05.09.2023 Тэгі: салідарнасць, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, справа Вясны Дацкі інстытут супраць катаванняў "DIGNITY" 5 верасня выступіў з іншымі арганізацыямі з сумеснай заявай, у якой заклікае беларускія ўлады адмяніць рашэнне аб прызнанні "Вясны" "экстрэмісцкім фармаваннем". Акрамя гэтага, патрабуецца неадкладнае і безумоўнае вызваленне ўсіх палітвязняў Беларусі, уключна з пяццю праваабаронцамі "Вясны", а таксама захаванне сваіх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека. "DIGNITY" у сумеснай заяве таксама заклікаў далучыцца да гэтых патрабаванняў міжнародную супольнасць.

Ілюстрацыйнае фота svaboda.org
Ілюстрацыйнае фота: svaboda.org

Дацкі інстытут супраць катаванняў звяртае ўвагу ў заяве, што дзякуючы працы "Вясны" былі задакументаваныя шматлікія парушэнні правоў чалавека і міжнародныя злачынствы, у тым ліку прымяненне катаванняў і жорсткага абыходжання ў месцах зняволення.

"Мы асуджаем неабгрунтаванае прылічэнне "Вясны" да "экстрэмісцкіх фармаванняў". Гэта дзеянне ўяўляе сабой не толькі атаку на вядомую праваабарончую арганізацыю і зусім супрацьзаконную спробу перашкодзіць яе дзейнасці — яшчэ яно адлюстроўвае больш шырокую атаку ўрада на беларускую праваабарончую супольнасць і яго імкненне да падсправаздачнасці і вяршэнства права. Мы нагадваем, што пяцёра членаў "Вясны" ўсё яшчэ затрыманыя і заключаны ў турму па палітычна матываваных абвінавачваннях: Алесь Бяляцкі, старшыня і лаўрэат Нобелеўскай прэміі; Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні; Уладзь Лабковіч; Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк", — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца, што ў выніку новага рашэння здольнасць Праваабарончага цэнтра працягваць дакументаваць парушэнні правоў чалавека, якія здзяйсняюцца ў Беларусі, будзе істотна абмежаваная, паколькі любы, хто супрацоўнічае з імі, цяпер пад рызыкай крымінальнага пераследу.

Дацкі інстытут супраць катаванняў заклікае беларускія ўлады адмяніць рашэнне аб прызнанні "Вясны" і ўсіх яе аддзяленняў "экстрэмісцкім фармаваннем"; неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных і іншых асоб, затрыманых па палітычна матываваных абвінавачваннях у Беларусі, уключна з "вясноўцамі"; выконваць свае абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, асабліва правы на жыццё, свабоды ад катаванняў і жорсткага абыходжання, у тым ліку сексуальны і гендарны гвалт, правы на справядлівае судовае разбіральніцтва і свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый.

Акрамя гэтага, інстытут заклікае далучыцца да гэтых патрабаванняў міжнародную супольнасць, і ў прыватнасці Еўрапейскі Саюз і яго дзяржавы-чальцы, а таксама Злучаныя Штаты і Злучанае Каралеўства, настойліва заклікаць Беларусь.

Заяву таксама падпісалі REDRESS, Еўрапейскі цэнтр па канстытуцыйных правах і правах чалавека (ECCHR), Міжнародны савет па рэабілітацыі ахвяр катаванняў (IRCT), Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Крыніца: "Мы асуджаем прылічэнне "Вясны" да "экстрэмісцкіх фармаванняў". Дацкі інстытут супраць катаванняў выступіў з сумеснай заявай