04.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" другога-чацвёртага верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Трэцяга верасня
У Гомелі затрымалі настаўніка
Стала вядома, што настаўніка хіміі Аляксандра Лебедзева затрымлівалі за падпіску на "няправільныя каналы". Ён вядомы сваімі камуністычнымі поглядамі і падтрымкай БРСМ. Яго шукалі ўсім выратавальным атрадам "Сімуран", а ён быў у міліцыі пад арыштам.
"Здарылася класічная жахлівая памылка. На наступны дзень з палону яго вызвалілі бацькі", — расказвае знаёмы Аляксандра.
Лебедзеў — 22-гадовы настаўнік хіміі ў 49 школе Гомеля, сябра БРСМ і Камуністычнай партыі, удзельнік амаль усіх праўладных мерапрыемстваў.
Другога верасня
На фестывалі «Лідбір» затрымалі двух мужчын — яны выгукнулі «Жыве Беларусь»
Затрыманне другога верасня, у 18:00-19:00 гадзін вечара. Каля Дома Культуры ў зоне размяшчэння намётаў і сталоў для кліентаў мерапрыемства ад двух мужчын пачулася «Жыве Беларусь». Паведамляецца, што адразу выбеглі АМАПаўцы, затрымалі мужчын і павезлі ў мясцовы РАУС.
Адзін з іх пазней выйшаў на волю і распавёў, што другому затрыманаму прад'явілі адміністратыўнае парушэнне паводле арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Сілавікі сцвярджаюць, што ў Гродне затрымалі ўдзельніка ініцыятывы па стварэнні палітычнай партыі «Разам»
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. На відэа бачна, што затрымалі мужчыну на працы — у адным з пунктаў выдачы Wildberries.
На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы».
За каментары затрыманы супрацоўнік «Гродзенскага шклозавода»
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы за абразлівыя каментары на адрас кіруючых асоб Беларусі. Таксама сілавікі абвінавацілі яго ў «русафобіі».
Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы — Аляксандр Піўчук.
У Гродне затрыманы грамадзянін Туркменістану — ён нібыта пакідаў абразлівыя каментары пра расіян
На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што 10 гадоў жыве ў Беларускі, скончыў у нашай краіне медуніверсітэт, апошні час працуе барменам. Паводле хлопца, затрымалі яго за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы, а таксама абразлівыя каментары ў дачыненні да грамадзян РФ.
Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы — Матдурдыеў Мейліс.
Былога палітвязня Аляксея Сянькова, які выйшаў у красавіку на волю, затрымалі і зноў будуць судзіць
Па інфармацыі праваабаронцаў, мужчыну затрымалі ў канцы ліпеня — прапагандысты сцвярджаюць, што Аляксей нібыта «паспрабаваў уцягнуць у вырашэнне пытання за хабар сваіх былых калег. Пры гэтым заведама супрацьпраўныя дзеянні ён здзяйсняў у інтарэсах грамадзяніна Украіны, які адбывае пакаранне».
Аляксей — падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы, з 2012 года да 2021 года ён працаваў на розных пасадах у Следчым камітэце. 5 ліпеня 2021 года яго затрымалі на працоўным месцы і звольнілі па згодзе бакоў. Пазней яго асудзілі да 2 гадоў калоніі за нядзельныя Маршы 16 і 23 жніўня 2020 года. Ягоны малодшы брат — палітзняволены былы начальнік фінансавага аддзела адміністрацыі Ленінскага раёна МінскаЮрый Сянькоў. У красавіку Аляксей цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
У Асіповічах затрымалі рэканструктара. Раней ён выступаў на «Лініі Сталіна»
Затрыманаму Сяргею Батуру 52 гады, і ён з Асіповічаў. Калі верыць сацсеткам, мужчына пасля школы паступіў у Мінскі аўтамеханічны тэхнікум (цяпер — Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж). З 1990 па 1992 год праходзіў службу ў супрацьтанкавым дывізіёне, які знаходзіўся ва Уруччы.
Мужчына працуе звычайным слесарам, але ягонае сапраўднае захапленне — рэканструкцыя. Шмат гадоў Сяргей Батура ўваходзіць у асіповіцкі вайскова-патрыятычны клуб «Штык», які штогод выступае, да прыкладу, на фестывалях рэканструкцыі бітваў часоў Другой сусветнай вайны на «Лініі Сталіна», а таксама на некалькіх іншых фестывалях.
Мужчыну вінавацяць у «каментаванні» і ў тым, што ён быццам бы зарэгістраваўся ў плане «Перамога».
Крыніца: Затрыманні за падпіскі, каментары і выгукі "Жыве Беларусь!": хроніка пераследу 2-4 верасня