У апошні дзень лютага адбылося паседжанне Гомельскай абласной камісіі па выбарах ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28 склікання.
Камісія разгледзела скаргу Дзяніса Сцепаненкі, які абіраўся дэпутатам абласнога Савета па Ведрычскай выбарчай акрузе № 51. Пасля выбараў былы кандыдат заявіў аб шматлікіх парушэннях: прымусовым датэрміновым галасаванні, непразрыстасці падліку галасоў, неналежнай колькасці бюлетэняў, няправільным апячатванні скрынь для галасавання, непрадастаўленні пратакола выбараў.
Па гэтай акрузе, дарэчы, перамог Валерый Тулейка, гендыректар АТ «Речыцадрэў”.
Па інфармацыі назіральніка Віктара Адзіночанкі, у скарзе Сцепаненка прасіў абласную камісію прызнаць рашэнне акруговай камісіі Ведрычскай выбарчай акругі № 51 незаконным і неабгрунтаваным, а таму прызнаць выбары па акрузе № 51 несапраўднымі.
Пасля разбору сітуацыі было вырашана адмовіць заяўніку ў скарзе.
Гомельская абласная камісія прыняла таксама рашэнне аб пераразмеркаванні зэканомленых грашовых сродкаў і вырашыла перадаць Гомельскай гарадской камісіі 10 тысяч рублёў сэканомленых грашовых сродкаў для заахвочвання сябраў УВК.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Крыніца: Абласная камісія пастанавіла: у скарзе кандыдату адмовіць, зэканомленыя грошы падзяліць