05.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, ціск, рэпрэсіі У Віцебску сёння пачынаюць судзіць палітзняволеных відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава і ягоную жонку Таццяну Пыцько. Мужчыну абвінавачваюць у супрацы з тэлеканалам "Белсат". Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома, што Таццяну Пыцько таксама абвінавачваюць у тым, што яна быццам бы супрацоўнічала з тэлеканалам.
У СК трапіў архіў відэааператара, што захоўваўся на ягоных камп’ютарах і ў тэлефоне. Там знайшліся відэаздымкі, падчас якіх прысутнічала і Таццяна Пыцько. На думку следства, такім чынам яна ўзяла ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.
Справуразглядае Віцебскі абласны суд, суддзя — Яўген Буруноў. Судовы працэс ідзе ў закрытым рэжыме.
Віцебскага відэааператра-фрылансера Вячаслава Лазарава затрымалі ў лютым пасля ператрусу. Пазней стала вядома, што яму прад'явілі абвінавачванне паводле арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 6 чэрвеня затрымалі жонку Вячаслава — Таццяну. Пазней стала вядома, што яе вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК).Дачку Таццяны і Вячаслава, якой днямі споўніўся год і адзін месяц, адразу накіравалі на ўтрыманне ў дзіцячы шпіталь — так робіцца ў тых выпадках, калі ў дзіцяці няма побач блізкіх сваякоў ці апекуноў, але пазней перадалі бабулі.
Падтрымайце Вячаслава і Таццяну грашовымі пераводамі і пасылкамі: СІЗА-2. 210026, Віцебск, Гагарына, 2, Вячаслаў Дзмітрыевіч Лазараў | Таццяна Леанідаўна Пыцько
Крыніца: За супрацу з "Белсатам" судзяць сям'ю палітзняволеных