05.09.2023 Тэгі: палітвязні, пераслед, рэпрэсіі, гісторыі вязняў Асуджанага па палітычнай справе мінчука Уладзіміра Фурмана двойчы судзілі за адну фатаграфію з акцыі пратэстаў. У 2020 годзе яго арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у Маршы, а ў 2022 асудзілі на тры гады "хіміі" за выхад на дарогу і перакрыццё дарожнага руху, пасля чаго мужчына з’ехаў з Беларусі. Уладзімір распавёў, як яго здаў міліцыі трэнер па каратэ, як ён прапаноўваў сыну Юрыя Караева высветліць стасункі на татамі, пра тры месяцы няволі ў адной з самых перапоўненых камер Валадаркі "Шанхай" і як доўга можна жыць у эміграцыі без сям’і.
Да 2020 года Уладзімір не меў актыўнай грамадзянскай пазіцыі і ў пратэстах не ўдзельнічаў. Але гвалт і бяспраўе сілавікоў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў прымусілі яго выйсці на Марш.
Мужчына дагэтуль памятае ўсе дэталі і падрабязнасці падзей таго часу. Удакладняе, у які дзень тыдня праходзіў марш, у які дзень яго затрымалі. А на тэлефоне захоўвае фотаздымак, па якім яго двойчы судзілі.
"Я хадзіў на Марш 27 верасня 2020 года. Гэта была нядзеля. Але затрымалі мяне другога кастрычніка. Праз пяць дзён, у пятніцу. На пратэстах я свядома ставаў у счэпку, каб у выпадку чаго даваць адпор".
Міліцыянты прыйшлі шукаць Уладзіміра ў клуб каратэ, дзе той займаўся. Яго трэнер Арцём Міхайлавіч даў сілавікам даныя Уладзіміра. Затрымалі мужчыну пазней на вуліцы недалёка ад дома. Тады яго арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту.
У ЦІП на Акрэсціна Уладзімір сядзеў у крайняй камеры. Вязень станавіўся на батарэю і праз вакно назіраў адзін з мітынгаў, падчас якога пратэстоўцы прыйшлі акурат пад сцены ізалятара. Па іроніі лёсу, на гэтай акцыі затрымалі двух хлопцаў, якіх пасадзілі акурат у камеру да мужчыны.
Уладзімір распавядае, што падчас праверак у камеры наглядчыкі ізалятара адмыслова вельмі жорстка абыходзіліся з затрыманымі.
"Трэба было выходзіць з камеры ў вельмі нязручнай позе. У форме літары "Г" з рукамі за спінаю, толькі корпус трымаць нізка да падлогі. Як толькі троху падымаешся, цябе б’юць па спіне гумовым дручком. Калі на расцжку ставіш ногі "недастаткова шырока", таксама адразу білі".
Памылковая дата "здзяйснення злачынства" і чырванеючая следчая
Праз два гады да Уладзіміра зноў прыйшлі за той жа фотаздымак з акцыі пратэсту. Толькі цяпер яго абвінавачвалі ў выхадзе на праезную частку і перакрыцці руху грамадскага транспарту паводле арт. 342 КК.
Спачатку ў крымінальнай справе была пазначаная дата “здзяйснення злачынства” 16 жніўня 2020. А фотаздымак, за які яго затрымалі, быў зроблены 27 верасня таго ж года.
Адвакатка Уладзіміра наўпрост казала следчай: "Вы разумееце, што яго трэба выпускаць? Вы што, зноўку збіраецеся яго судзіць за гэты ж самы фотаздымак?". Следчая ў адказ толькі моцна чырванела і нервавалася. Казала, што гэтыя даныя ёй даў ГУБАЗік. У выніку ў справе проста выправілі дату на іншую.
Шмат каго з палітычных у першы тыдзень затрымання па дзесяць чалавек змяшчалі ў адзіночную камеру, каб тыя адчулі ўсю "ласку" рэжыму.
"Мы клаліся спаць проста на падлогу. Камера памерам прыкладна па чатыры крокі наперад і ўбок. "Шконку" ля сцяны ніколі не адкідвалі".
"Шанхай"
У СІЗА вязень патрапіў у камеру з назвай "Шанхай".
"Яна так называлася, бо ў вельмі маленькай камеры знаходзілася вельмі шмат людзей. Нас там было 24 чалавекі, з якіх 13 – палітычныя. Уявіце, трохярусныя нары да самай столі. Калі ўпершыню туды зайшоў, спачатку нават не зразумеў, як там можна жыць. Агулам я правёў у "Шанхаі”"амаль тры месяцы.
Дадаткова ў камеру прыводзілі так званых «крепящих». Так на жаргоне называюць арыштантаў, на якіх не хапіла асобнага спальнага месца. Яны спалі проста на падлозе.
На маленькім пятачку прасторы каля століка хлопцы давалі рады нават рабіць руханку. Тады ўсе іншыя на час практыкаванняў залазілі на нары, каб не перашкаджаць.
Добра, што побач было шмат аднадумцаў. З палітычнымі мы разам глядзелі "паміж радкоў" тэлеперадачу прапагандысткі Скабеевай і так даведваліся пра навіны з волі".
Уладзімір кажа, што да свайго другога затрымання ўвесь час сачыў за навінамі і быў у курсе парадку дня. Але патрыпіўшы ў 2022 годзе ў СІЗА быў вельмі здзіўлены, што ў краіне дагэтуль адбываюцца настолькі масавыя затрыманні. Да таго ж мужчына быў упэўнены, што ўжо панёс пакаранне па тым эпізодзе і другі раз яго ўжо не асудзяць.
Таксама Уладзміру давялося сустрэцца ў няволі з палітзняволеным палякам Робертам Тампалам, якога асудзілі на тры гады калоніі за інтэрнэт-каментары пра Лукашэнку. Роберт даўно жыве ў Мінску і жанаты на беларусцы. Мае дробны бізнэс – гандлюе кандытарскімі вырабамі. Яго затрымалі на Камароўцы, калі той купляў яйкі.
Здрада трэнера і высвятленне зносінаў з сынам Караева
Уладзімір доўгі час займаецца кёкусінкай (стыль каратэ). Мае сіні пояс.
"З намі займаўся сын былога міністра МУС Юрыя Караева Герман. Да 2020 года я не звяртаў увагу на гэта. Толькі ведаў, што гэта сын нейкага высокага чыноўніка".
Па вызваленні з ізалятара Уладзімір спытаў у трэнера, навошта той яго здаў, на што пачуў толькі няўцямнае "А што мне заставалася рабіць?". Давер да Арцёма Міхайлавіча цалкам прапаў, хаця раней у іх былі даволі добрыя стасункі. Як кажа Уладзімір, трэнер нават давяраў яму ключы ад трэнавальнай залі. Уладзімір лічыць, што быў адным з лепшых вучняў.
Пасля гэтага Герман Караеў вырашыў абараніць настаўніка і напісаў Уладзіміру паведамленне ў сацсетцы "Укантакце", што той нібы пайшоў супраць улады і зусім ня правы. У адказ мужчына прапанаваў Герману высветліць стасункі больш традыцыйным для каратыстаў спосабам — у двубоі на татамі.
"У трэнера чорны пояс, ён бы нас і разсудзіў. Але Герман адказаў, што, не хоча мараць аб мяне рукі. Маўляў, я сядзеў у турме і мог адтуль прынесці розныя хваробы".
У выніку Уладзімір вырашыў больш не хадзіць у гэты клуб.
Ужо ў 2022 годзе той жа трэнер даваў паказанні на судзе ва Уладзіміра.
"Са словаў трэнера вынікала, што нібы я падчас заняткаў толькі стаяў у кутку і ціхенька біў грушу. Нібы ён мяне і не ведае. Адчувалася, што ён зусім ад мяне адхрысціўся".
Уладзімір і цяпер шчыра здзіўляецца, як настаўнік, які мае чорны пояс па каратэ ды атрымаў другі дан, можа так раптоўна змяніць паводзіны і стаўленне да свайго вучня.
"Першы раз у жыцці я не святкую з сям’ёю Новы год"
Уладзімір не бачыўся з сям’ёю з сярэдзіны снежня 2022 года. Размаўляе з жонкаю і дачкамі праз відэасувязь.
"З-за вымушанай разлукі з роднымі я вельмі цяжка сябе адчуваю. Першы раз у жыцці я не святкаваў з сям’ёю Новы год, не прысутнічаў на дні народзінаў дзіцяці. На Дзень ведаў мяне таксама няма побач з дачкою. Нават калісьці даўно, калі я працаваў у Расеі, то абавязкова прыязджаў на ўсе святы дамоў".
Мужчына не стаў спадзявацца на лёгкае і спакойнае жыццё “хіміка” і з’ехаў з Беларусі праз два тыдні па вызваленні. Ён выдатна разумеў, што акрамя таго, што на “хіміі” плоцяць капейкі, да палітычных там вельмі дрэннае стаўленне. Адміністрацыя папраўчай установы па надуманых падставах выпісвае палітвязням шматлікія парушэнні і тых у рэшце пераводзяць у калонію.
Цяпер ён жыве пад Варшаваю і працуе на будоўлі. Значную частку заробку дасылае сям’і, якая мусіць пагасіць крэдыт, каб пераехаць да Уладзіміра.
Нягледзячы на цяжкасці эмігранцкага лёсу, мужчына да будучыні ставіцца пазітыўна і з надзеяй:
"Усялякае, канешне, можа быць, але я спадзяюся на лепшае. Веру, што мы ўсе вернемся да дому. Упэўнены, што шмат з’ехаўшых беларусаў хочуць вярнуцца. Калі б мне зараз сказалі, што я магу бяспечна вярнуцца на радзіму, я б ані хвіліны не стаў вагацца. Бо там мая краіна, якую я люблю. Там мой родны дом і сям’я".