Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
- у месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка;
- працягваўся крымінальны пераслед абвінавачаных па раней распачатых палітычна матываваных крымінальных справах у дачыненні да актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. На працягу месяца назіралася актывізацыя следчых мерапрыемстваў і масавыя выклікі актывістаў прафсаюза ў Следчы камітэт, а тэрміны расследавання былі падоўжаныя да 1 траўня 2018 г.;
- на працягу месяца былі зафіксаваныя выпадкі затрыманняў і ціску на блогераў і незалежных журналістаў, у тым ліку ў сувязі з асвятленнем імі выбарчай кампаніі;
- 18 лютага завяршыліся выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Выбарчая кампанія, якая праходзіла вельмі пасіўна і непрыкметна для грамадзян, выклікала крытыку з боку палітычнай апазіцыі і незалежнага нацыянальнага назірання. Па выніках назірання за ўсімі этапамі выбарчага працэсу эксперты кампаніі назірання за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” прыйшлі да высноваў аб тым, што выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу асноўных міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў;
- 22 лютага пасля трох гадоў высылкі ў Беларусь вярнулася старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова;
- у лютым стала вядома аб новых перашкодах у рэгістрацыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі — палітычнай партыі, што дзейнічае ў Беларусі з 2005 года, і ціску на яе заснавальнікаў.
- такім чынам, у лютым не было зафіксавана істотных сістэмных зменаў у галіне правоў чалавека.
Праваабарончаму цэнтру “Вясна” сталі вядома аб небяспечных падзеях, якія адбыліся з Міхаілам Жамчужным ў Горацкай калоніі № 9.
24 студзеня ў раёне абеду палітвязень быў пакінуты без аховы і нагляду ў калідоры санчасткі, дзе ён быў збіты іншым асуджаным — у чорных акулярах, вязаных чорных пальчатках і шапцы. Міхаіл Жамчужны быў захоплены нападаючым левай рукой за горла і атрымаў некалькі удараў па галаве. Пры гэтым нападаючы выказаў пагрозу, што калі сустрэне Жамчужнага ў калоніі — “распусціць на ніткі”. Па дадзеным інцыдэнце палітвязнем пададзеная скарга ў пракуратуру Магілёўскай вобласці.
Таксама стала вядома, што падчас знаходжання ў ПКТ, куды палітвязень Міхаіл Жамчужны быў змешчаны 5 студзеня тэрмінам на адзін месяц за “невыкананне законнага патрабавання прадстаўніка адміністрацыі накіравацца ў атрад”, у дачыненні да яго было вынесена яшчэ адно спагнанне — трое сутак ШІЗА. Чарговае пакаранне было вынесена палітвязню 19 студзеня за нібыта выяўлены ў яго камеры пыл і з 20 па 23 студзеня ён ужо адбываў яго. Такім чынам, гэта ўжо 18-е спагнанне з моманту заключэння Міхаіла Жамчужнага ў калонію № 9 г. Горкі.
У сувязі з дадзенымі падзеямі праваабаронца Таццяна Рэвяка звярнулася ў Рэспубліканскую і Магілёўскую абласную грамадскія назіральныя камісіі (ГНК).
Працягваюцца актыўныя следчыя дзеянні па раней распачатай крымінальнай справе ў дачыненні да актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Як стала вядома, у лютым быў цалкам зменены склад следчай групы, якая вядзе расследаванне гэтай справы, а тэрміны расследавання былі падоўжаныя да 1 траўня 2018 года. Следчы камітэт працягвае практыку допытаў у якасці сведак шараговых сябраў прафсаюза РЭП у розных рэгіёнах краіны.
Смяротнае пакаранне
1 лютага Камітэт па правах человека ААН пацвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага звароту Аляксея Міхалені, які быў прысуджаны да смяротнага пакарання Гомельскім абласным судом 17 сакавіка 2017 года.
Як паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, зварот асуджанага быў зарэгістраваны Камітэтам пад №3105/2018. У адказ на зварот Камітэт па правах чалавека ААН просіць беларускія ўлады адкласці расстрэл Аляксея Міхалені, пакуль яго справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта. Таксама КПЧ адправіў копію паведамлення аб рэгістрацыі звароту дзяржаве-ўдзельніцы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з просьбай паведаміць на працягу шасці месяцаў любую інфармацыю або назіранні ў дачыненні як да пытання прымальнасці, так і па пытаннях па сутнасці паведамлення асуджанага.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з тэрміновым зваротам за захаванне жыцця Вячаслава Сухаркі і Аляксандра Жыльнікава, якіх 20 студзеня 2018 году Мінскі гарадзкі суд прыгаварыў да смяротнай кары.
Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі таксамаа выступіла з заявай са згоды кіраўнікоў дыпламатычных місій краін ЕС у Беларусі, у якой у чарговы раз заклікала беларускія ўлады замяніць вынесеныя смяротныя прысуды і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго адмены.
Парушэнне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў
Працягваецца ціск на актывістаў за рэалізацыю імі свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў.
Многія актывісты апазіцыйных партый і рухаў, якія падвергліся адміністратыўнаму пераследу і пакараныя штрафамі за ўдзел у акцыях пратэсту, скардзяцца на дзеянні супрацоўнікаў упраўленняў прымусовага выканання — судовых выканаўцаў: пасля вынясення пастановаў аб адміністратыўным пакаранні ў выглядзе штрафу, не чакаючы ўступлення пастановы ў сілу, выканаўцы літаральна тэрарызуюць грамадзян, блакуюць аказанне паслугаў мабільнай сувязі, накладваюць абмежаванні на валоданне нерухомасцю і іншай маёмасцю, на кіраванне аўтатранспартам.
Барысаўскі праваабаронца Алег Мацкевіч накіраваў паведамленне ў Камітэт па правах чалавека ААН. Прадметам скаргі з'яўляецца парушэнне Рэспублікай Беларусь правоў, гарантаваных артыкуламі 19 і 21 МПГПП — свабода меркаванняў і свабода мірных сходаў. Падставай для звароту ў міжнародную арганізацыю стала забарона намеснікам старшыні Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта Марынай Булойчык пікету да Дня правоў чалавека 15 снежня 2016 года і наступныя судовыя рашэнні, якія пакінулі забарону ў сіле.
Свабода асацыяцыі
Не спыняюцца выпадкі парушэння права грамадзянаў на асацыяцыю: 22 студзеня ў Міністэрства юстыцыі былі пададзеныя на рэгістрацыю дакументы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі — незарэгістраванай правацэнтрысцкай палітычнай партыі, якая вядзе ў Беларусі дзейнасць з 2005 года. Гэта была сёмая спроба зарэгістраваць партыю; усяго спробаў зарэгістраваць хрысціянска-дэмакратычныя арганізацыі налічваюць больш за дваццаць. 23 лютага кіраўніцтва аргкамітэта атрымала паведамленне Мінюста аб прыпыненні рэгістрацыі на 1 месяц для атрымання дадатковых дакументаў.
Пасля гэтага сталі паступаць звесткі пра тое, што ў розных рэгіёнах прадстаўнікі мясцовай улады пачалі аказваць ціск на заснавальнікаў партыі з мэтай дамагчыся адклікання імі подпісаў на дакументах, пададзеных для рэгістрацыі ў Мінюст.
З 2006 года ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных грамадскіх аб'яднанняў і партый у Беларусі цягне крымінальную адказнасць і караецца, у тым ліку, пазбаўленнем волі.
Свабода распаўсюду інфармацыі. Ціск на журналістаў
5 лютага распаўсюджаная сумесная заява праваабарончых арганізацый па пытанні блакавання доступу да сайтаў belaruspartisan.org і charter97.org, у якой падкрэслена, што сродкі масавай інфармацыі, як традыцыйныя, так і заснаваныя на інтэрнэт-тэхналогіях, з'яўляюцца краевугольным каменем дэмакратычнага грамадства; любыя абмежаванні ў гэтай сферы павінны адпавядаць палажэнням Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь. Праваабаронцы заклікалі адмяніць адпаведныя рашэнні Міністэрства інфармацыі і аднавіць свабодны доступ да гэтых сайтаў, а таксама перагледзець існае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі і спыніць практыку палітычнай цэнзуры ў інтэрнэце.
У дзень мясцовых выбараў, 18 лютага, на выбарчым участку міліцыя збіла аператара “Белсата”. Інцыдэнт адбыўся на адным з выбарчых участкаў у Цэнтральным раёне сталіцы, дзе ён быў назіральнікам і вёў трансляцыю ў сацыяльнай сетцы. Андрэя Козела затрымалі чацвёра супрацоўнікаў міліцыі. Па сведчанні відавочцы, аператар заявіў, што міліцыянты збілі яго пры затрыманні і яго галавой разбілі шкляныя дзверы на выбарчым участку, таму ўся галава апынулася рассечанай да крыві. Ён вёў відэатрансляцыю з выбарчага ўчастка; міліцыянты паспрабавалі забараніць яму гэта рабіць, схапілі і сілай выцягнулі з залы, разбіўшы галавой дзверы.
На наступны дзень суд разгледзеў пратакол аб здзяйсненні непадпарадкавання супрацоўнікам міліцыі, якім міліцыянты апраўдвалі гвалт, і накіраваў справу на дапрацоўку.
19 лютага супрацоўнікі міліцыі ўварваліся з ператрусам у кватэру галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання vrogacheve.ru Дзяніса Дашкевіча. Пра гэта Дзяніс Дашкевіч паведаміў у сваім акаўнце ў Facebook. Паводле крыніцы Belsat.eu, міліцыянты выламалі дзверы ў кватэры рагачоўскага журналіста. Тое, што адбылося, звязваецца з тым, што рэсурс апублікаваў гісторыю аб збіцці ў Рагачове грамадзяніна супрацоўнікамі міліцыі.
Працягваецца і практыка прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці журналістаў за супрацоўніцтва з незалежным тэлеканалам «Белсат»: суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прысудзіў віцяблян Віталя Скрыля і Уладзіміра Лунёва да штрафаў у памеры 24 базавых велічынь, прызнаўшы іх вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (частка 2 арт. 22.9 КаАП РБ), паведаміла “Віцебская Вясна”.
Увечары 22 лютага ў кватэры бацькоў Сцяпана Святлова (псеўданім), 19-гадовага блогера з Мінска, аўтара папулярнага блога на YouTube Nexta, прысвечанага грамадска-палітычнаму жыццю ў Беларусі, быў праведзены ператрус. Зараз Сцяпан знаходзіцца ў Польшчы, там ён вучыцца ва ўніверсітэце. У мінскай кватэры падчас ператрусу знаходзілася толькі яго маці. Па словах блогера, праваахоўнікі канфіскавалі ноўтбук і маленькую відэакамеру, склалі пратакол ператрусу. Пры гэтым яны не далі маці Сцяпана ніякіх копій дакументаў і не паведамілі, у якім працэсуальным статусе на дадзены момант знаходзіцца Сцяпан.
У судзе Ленінскага раёна Брэста 28 лютага разгледжаны адміністратыўныя справы папулярных на Берасцейшчыне блогераў: жыхара Брэста Сяргея Пятрухіна і жыхара Бярозы Аляксандра Кабанава. Яны былі гвалтоўна затрыманыя ўвечары 23 лютага і да суда змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання Брэста. У дачыненні да абодвух міліцыяй былі складзеныя пратаколы за заклікі да масавага мерапрыемства. У выніку яны пакараныя штрафамі па 1 225 рублёў кожны.
22 лютага блогеры атрымалі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння палажэнняў Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, якія падпісалі пракурор Брэста Іван Чайчыц і пракурор Бярозаўскага раёна Аляксандр Круцько. Мясцовыя ўлады такім чынам адрэагавалі на іх заявы пра гатоўнасць выйсці на гарадскую плошчу, калі пад Брэстам не спыніцца будаўніцтва акумулятарнага завода.
Жорсткае абыходжанне
У лютым зафіксаваныя новыя выпадкі жорсткага абыходжання супрацоўнікаў МУС з грамадзянамі. Належнага расследавання гэтых і раней вядомых выпадкаў не вядзецца.
Так, стала вядома аб выпадку, які адбыўся ў навагоднюю ноч са Святланай Сакалоўскай (сцэнічны псеўданім): яна падвергнулася нападу супрацоўнікаў АМАП, адзін з якіх без падставаў ударыў яе дубінкай па галаве, прычыніўшы цялесныя пашкоджанні. Праверка вядзецца Следчым камітэтам.
У сацыяльных сетках праваабаронцы “Вясны” запусцілі флэшмоб #БезПраваНаРасправу і заклікаюць надаць агалосцы выпадкі, у якіх супрацоўнікі органаў МУС дзейнічалі з перавышэннем сваіх паўнамоцтваў.
У Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнуўся мінскі мастак-ілюстратар Аляксей Жаліба, які распавёў пра здзек з боку супрацоўнікаў міліцыі з РУУС Кастрычніцкага раёна г. Мінска: ноччу 31 студзеня ў маладога чалавека адбыўся канфлікт з нагоды аплаты паездкі з таксістам. Супрацоўнікі міліцыі прывезлі яго ў Кастрычніцкі РУУС г. Мінска. Затрыманы прасіў выклікаць хуткую, аднак яго падцягнулі да жалезнага крэсла, прыпаянага да падлогі, пасадзілі на яго і так туга закавалі ў кайданкі, што затрыманы не мог рухацца; на яго руках засталіся сінякі. Не даўшы азнаёміцца са зместам дакументаў, іх прымусілі падпісаць, пагражаючы затрыманнем да суда. Пададзена заява ў Следчы камітэт.
Пракуратура Слуцкага раёна не знайшла парушэнняў ва ўмовах утрымання ў камерах ізалятара часовага ўтрымання Слуцкага РАУС. Такі адказ на сваю скаргу атрымаў затрыманы ў ноч на першага студзеня валанцёр Праваабарончага цэнтра “Вясна” Юрый Мяцельскі. Праз некалькі дзён пасля выхаду ў ІЧУ, куды ён быў змешчаны па сфабрыкаванай адміністратыўнай справе, валанцёр накіраваў скаргу ў пракуратуру Слуцкага раёна з падрабязным апісаннем дрэнных умоваў утрымання і з просьбай правесці праверку па гэтым факце. 22 лютага адміністратыўная справа была спыненая з-за недаказанасці здзяйснення правапарушэння Юрыем Мяцельскім. Цяпер валанцёр “Вясны” збіраецца спагнаць за сваё незаконнае двухдзённае ўтрыманне ў ІЧУ кампенсацыю праз суд.
Больш за год спрабуе прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі беспадстаўна збіты пры затрыманні і дастаўлены ў РУУС Дзмітрый Серада. Нядаўна ён атрымаў з пракуратуры горада Мінска адказ на сваю чарговую скаргу аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за збіццё супрацоўнікамі міліцыі пры жорсткім затрыманні ў сваёй кватэры і спецтранспарце пры дастаўленні ў РУУС. За подпісам намесніка пракурора горада Дзмітрыя Касцюкевіча ў лісце адзначаецца, што следчым камітэтам па г. Мінску праведзена праверка, па выніках якой неаднаразова прымаліся рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, “у аснову рашэння аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы пакладзены высновы аб тым, што супрацоўнікі органаў унутраных справаў дзейнічалі ў рамках паўнамоцтваў, прадастаўленых арт. 25 Закона «Аб органах унутраных справаў». Такім чынам, пракурор апраўдвае і ўдар, нанесены па твары безабароннага чалавека афіцэрам АМАПа ў службовым аўтамабілі.
З лета 2015 года Мікалай Радзівілаў з Мінска дамагаецца ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў Талачынскага РАУС, якія яго збілі. За гэты час матэрыялы праверкі прымаліся да вытворчасці рознымі структурамі Следчага камітэта, вывучаліся пракурорамі рознага ўзроўню. Аднак, нягледзячы на актыўную пазіцыю пацярпелага, праваахоўнікі ў расследаванні абставінаў таго, што адбылося, далёка не прасунуліся: у жніўні 2017 года яшчэ нават не было ўстаноўлена, якія менавіта цялесныя пашкоджанні атрымаў М. Радзівілаў. Праваабаронцы рыхтуюцца абскардзіць вынікі праверкі, разабраўшыся ў супярэчлівых выніках экспертных даследаванняў.