30.08.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, праваабаронцы, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм 23 жніўня Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне аб прызнанні Праваабарончага цэнтра "Вясна" экстрэмісцкім фармаваннем. Гэта дае падставу для прыцягнення да крымінальнай адказнасці грамадзян і грамадзянак, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці або ажыццяўляюць любую перадачу звестак або рэсурсаў прадстаўнікам "Вясны".
Разбіраемся ў актуальных пытаннях наконт супрацы з правабарончым цэнтрам пасля прызнання прызнання яго экстрэмісцкім фармаваннем.
Якія канкрэтна рэсурсы цяпер частка экстрэмісцкага фармавання?
У "Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці", дадалі сайты spring96.org і freeviasna.org, тэлеграм-каналы, старонкі ў сацыяльных сетках "Вясны", агульныя тэлеграм-акаунты і электронныя пошты для сувязі з праваабаронцамі, патрэон, фотабанк на flicr.com, а таксама асабістыя пошты і тэлеграм-акаунты — усяго каля сотні пазіцый. Таксама дадалі старонку на сайце міжнароднай праваабарончай арганізацыі frontlinedefenders.org, якая ўтрымлівае інфармацыю пра "Вясну".
Праваабарончы цэнтр "Вясна" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем"
Што цяпер пагражае тым, хто супрацоўнічае з “Вясной”?
Асобы, якія “ўдзельнічаюць у дзейнасці арганізацыі або ажыццяўляюць любую перадачу звестак ці сродкаў прадстаўнікам "Вясна/Правы чалавека ў Беларусі", прызнаюцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання або асобамі, якія яму садзейнічаюць і могуць быць прыцягнутыя да адказнасці па арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне ім) і арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Санкцыі гэтых артыкулаў прадугледжваюць пакаранне, звязанае з абмежаваннем ці пазбаўленнем волі, але гледзячы на практыку такіх спраў у беларускім судзе, улады абіраюць другі варыянт. Атрымліваецца, любое супрацоўніцтва з праваабарончым цэнтрам можа пагражаць крымінальнай адказнасцю. Але мы ўжо больш за тры гады добра ўсведамляем сабе патэнцыйную небяспечнасць супрацоўніцтва з “Вясной” і робім усе магчымыя захады, каб ролі тых, хто не з’яўляюцца публічнымі прадстаўнікамі “Вясны”, у тым ліку нашых шматлікіх валанцёраў, заставаліся нябачнымі для ўсіх, у першую чаргу – для беларускай дзяржавы.
Што цяпер пагражае непасрэдна вясноўцам?
Усе, хто супрацоўнічае з “Вясной”, ужо доўгі час знаходзяцца пад пагрозай адвольнага пераследу беларускімі уладамі. Спачатку рэсурсы праваабарончага цэнтру прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, цяпер жа – усю “Вясну” – экстрэмісцкім фармаваннем. Так з’явілася фармальная нагода, каб пераследаваць у першую чаргу тых, хто кіруе “Вясной” і яе структурнымі падраздзяленнямі, згодна з арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. Тыя, хто не з’яўляецца кіраўнікамі “Вясны” і яе структурных падраздзеленняў, могуць быць прыцягнуты да адказнасці за дзейнасць у складзе “Вясны” з адной умовай: калі гэтыя асобы дзейнічаюць у мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці. Трэба заўважыць, што гэтыя абставіны ўлады апускаюць і прыцягваюць да адказнасці часта не разбіраючы матываў.
Людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі, таксама варта адказна ставіцца да валанцёрскай дзейнасці ў праваабарончым цэнтры. Гэта і дагэтуль не было бяспечна, а цяпер стала больш небяспечным і фармальна і пагражае тым жа арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу. Са свайго боку “Вясна”будзе таксама яшчэ больш адказна ставіцца да захавання ў бяспецы ўсіх фактаў і кантактаў.
А тым, хто перадае інфармацыю “Вясне”?
Што датычыцца людзей, якія хочуць падтрымаць праваабарончую дзейнасць “Вясны”, варта быць гатовым, што іх могуць абвінавачваць у судзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу). Так могуць быць кваліфікаваныя інтэрв’ю праваабаронцам, паведамленне пра парушэнне правоў чалавека . Такім чынам улады дамагаюцца адной з галоўных мэтаў: узвесці непераадольную сцяну паміж правабаронцамі і людзьмі, для якіх мы дзейнічаем.
Але застаюцца шляхі найбольш бяспечнай перадачы інфармацыі ў існуючых умовах. Асаблівую групу рызыкі ствараюць людзі, якія знаходзяцца ў межах Беларусі, таму ім варта перадаваць інфармацыю праз блізкіх людзей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі.. Таксама трэба разумець, што “Вясна” са свайго боку вельмі беражна ставіцца да інфармацыі, якую атрымлівае, і гарантуе бяспеку даных, таму крыніцам варта прытрымлівацца захадаў тэхнічнай бяспекі. У людзей, якія хочуць працягваць супрацоўнічаць з “Вясной” з Беларусі, заўсёды застаецца спосаб больш-менш бяспечнай перадачы інфармацыі супрацоўнікам “Вясны”, якія вядомыя як супрацоўнікі “Вясны”, засцерагаючыся правакатараў. Трэба быць вельмі асцярожнымі і дальнабачнымі.
Для тых, хто знаходзіцца замяжой, усе меры бяспекі застаюцца ранейшымі.
Праваабарончы цэнтр збірае інфармацыю не толькі для апублічвання, хаця распаўсюд інфармацыі пра парушэнні правоў чалавека – вельмі важная рэч. Акром гэтага, мы дакументуем і захоўваем звесткі пра рэпрэсіі ў Беларусі, таму калі вы хочаце перадаць інфармацыю для гэтых мэтаў, а не публічнага распаўсюду, адзначце гэта пры камунікацыі з прадстаўнікамі “Вясны”. Пры апублічанні ж “Вясна” са свайго боку паважае меркаванне крыніцаў інфармацыі і можа выкарыстоўваць розныя фармулёўкі: напрыклад, не пазначаць канкрэтную крыніцу інфармацыі, а адзначыць, што яна “стала вядомая праваабаронцам”, такім чынам забяспечыўшы ананімнасць. Таксама мы робім шмат іншых захадаў, каб надзейна схаваць крыніцу інфармацыі.
Што датычыцца фінансавання “Вясны”, мы не настойваем на матэрыяльнай падтрымцы. Але калі вы гэта робіце, варта рабіць гэта максімальна бяспечнымі спосабамі і не знаходзячыся ў Беларусі. Данаціць можна толькі з замежных картак.
Падтрымаць «Вясну» на Patreon
Ці пагражае чым-небудзь чытанне рэсурсаў “Вясны”?
Нашы інфармацыйныя рэсурсы сталі першымі ахвярамі палітыкі ізаляцыі яшчэ ў 2011 годзе: улады абмяжоўвалі доступ да сайту “Вясны” тэхнічнымі мерамі, прызнавалі інфармацыйныя крыніцы “экстрэмісцкімі матэрыяламі” у 2021 годзе”. Адказнасць за распаўсюд гэтых матэрыялаў прадугледжаная адміністрацыйным заканадаўствам, тую інфармацыю, якую вы атрымліваеце з крыніцаў “Вясны”, нельга рэпосціць, знаходзячыся ў Беларусі. Але што датычыцца простага чытання для азнаямлення – гэта пакуль не караецца, хаця сведчанні пра тое, што людзі заходзяць на сайт “Вясны” ці чытаюць нейкую інфармацыю з іншых крыніцаў “Вясны”, пажадана трымаць па-за доступам спецслужбаў.
Ці бяспечна атрымліваць любую дапамогу ад “Вясны”?
Гэта не цягне адказасці. Фармальна атрымліваць дапамогу ад “Вясны” можна было заўсёды, адзінае – уносіліся змены ў заканадаўстве, якія забаранялі атрымліваць дапамогу ў выглядзе пакрыцця расходаў на штрафы за парушэнне заканадаўства пра мірныя сходы. Тым не менш, мы заўсёды акуратныя з інфармацыяй пра тых, каму дапамагае “Вясна”, зараз мы яшчэ больш узмацнім патрабаванні да захоўвання гэтых сведчанняў. Падкрэсліваем: фармальна адказнасці за атрыманне дапамогі ад нас у законе няма.
Аднак нельга забываць, што дапамога ў напісанні скаргі, напрыклад, можа ўспрымацца як перадача інфармацыі экстрэмісцкаму фармаванню. Тым, хто знаходзіцца ў Беларусі і ўразлівы, варта быць асцярожным,і кантактуючы з тымі крыніцамі, якія пазначаныя ў рашэнні МУС, і знішчаць сляды гэтых кантактаў.
Мы – не адзіная праваабарончая арганізацыя: нягледзячы на рэпрэсіі, шмат беларускіх праваабарончых арганізацый працягваюць змагацца за правы чалавека і свабод;, побач з тымі, хто пачынаў у 90-е гады паўсталі новыя ініцыятывы. Беларускае праваабарончае асяроддзе адзінае і мае аднолькавые каштоўнасці. Таму вы можаце скарыстацца таксама і іх дапамогай, ці дапамагчы ім у барацьбе за правы чалавека.
Улады толькі і дамагаюцца, каб мы пабудавалі мур сваімі рукамі, каб за ім не было бачна тых парушэнняў правоў чалавека, якія яны здзяйсняюць, каб ніхто не бачыў твараў рэпрэсій і таму калі нават пры ўсіх рызыках вы гатовыя дапамагаць нам ці іншым праваабаронцам дзіравіць яго, разам мы адолеем і гэта.
Крыніца: "Вясну" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем": як цяпер супрацоўнічаць з намі?