04.09.2023 Тэгі: суды, палітвязні, рэпрэсіі Палітзняволеных музыкаў вядомага беларускага гурта "Tor Band" Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка затрымалі 28 кастрычніка 2022 года. Спачатку ім некалькі разоў запар прызначалі 15 сутак арышту за ўдзел у здымках кліпаў, а затым перавялі ў СІЗА. Падчас знаходжання музыкаў у зняволенні гурт быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем" — цяпер іх за гэта будуць судзіць.
Стала вядома, што Гомельскі абласны суд пачне разглядаць 14 верасня справу палітвязняў у закрытым рэжыме. Працэс будзе весці суддзя Сяргей Салоўскі.
У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле 4 крымінальных артыкулаў:
- ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
- ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім);
- арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
- арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).
Нагадаем, музыкаў разам з жонкамі музыкаў затрымалі ў Рагачове 28 кастрычніка. Пазней музыкаў Яўгена, Дзмітрыя і Андрэя некалькі разоў запар судзілі паводле адміністрацыйных пратаколаў, а пазней перавялі ў гомельскае СІЗА у межах крымінальнай справы.
Праваабаронцам статала вядома, што адзін з пратаколаў паводле арт. 19.11 КаАП на Галавача быў складзены за тое, што ён напісаў "экстрэмісцкую" песню "Родная Зямля" і выклаў яе ў інтэрнет.
Так, паводле пратакола, Галавач, «выкарыстоўваючы гітару з футаралам і рамянём, вырабіў і з таго ж часу захоўваў з мэтай распаўсюду ў суполцы "Tor band" у "Вконтакте", якая належыць яму, аўдыёматэрыял "Родная Зямля" [напісаны ў 2020 годзе] музычнага калектыву Tor band, які адносіцца да інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
На судзе Дзмітрый віну не прызнаў, ад дачы тлумачэнняў адмовіўся.
Суддзя адзначыла, што праз тое, што «Галавач з'ўляўся актыўным удзельнікам гурта, яму было дакладна вядома пра ўключэнне песні ў "спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў"». Адзначым, што на момант суда Дзмітрый ужо месяц знаходзіўся за кратамі, а інфармацыя пра прызнанне сацсетак і песень гурта Tor Band у рэспубліканскім спісе з'явілася толькі ў пачатку лістапада з пазнакай пра тое, што іх прызналі яшчэ нібыта 29 жніўня. Вынік суда — 15 сутак.
Меркавана, гэта не перш суд за "напісанне песні", бо гітара Галавача ўжо была канфіскаваная паводле пастановы суда ад 14 лістапада па арт. 19.11 КаАП.
Акрамя гэтага, Яўгена Бурло 15 лістапада асудзілі за тое, што ён «сумесна з іншымі музыкамі ў полі з выкарыстаннем барабанаў, драўляных барабанных палачак, а таксама металічных стоек і талерак удзельнічаў у вырабе відэаматэрыялаў для кліпа "Жыве", які прызнаны "экстрэмісцкім"». Таксама яму ставіўся ў віну ўдзел у яшчэ адным кліпе гурта. Паводле матэрыялаў справы, падчас ператрусу музычныя інструменты вынялі. Суддзя Ірына Зыль прызнала Яўгена вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП і арыштавала яго на 15 сутак.
16 студзеня гурт Tor band быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем".
Вядома, што ў Яўгена Бурло ў зняволенні здарыўся рэцыдыў анкалагічнага захворвання, на якое мужчына пакутаваў яшчэ да затрымання. Ён быў накіраваны ў медсанчастку СІЗА.
Падтрымайце музыкаў грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі, лістамі і паштоўкамі:
СІЗА-3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А
Яўген Валер'евіч Бурло
Дзмітрый Валер'евіч Галавач
Андрэй Канстанцінавіч Ярэмчык
Крыніца: Справу музыкаў TOR BAND пачнуць разглядаць 14 верасня ў закрытым рэжыме