01.09.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" першага верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — «Рыцарские истории»
Адпаведнае рашэнне МУС прынятае 31 жніўня.
У рашэнні МУС пазначана імя чалавека, які нібыта мае дачыненні да арганізацыі, — Андрэй Кушняроў.
Сілавікі паведамілі аб затрыманні чалавека ў Асіповічах
Мясцовы жыхар, які працуе на асіповіцкай міні-ЦЭЦ слесарам, як сцвярджаецца, неаднаразова пакідаў «негатыўныя каментарыі» пра сілавікоў і прадстаўнікоў улады, а таксама нібыта «зарэгістраваўся ў чат-боце "Плана Перамога"».
Імя і прозвішча затрыманага не раскрываецца.
Жонку затрыманага на мяжы наваполацкага стаматолага аштрафавалі на 1100 рублёў
Пра гэта паведамляе «Віцебская Вясна».
Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала Аллу Грудніцкую вінаватай у тым, што ў яе Instagram супрацоўнікі міліцыі знайшлі падпіску на старонку замежнага СМІ, прызнанага ў Рэспубліцы Беларусь экстрэмісцкім. Свае віны з судзе жанчына не прызнала, патлумачыўшы, што яна не мела намеру распаўсюджваць адтуль інфармацыю.
22 жніўня жанчыну судзілі зноў, і зноў аштрафавалі. Але падрабязнасці пакуль не вядомыя.
Нагадаем, мужа жанчыны — стаматолага Аляксандра Грудніцкага — арыштавалі на 30 сутак. Іх затрымалі пры вяртанні з Літвы ад сына.
Палітзняволенага анархіста Дзмітрыя Рэзановіча 35 сутак утрымлівалі ў ШІЗА
Таксама Дзмітрыя пазбавілі спатканняў і перадач і пагражаюць перавесці на турэмны рэжым, паведамляе тг-канал «Права на паўстанне».
Нагадаем, Дзмітрый быў затрыманы напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.
У Гродне затрымалі намесніка дырэктара крамы «Кліматмайстар»
На «пакаяльным відэа», на якім 36-гадовы Аляксандр Клімец размаўляе па-беларуску, ён кажа, што быў затрыманы нібыта за рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».
Крыніца: "Экстрэмісцкае фармаванне", затрыманні, штрафы: хроніка пераследу першага верасня