31.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Жлобінскага раёна 16 лютага 2023 года асудзілі Кірыла Камарова паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюц грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Святлана Андрэева прызначыла Кірылу два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма.
Кірыла Камарова затрымалі напрыканцы снежня 2022 года падчас хапуна ў Жлобіне. Разам з ім тады затрымалі не меней за пяць чалавек.
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. "Сумесна з іншымі людзьмі стаялі ў счэпцы, пляскалі ў далоні, гучна крычалі, выкрыквалі розныя лозунгі", паведамляецца ў судовай пастанове.
На мітынгу міліцыянты адціснулі Кірыла металічным шчытом і рассеклі да крыві галаву гумовым дручком.
Камароў цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым.
Кірыл мае сярэдне-спецыяльную адукацыю, мае на ўтрыманні непоўнагадовае дзіця.