, фота - і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат» – інфармацыі, якая змяшчаецца ў адкрытых крыніцах і не абмежаванай да распаўсюджвання. Такім чынам, Ларыса Шчыракова рэпрэсаваная за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў.

Ларысу Шчыракову асудзілі за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і дыскрэдытацыю Беларусі

У Гомельскім абласным судзе 31 жніўня вынесены жорсткі прысуд журналістцы і культурнай дзяячцы Ларысе Шчыраковай.

 28 жніўня ў судзе Полацка і Полацкага раёна пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да жыхара Расонскага раёна Мікалая Машарскага па артыкулах, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу прэзідэнта і неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Артыкул 342-2 Крымінальнага кодэкса ўвёў крымінальную адказнасць за неаднаразовае парушэнне парадку або арганізацыі правядзення масавых мерапрыемстваў, калі асоба двойчы на працягу аднаго года падвяргалася адміністрацыйнаму спагнанню за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных артыкулам 24.23 КаАП, і на працягу года пасля накладання другога адміністрацыйнага спагнання за такія дзеянні зноў парушыла парадак арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Канструкцыя аб'ектыўнага боку складу злачынства, прадугледжанага арт. 342-2 КК, дазваляе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за некалькі ілюстрацый у сацыяльных сетках, якія ўладамі могуць быць расцэненыя як парушэнне парадку або арганізацыі правядзення масавых мерапрыемстваў альбо публічныя заклікі да іх правядзення. Праваабаронцам вядома пра, як мінімум, трох грамадзян, якія былі рэпрэсаваныя па дадзеным артыкуле. Судовае разбіральніцтва ў дачыненні да Мікалая Машарскага працягнецца ў верасні.

У Полацку Мікалая Машарскага судзяць за "неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў"

У зняволенні Мікалая ўтрымліваюць два з паловай месяцы.

Мінімум шэсць сем'яў асудзілі за ўдзел у пратэстах

У жніўні ў Менску пад судовы пераслед па палітычных матывах у крымінальным парадку трапілі не менш за шэсць сем'яў за ўдзел у пратэстах: Алеся і Аляксандр Сушко асуджаныя да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Да такога ж пакарання асуджаныя Юлія і Сяргей Тарасевіч, да двух з паловай гадоў хатняй хіміі прысудзілі Сяргея і Алену Чабатар, а таксама Сяргея і Аксану Ясючэню і Сяргея і Таццяну Дзешыц. Вынікі судовага разбору ў дачыненні да Анатоля і Іваны Багавік, Паўла і Анжалікі Юркевіч, Уладзіміра і Дар'і Траян высвятляюцца праваабаронцамі.

Апазналі па відэа з дзіцём на руках. Экс-следчага і ягоную жонку асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту

Пасля абвяшчэння прысуду Аляксандра вызвалілі ў зале суда пасля амаль чатырох з паловай месяцаў зняволення.

Новыя суды над ужо асуджанымі палітвязнямі

Па-ранейшаму захоўваецца тэндэнцыя паўторнага і наступнага асуджэння грамадзян па палітычных матывах. Так, судом Камянецкага раёна ў жніўні асуджаны Елісей Кузняцоў на два з паловай гады пазбаўлення волі за здзек з дзяржаўнага сцяга. У лістападзе 2020 года ён ужо асуджаўся па артыкулах аб незаконных дзеяннях у дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў і аб пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі да двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. 11 жніўня Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме асудзіў на сем гадоў пазбаўлення волі Аляксея Кудасава, абвінаваціўшы яго ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, кіраванні такім фармаваннем, здзейсненым паўторна. Раней палітвязень у красавіку 2022 года быў асуджаны Мінскім гарадскім судом да адзінаццаці гадоў пазбаўлення волі па артыкулах аб наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб; аб падрыхтоўцы да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай; аб арганізацыі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўніка ўлады, што пацягнулі парушэнне працы транспарту і прадпрыемства; аб кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем і аб публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Шляхам частковага складання з пакараннем, прызначаным па папярэднім прысудзе, канчаткова Аляксею Кудасаву прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзінаццаць гадоў і шэсць месяцаў. У жніўні праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра тое, што ў дачыненні да асуджанага да сямі гадоў пазбаўлення волі Васіля Дземідовіча суд Нясвіжскага раёна будзе разглядаць шостую крымінальную справу паводле артыкула аб абразе прадстаўніка ўлады за каментары ў інтэрнэце, якія палітычны зняволены пакідаў пасля падзей жніўня 2020 года.

Васіля Дземідовіча будуць судзіць ужо ў шосты раз

"Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра крымінальны пераслед пенсіянера з Нясвіжа.

Дом культуры і не толькі. Выязныя суды

За мінулы месяц не зафіксавана ніводнага выпадку апублікавання ў электронным раскладзе на сайце Вярхоўнага суда спраў пратэснай накіраванасці пасля пачатку іх разгляду судом, за ліпень такіх выпадкаў было зафіксавана восем: у Мінску, Жлобіне, Гродне і Расонах. Разам з тым, электронны расклад шэрагу спраў не ўтрымліваў інфармацыі аб тым, што крымінальная справа будзе разгледжана ў парадку выязнога судовага разбору. У жніўні ў парадку выязнога пасяджэння без указання на тое ў сістэме электроннага раскладу разглядалася справа ў Камянцы ў дачыненні да Уладзіміра Прылуцкага па абвінавачванні ў наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць для эксплуатацыі стан чыгуначных шляхоў і сродкаў сігналізацыі. У Доме культуры аграгарадка Войская Камянецкага раёна разглядалася крымінальная справа ў дачыненні да Захара Сінякова і Елісея Кузняцова па абвінавачванні ў здзеку з дзяржаўнага сцяга, у Мінску Сяргея Фірстава – па абвінавачванні ў здзеку з дзяржаўнага сцяга і Андрэя Мішурына – па абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх.

За ліпень судамі ў крымінальным парадку рэпрэсавана не менш за 52 чалавекі

Праваабаронцам вядома пра не менш як пра 52 асуджаных у крымінальным парадку грамадзян, з якіх 37 складаюць мужчыны, 15 – жанчыны.

Крыніца: У жніўні па крымінальных артыкулах асуджана не менш за 60 чалавек па палітычных матывах