05.09.2023 Тэгі: правы чалавека Паводле стану на 31 жніўня 2023 года ў Беларусі налічвалася 1 496 палітычных зняволеных. Агульная колькасць чалавек, прызнаных палітычнымі зняволенымі з траўня 2020 года, уключаючы тых, хто былі вызвалены, складае амаль 2500 чалавек. Агулам са жніўня 2020 года, згодна з наяўнымі дадзенымі, не меней за 4 898 чалавек сутыкнулася з палітычна матываваным крымінальным пераследам і не менш за 3 763 чалавекі былі асуджаныя паводле палітычна матываваных крымінальных справах.

Высновы:

  • глыбокі крызіс правоў чалавека па-ранейшаму вызначае стан рэчаў у Беларусі; рэпрэсіўная палітыка ўладаў уключае адвольныя арышты, асуджэнне, катаванні і іншыя віды забароненага абыходжання ў дачыненні да палітычных супернікаў рэжыму і іншадумцаў;
  • на канец жніўня 2023 года ў Беларусі ў месцах зняволення знаходзілася 1 496 палітзняволеных, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 69 чалавек; акрамя таго, каля 1 000 палітвязняў з 2020 года вызвалены ў сувязі з адбываннем тэрміна пакарання, зменай меры стрымання, прызначэннем у судзе пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі ці ў сувязі з памілаваннем;
  • сябры ПЦ "Вясна", асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях: старшыня арганізацыі і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк;
  • праваабаронца Наста Лойка асуджаная да сямі гадоў пазбаўлення волі паводле адвольных палітычна матываваных абвінавачванняў і знаходзіцца ў следчым ізалятары ў чаканні апеляцыйнага перагляду прысуду;
  • працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у жніўні "Вясне" стала вядома пра не менш як 350 выпадкаў затрыманняў і іншых адміністрацыйных рэпрэсій, у тым ліку 114 — у дачыненні да жанчын. Самая вялікая колькасць вядомых выпадкаў — у Гомельскай вобласці (111);
  • праваабаронцы "Вясны" па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць і дакументуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе;
  • беларускія ўлады прызналі ПЦ "Вясна" экстрэмісцкім фармаваннем, гэта пагражае праваабаронцам крымінальным пераследам;
  • вядомыя апазіцыйныя партыі — Партыя БНФ і Аб'яднаная грамадзянская партыя — ліквідаваныя Вярхоўным судом без права на апеляцыю.

Палітычныя зняволеныя. Пераслед праваабаронцаў

За жнівень праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі 69 чалавек.

На пачатку жніўня "Вясна" падзялілася гісторыямі палітзняволеных падлеткаў, якія апынуліся ў месцах зняволення. Паводле стану на канец жніўня 2023 года ў краіне налічваецца 11 палітвязняў, якія сталі такімі непаўналетнімі, некаторым з іх усё яшчэ не споўнілася васямнаццаць гадоў: Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Дзяніс Хазей, Аляксандр Вінярскі, Павел Піскун, Алег Дабрыднёў, Арцём Вайцяховіч, Мікіта Бруй.

У жніўні ўлады працягнулі замяняць умовы зняволення палітвязняў на больш цяжкія.

Палітычнага зняволенага і актывіста анархічнага руху Дзмітрыя Дубоўскага перавялі на турэмны рэжым.

На палітвязня Андрэя Сачэўку таксама аказвае ціск адміністрацыя калоніі. Яго адправілі ў памяшканне камернага тыпу на два месяцы прыкладна на пачатку жніўня. Да гэтага Сачэўку пратрымалі на працягу 23 сутак у ШІЗА. Яшчэ тады палітзняволенаму заявілі, што яго адправяць у памяшканне камернага тыпу за "няправільныя погляды".

Паведамляецца, што на палітвязня Сцяпана Латыпава у турме яшчэ больш узмацнілі ціск з прычыны публічнай увагі. Цяпер палітвязня утрымліваюць у адзіночнай камеры. Лісты яму даходзяць толькі ад сям'і.

Некаторым палітвязням, асуджаным на вялікія тэрміны, дадаюць новыя крымінальныя абвінавачванні. Так, палітзняволенага Аляксея Кудасава, якому прызначылі 11 гадоў калоніі, асудзілі паводле новай крымінальнай справы. Цяпер яго судзілі згодна з ч. 2 арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, здзейсненае паўторна). Працэс адбываўся у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя. Увесну 2022 года палітвязня ўжо асудзілі да 11 гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за стварэнне Telegram-канала "Каскад". Аляксей ужо больш за год адбываў тэрмін у калоніі.

Палітзняволеная Паліна Шаренда-Панасюк зазнае пераслед згодна з арт. 411 КК ужо пасля адбывання пакарання ў калоніі; на перыяд следства яе змясцілі ў СІЗА, дзе яна вымушана дамагацца выканання сваіх правоў з дапамогай галадоўкі.

Наогул не менш за 28 палітвязняў адвольна асуджаныя да дадатковых тэрмінаў пазбаўлення волі паводле арт. 411 КК.

Вячаслаў Маляйчук быў асуджаны да 22 гадоў пазбаўлення волі паводле сумнеўных абвінавачванняў у арганізацыі актаў тэрарызму. Яго накіравалі адбываць тэрмін пакарання ў ваўкавыскую папраўчую калонію № 11. Сёлета 10 лютага палітвязня судзілі паводле арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі", пасля чаго перавялі ў папраўчую калонію № 9 у г. Горкі. Цяпер стала вядома, што 23 жніўня ў Горках супраць Вячаслава зноў было разгледжана справа згодна з ч. 2 арт. 411 КК. Працэс была прызначана весці суддзя Алена Вараб'ёва.

Юрысты ПЦ "Вясна" звярнуліся да спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з тым, што ўлады злоўжываюць магчымасцямі асуджэння паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса. Юрысты мяркуюць, што гэты артыкул трэба выключыць з КК, бо прыцягненне да адказнасці паводле яго парушае права чалавека на асабістую свабоду і права не быць асуджаным ці пакараным двойчы.

Па-ранейшаму няма дакладных звестак пра лёс вядомых апазіцыйных палітыкаў, якіх улады ўтрымліваюць у строгай ізаляцыі, у сувязі з чым ад іх не паступае карэспандэнцыя, яны пазбаўлены права на тэлефонныя перамовы і спатканні, у тым ліку спатканні з адвакатамі, у родных няма звестак пра стан іх здароўя: гаворка пра Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку. Іх і некаторых іншых палітвязняў працягла — на працягу некалькіх месяцаў — утрымліваюць інкамунікада. Таксама практычна ўсе палітвязні істотна абмежаваныя ў ліставанні і спатканнях са сваякамі і адвакатамі.

Палітычны пераслед палітвязняў працягваецца і пасля вызвалення. Гэта ў чарговы раз паказвае шырокамаштабнасць і бесперапыннасць палітычных рэпрэсій у мэтах задушэння іншадумства.

Таксама палітвязням па-ранейшаму прызначаюць новыя тэрміны зняволення згодна з артыкулам 411 КК за парушэнне рэжыму ў месцах зняволення і ўжываюць у дачыненні да іх іншыя формы ціску.

У калоніях знаходзяцца праваабаронцы "Вясны", адвольна асуджаныя да пазбаўлення волі паводле палітычных матываў: старшыня арганізацыі і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч, юрыст і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў

Па-ранейшаму распаўсюджанай застаецца практыка крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу ўдзельнікаў мірных акцый. Працягваецца выяўленне і пераслед удзельнікаў пратэстаў 2020 года. "Вясна" падсумавала вынікі крымінальнага пераследу, пачынаючы з лета 2020 года.

У судзе Жлобінскага раёна 4 жніўня разгледзелі крымінальную справу Дар'і Караблінай, якую абвінавачвалі згодна з ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыі пратэсту, што адбылася ў горадзе 9 жніўня 2020 года. Справу разглядала суддзя Святлана Рубахава. Прысуд — абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў.

Для таго, каб панесці адвольнае пакаранне, дастаткова толькі заклікаў да ўдзелу ў пратэстах: Аляксея Мілеўскага затрымалі 3 траўня і паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд "экстрэмісцкай" прадукцыі) пакаралі 15-сутачным арыштам, пасля якога мужчына на волю не выйшаў, бо быў перазатрыманы. Супраць палітвязня пасля распачалі крымінальную справу згодна з ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за каментары, якія ён пакідаў у інтэрнэце яшчэ ў 2020 годзе. Другога жніўня суддзя суда Савецкага раёна Гомеля Андрэй Папраўкін пакараў Аляксея годам зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Судамі выносяцца жорсткія прысуды за выказванні ў дачыненні да прадстаўнікоў улады: 7 жніўня ў судзе Гродзенскага раёна вынесены прысуд Аляксандру Бірэту. Суддзя Віталь Сініла прызначыў яму два гады пазбаўлення волі ў калоніі. У працэсе фігуравала шэсць эпізодаў, паводле якіх Бірэту абвінавацілі згодна з чатырма артыкуламі Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 188 (Паклёп). Суддзя Наталля Козел прызначыла палітвязню два гады пазбаўлення свабоды ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, штраф 100 базавых велічыняў (3 700 рублёў) і кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым у памеры 4 500 рублёў.

Суд Брэсцкага раёна 8 і 9 жніўня разглядаў крымінальную справу Міхаіла Літвака. Мужчыну абвінавачвалі згодна з арт. 369 КК у публічнай абразе прадстаўніка ўлады. Ад 19 чэрвеня 2023 года Літвак знаходзіцца пад вартай. Палітзняволенага абвінавацілі ў тым, што 9 жніўня 2021 года ў Telegram-чаце "Рэальная Беларусь Чат" ён пакінуў паведамленне, якое прызналі публічнай абразай камандзіра ўзвода АМАПа Валянціна Пашкевіча, а менавіта выкарыстаў слова "дэбіл". Нягледзячы на тое, што Літвак мае дваіх непаўнагадовых дзяцей, суддзя Сяргей Маручак прызначыў яму год калоніі агульнага рэжыму са штрафам.

Гомельскі абласны суд 14 жніўня пачаў разгляд у закрытым судовым пасяджэнні крымінальнай справы Пятра Старацітарава, які абвінавачваецца згодна з шэрагам "пратэсных" артыкулаў: паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі); ч. 1 арт. 367 (Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі); ч. 3 арт. 361 (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы).

Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 16 жніўня вынес прысуд Андрэю Халупку, абвінавачанаму ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Суддзя — Вікторыя Пакунова. Андрэя Халупку абвінавацілі ў тым, што ён з дапамогай мабільнага тэлефона ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" ў 2020, 2021 і 2023 годзе паставіў чатыры лайкі пад карыкатурнымі выявамі Аляксандра Лукашэнкі, на якіх той быў паказаны ў выглядзе клоўна, малпы, а таксама разам з Уладзімірам Пуціным у катлаване. Прысуд — пазбаўленне волі ў калоніі тэрмінам на адзін год.

Пераследуюцца і іншыя формы выказвання меркавання: суд Камянецкага раёна 1 жніўня асудзіў двух палітвязняў да пазбаўлення волі за тры сарваныя сцягі. Згодна з арт. 370 Крымінальнага кодэкса (Знявага дзяржаўных сімвалаў) 18-гадоваму Захару Сінякову прызначылі паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а 19-гадоваму Елісею Кузняцову — два з паловай гады. Такі прысуд вынесла суддзя Галіна Прыхожка.

Дзяржаўнае абвінавачванне настойвае на непрапарцыйна жорсткім пакаранні за выказванне меркаванняў: 30 траўня Гомельскі абласны суд вынес Глебу Вятошкіну прысуд у выглядзе пяці гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, абвінаваціўшы яго ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Прысуд не паспеў набыць моц, бо ўжо 8 чэрвеня пракуратура падала апеляцыйны пратэст на ўзмацненне жорсткасці пакарання. Судовая калегія Вярхоўнага Суда 8 жніўня задаволіла пратэст, прызначыўшы палітвязню паўтара года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Працягваюцца палітычна матываваныя затрыманні і асуджэнні з грубымі парушэннямі грамадзянскіх правоў.

У Мінскім гарадскім судзе разгледзелі справу 54-гадовага Ігара Папова. За каментары ў інтэрнэце на закрытым судовым працэсе мужчыну прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай лякарні са строгім назіраннем. Такое рашэнне суддзя Валянціна Зянькевіч вынесла яшчэ 12 траўня, але падрабязнасці справы праваабаронцам "Вясны" сталі вядомыя толькі цяпер. Папова ужо накіравалі ў псіхіятрычную лякарню "Гайцюнішкі" Воранаўскага раёна; такі від лячэння абіраецца для асобаў, якія ўяўляюць асаблівую небяспеку для грамадства. Грамадска небяспечныя дзеянні, у сувязі з якімі было прызначана прымусовае лячэнне, кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі); арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады); арт. 364 (Пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Таксама Папова адвольна ўключылі ў Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

Адміністрацыйны пераслед па-ранейшаму актыўна выкарыстоўваецца дзеля пераследу паводле палітычных матываў. У жніўні "Вясне" стала вядома пра 356 выпадкаў затрыманняў і іншых адміністрацыйных рэпрэсій, у тым ліку 114 — у дачыненні да жанчын. У рэгіёнах вядомыя праваабаронцам выпадкі размеркаваліся наступным чынам: 54 — Брэсцкая вобласць; 43 — Гродзенская вобласць, 79 — Мінск і Мінская вобласць, 111 — Гомельская вобласць, 26 — Віцебская вобласць, 20 — Магілёўская вобласць.

Да гадавіны падзеяў жніўня 2020 года "Вясна" падсумавала вынікі вядомых выпадкаў адміністрацыйнага пераследу за перыяд пасля выбараў 2020 года: іх не менш за 46 700.

У адміністрацыйным парадку грамадзянаў пераследуюць у асноўным за выкарыстанне пратэснай сімволікі і за рэпосты "экстрэмісцкіх матэрыялаў".

Суддзя суда Верхнядзвінскага раёна Таццяна Кукліна арыштавала на 10 сутак кіроўцу-дальнабойніка Аляксандра Каваленку, у віну якому было пастаўлена правядзенне пікету: у адпаведнасці з версіяй суда, Каваленка размясціў на пярэдняй панэлі кабіны аўтамабіля вымпел з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру і гербам "Пагоня". Паведамленне ў міліцыю пра правапарушэнне паступіла з Віцебскай мытні — з пункту пропуску Грыгароўшчына. Пра тое, што "забароненая" сімволіка знаходзіцца ў кабіне аўтамабіля, Аляксандр не ведаў. На судзе мужчына паведаміў, што супраць дзейснага рэжыму ён ніколі не выступаў. Тым не менш, на думку суда, кіроўца правёў не дазволенае ўладамі пікетаванне, якое было злучана з выказваннем грамадска-палітычных інтарэсаў і праходзіла з выкарыстаннем пратэснай сімволікі.

Паводле таго ж прынцыпу 75-гадоваму віцебскаму актывісту Барысу Хамайду прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту за прад'яўленне пашпарта, на вокладцы якога быў выяўлены герб "Пагоня".

Парушэнне правоў і свабод пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

Крымінальны пераслед удзельнікаў рознага кшталту супольнасцяў адбываецца пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам. Аднак адвольны характар прымання рашэнняў аб прызнанні МУС і КДБ тых ці іншых суб'ектаў экстрэмісцкімі фармаваннямі і аднясення да экстрэмісцкай дзейнасці надзвычай шырокага спектру грамадска-палітычнай актыўнасці прыводзіць да высновы пра тое, што ва ўсіх вядомых выпадках пераслед носіць палітычна матываваны характар.

У жніўні экстрэмісцкімі фармаваннямі былі прызнаныя пяць суб'ектаў, агулам у спісе на канец месяца ўтрымліваецца 144 пазіцыі.

У спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, куды заносяць імёны асуджаных за пратэсную актыўнасць, у жніўні дадалі звесткі каля 90 чалавек, пасля чаго ў спісе стала 3 178 пунктаў.

Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўніўся звесткамі пра інфармацыйныя рэсурсы і кніжныя выданні, прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі на падставе больш як 70 рашэнняў судоў.

Гэтыя спісы робяцца асновай для адвольнага пераследу за прыналежнасць да экстрэмісцкіх фармаванняў і іх падтрымку, абмежавання правоў, адміністрацыйнага пераследу.

У Гомельскім абласным судзе 17 жніўня вынесены прысуд Юрыю Ташкінаву. Яго абвінавацілі ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-2 КК). Справу вёў суддзя Аляксандр Піскуноў. У адпаведнасці з версіяй следства, мужчына "пакідаў негатыўныя каментары адносна журналістаў дзяржСМІ, а таксама перавёў каля 100 даляраў Фонду салідарнасці BYSOL". Пасля пачатку шырокамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну гамяльчук у сацыяльных сетках выказваўся супраць вайны і публікаваў справаздачы наконт гуманітарнай дапамогі жыхарам Чарнігаўшчыны, якая была акупаваная на пачатку вясны 2022 года. Суддзя прызначыў Ташкінаву пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады.

Анастасія Петрачэнка пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пераехала з Беларусі ў Польшчу. Знаходзячыся ў суседняй краіне, яна паспрабавала зрабіць праз інтэрнэт-банкінг ахвяраванне памерам 16,71 даляра ЗША са свайго беларускага банкаўскага рахунку палку імя Каліноўскага, аднак транзакцыя не прайшла. Пазней дзяўчына вырашыла вярнуцца ў Беларусь, дзе была затрыманая. У выніку палітзняволеную абвінавацілі ў замаху на фінансаванне экстрэмісцкага фармавання згодна з ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-2 КК. Суддзя Руслан Царук 14 чэрвеня 2023 года асудзіў Анастасію Петрачэнку да трох гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі агульнага рэжыму.

У Мінскім гарадскім судзе 24 жніўня палітвязню Арцёму Лябедзьку прызначылі тры гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса за данаты ў тры фонды салідарнасці ў 2020 годзе.

Парушэнне правоў журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў

У адпаведнасці са звесткамі БАЖ, паводле стану на канец жніўня ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваюцца 33 журналісты і прадстаўнікі медыя.

У Светлагорску была затрыманая рэдактарка інфармацыйнай кампаніі "Ранак" Юлія Даўлетава. У чэрвені 2023 года шэраг супрацоўнікаў "Ранка" ужо былі затрыманыя, арыштаваныя і аштрафаваныя паводле артыкулу 19.11 КаАП за падпіску на "экстрэмісцкі" профіль "Светлик. Светлогорск" у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі". Арышты адбыліся пасля таго, як медыярэсурс першым паведаміў пра выбух і гібелі людзей на Светлагорскім заводзе беленай цэлюлозы. На матэрыял з сайта "Ранак" спасылаліся ці згадвалі незалежныя журналісты і СМІ, прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі.

У канцы жніўня стала вядома пра ціск на журналістаў "Ганцавіцкага часу" за артыкул, у якім былі раскрытыкаваныя спілаваныя да "Дажынак" ў цэнтры горада клёны. Так, карэспандэнтку Святлану Малышку выклікалі на гутарку ў РАУС, дзе ёй растлумачылі, што артыкул не адпавядае рэчаіснасці, а пісаць трэба было пра тое, як Ганцэвічы змяніліся ў добры бок падчас падрыхтоўкі да "Дажынак". Таксама ў ганцавіцкую міліцыю запрашалі і іншага супрацоўніка выдання, Сяргея Багрова.

Акрамя таго, сёлета ў жніўні стала вядома пра затрыманне палескага журналіста-фрылансера, відэаблогера і ўладальніка сайта і TikTok-акаўнта "Пра Столін" Аляксандра Ігнацюка. Яго змясцілі ў брэсцкі СІЗА-7. Згодна з неправеранай інфармацыяй, яму інкрымінуюць "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК).

Палітзняволенага журналіста Андрэя Пачобута ў якасці дысцыплінарнага пакарання за нібыта парушэнні правілаў знаходжання ў калоніі перавялі паводле надуманай нагоды ў памяшканне камернага тыпу на бліжэйшыя шэсць месяцаў. Жонка журналіста Аксана Пачобут падзялілася лістом ад мужа, у якім ён паведаміў пра дрэнны стан здароўя, высокі ціск і зрыў рытму сэрца.

У Гомельскім абласным судзе 31 жніўня вынесены жорсткі прысуд журналістцы і культурнай дзяячцы Ларысе Шчыраковай. Яе абвінавацілі паводле арт. 369-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое здзяйсняецца паўторна). Судовы працэс адбываўся ў закрытым рэжыме. Суддзя Мікалай Доля прызнаў Ларысу Шчыракову вінаватай і прызначыў ёй тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У палітзняволенай была часткова канфіскаваная маёмасць. Жанчына разлучаная з непаўнагадовым сынам.

Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажальныя годнасць віды абыходжання і пакарання

Праваабаронцы працягваюць фіксаваць катаванні і іншыя акты жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага годнасць абыходжання.

Працягваецца практыка запісу прыніжальных відэа за падпіску на медыярэсурсы, прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі, і за любое іншае выказванне нязгоды з дзейсным рэжымам. Так, праўладныя Telegram-каналы апублікавалі відэа з затрыманнем мужчыны з Гродна, які, як паведамляецца, распаўсюджваў "экстрэмісцкія" матэрыялы і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце Плану "Перамога". Таксама вядома, што ў сярэдзіне жніўня супрацоўнікі праваахоўных органаў запісалі "пакаяльнае відэа" з мужчынам з Брэста, які мае траіх непаўнагадовых дзяцей і быў асуджаны за абразу Аляксандра Лукашэнкі і чыноўнікаў.

Часцяком прымус да запісу відэа суправаджаецца збіваннямі: на відэа ў некаторых затрыманых бачныя гематомы і ранкі. Так, на "пакаяльным відэа" Уладзімір Паўлавец мае на твары гематому і сінякі.

Таксама ў жніўні ў запісах "пакаяльных відэа" пачаў садзейнічаць прапагандыст Рыгор Азаронак. Ён прыйшоў у ГУБАЗіК, каб запісаць відэа з затрыманай 38-гадовай Наталляй Крук.

Паведамляецца, што пасля таго, як ідэолагам на заводзе "Нёман" у Бярозаўцы быў прызначаны былы супрацоўнік КДБ, там адбыўся шэраг жорсткіх затрыманняў. Каля дзесяці працаўнікоў былі паказальна затрыманыя з АМАПам на працоўным месцы, пасля чаго іх адправілі працаваць на звалку ў Сцеркаве (Лідскі раён). Працаўнікі скардзіліся на нізкія заробкі, а таксама на адмову ў адпачынку, пасля чаго і адбыліся затрыманні.

Працягваюць сутыкацца з жорсткім абыходжаннем і палітвязні, якія знаходзяцца ў месцах зняволення.

Згодна з наяўнай інфармацыяй, палітзняволеную Вікторыю Кульшу, супраць якой другі раз на працягу года распачалі крымінальную справу за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі, збілі у папраўчай калоніі № 24. Адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Акрамя гэтага, жанчына некалькі разоў трымала у калоніі галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

Парушэнне свабоды асацыяцый

Працягваецца працэс прымусовага скарачэння колькасці недзяржаўных арганізацый і палітычных партый.

Вярхоўны Cуд Беларусі 14 жніўня задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі і ліквідаваў апазіцыйную Партыю БНФ, зарэгістраваную 19 жніўня 1993 года.

Вярхоўным Cудом 15 жніўня была ліквідаваная Аб'яднаная грамадзянская партыя, старшыня якой — палітзняволены Мікалай Казлоў — адбывае пакаранне ў калоніі.

Таксама ліквідаваныя маргінальныя праўладныя Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды і Рэспубліканская партыя.

У адпаведнасці з пазовам Міністэрства юстыцыі, 23 жніўня была ліквідаваная найбуйная беларуская зааабарончая арганізацыя SaveUs. Яна з'яўлялася першай у Беларусі фандрайзінгавай пляцоўкай і займалася дапамогай бяздомным жывёлам.

Вядома таксама пра працяг працэсу ліквідацыі і самаліквідацыі шэрагу грамадскіх аб'яднанняў.

Рашэннем МУС ад 23 жніўня Праваабарончы цэнтр "Вясна" прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Гэта стала працягам ціску на праваабаронцаў з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад сваёй цалкам легальнай дзейнасці, а таксама адным са спосабаў скараціць магчымасці звароту грамадзянаў у арганізацыю. Праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, запатрабаваўшы адмяніць рашэнне аб прызнанні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці экстрэмісцкім фармаваннем, прывесці заканадаўства аб процідзеянні экстрэмізму ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека, спыніць практыку прызнання арганізацый і ініцыятыў экстрэмісцкімі без разумных і прапарцыйных падставаў, а таксама практыку прызнання матэрыялаў, накіраваных на інфармаванне грамадскасці пра сітуацыю з правамі чалавека, экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Пераслед адвакатаў

Міністэрствам юстыцыі прынятае рашэнне аб спыненні з 31 жніўня 2023 года ліцэнзій у дачыненні да: Ляўковіча Я. М., Халупкі А. П. у сувязі з ужываннем да іх тэрытарыяльнымі калегіямі адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з калегій за здзяйсненне правінаў, не сумяшчальных са званнем адваката; Мядзведзева С. В., Суслікавай Л. В., Тарасюка М. М. у сувязі з прыняццем Кваліфікацыйнай камісіяй па выніках атэстацыі 10 жніўня 2023 года рашэнняў аб немагчымасці выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі.

Падтрымка беларускімі ўладамі агрэсіі РФ, ваенных злачынцаў, пераслед за падтрымку Украіны і антываенную пазіцыю

У Беларусі паводле запрашэння Аляксандра Лукашэнкі па-ранейшаму знаходзяцца падраздзяленні расійскай прыватнай вайсковай кампаніі "Група Вагнера", якім для размяшчэння і стварэння вайсковай базы прадастаўленая тэрыторыя і будынкі былой вайсковай часткі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

Размяшчэнне ў Беларусі наймітаў, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці, з'яўляецца актам ігнаравання меркавання міжнароднай супольнасці і падтрымкі здзейсненых ваенных злачынстваў, пацвярджае абгрунтаванасць абвінавачванняў у дапамаганні расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, дадае новы элемент у пагрозы бяспецы ў Еўропе. З іншага боку, гэта ставіць таксама пад пагрозу бяспеку грамадзянаў Беларусі, стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы і суверэнітэту.

У той жа час беларускія ўлады бязлітасна распраўляюцца з грамадзянамі за антываенную пазіцыю, падтрымку барацьбы ўкраінскага народу і войска з агрэсарам, у прыватнасці — за спробы ці за намеры далучыцца да вайсковых падраздзяленняў абаронцаў Украіны.

Так, Магілёўскі абласны суд 15 жніўня вынес прысуд Уладзіміру Тычынскаму. Суддзя Павел Клімаў прызнаў мужчыну вінаватым у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК). У віну палітвязню паставілі тое, што ў красавіку 2022 года ён зняў на свой мабільны тэлефон перасоўванне расійскай ваеннай тэхнікі і адправіў відэа ў медыя, прызнанае ўладамі Беларусі экстрэмісцкім. Суд асудзіў Тычынскага да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2023