У судзе Ленінскага раёна Берасця 28 лютага працягваецца разгляд адміністрацыйных спраў папулярных на Берасцейшчыне блогераў: жыхара Берасця Сяргея Пятрухіна і жыхара Бярозы Аляксандра Кабанава.
Яны былі гвалтоўна затрыманыя вечарам 23 лютага і да суда змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання Берасця. Абодвух абвінавачаваюць па ч. 3 арт. 23.34 КаАП РБ, нібыта за заклікі да масавага мерапрыемства.На першым судовым паседжанні, якое адбылося 26 лютага, Сяргей Пятрухін заявіў хадайніцтва аб заключэнні дамовы з абаронцам. Суддзя Дзмітрый Шурын задаволіў хадайніцтва і прадставіў час для заключэння дамовы з адвакатам і для азнаямлення з матэрыяламі справы.
Такое ж рашэнне прыняў і суддзя Аляксандр Семянчук, які разглядае адміністрацыйную справу Аляксандра Кабанава. Суд працягнецца 28 лютага ў 9-30.
За разглядам спраў у судзе сочаць берасцейскія праваабаронцы.
Уладзімір Вялічкін перадае, што падтрымаць Кабанава у суд прыйшло некалькі дзесяткаў людзей, зала не не змяшчае ўсіх жадаючых прысутнічаць на пасяджэнні.
Суддзя Семянчук забараніў весці фота і відэаздымкі працэсу.
Аляксандр Кабанаў заявіў хадайніцтва, каб да працэсу далучылі ў якасці сведкі Сяргея Пятрухіна. Суддзя пагадзіўся.
Кабанаў тлумачыць суду, што 23 лютага яго не затрымалі, а скралі людзі ў цывільным, што толькі потым ён даведаўся, што гэта быў АМАП. Калі складалі пратакол аб затрыманні, не паведамілі прычыну і не прадставілі адваката, а таксама не дазволілі патэлефанаваць.
“І ўвогуле, пратакол, які быў складзены 22 лютага, з памылкамі, з якіх вынікае, што гэта не я, а іншая асоба”, - кажа Кабанаў. - Я заявіў ультыматум, што я выйду (на мітынг), адзеяння магло і не быць, а мяне абвінавачваюць, што я заклікаў да ўдзелу, хаця я толькі аб'явіў аб намеры. Я спадзяваўся, што будоўлю акумулятарнага завода спыняць і нам ня трэба будзе нікуды хадзіць”
Сведка Пятрухін тлумачыць суду, што ён і Кабанаў таксама, нікога нікуды не запрашалі, проста выходзілі ў эфір у 2 гадзіны дня. У сваіх сюжэтах ніколі не ўжывалі словы “мітынг” і “пікет”. Ніякіх заклікаў у ягонай прамове таксама не было.
Суддзя абвесціў перапынак, праглядае відэазапіс, незадаволена круціць галавой. У залі прысутнічаюць 3 супрацоўнікі АМАПу і 2 міліцыянты. "Кепскі знак", - кажуць людзі.
Адвакат кажа, што пры падрыхтоўцы адміністрацыйнай справы дапушчаныя істотныя парушэнні. Напрыклад, Кабанава змушалі да дачы сведчанняў, а ў пратаколе пашпартныя дадзены іншага чалавека. Апроч таго, відэаматэрыялы не ўтрымліваюць дакладнага сцвярджэння, што ён выйдзе мітынгаваць. На падставе гэтага адвакат просіць спыніць справу за адсутнасцю правапарушэння.
Аднак суддзя выносіць пастанову - штраф у памеры 50 базавых велічынь.
Суд над Сяргеем Пятрухіным пачаўся са скандалу: жадаючых міліцыя не прапускае ў зал суда, маўляў, месца ўсім не хапае, а стаяць нельга. Праваабаронца Раман Кісляк скіраваўся падаваць скаргу старшыні суда. Пасля гэтага ўсіх прапусцілі на суд.
Пратакол правапарушэння складзены па ч.3 арт. 23.34 КаАП.
“Я быў затрыманы і змешчаны у ІЧУ, а ў панядзелак мяне прывезлі у суд і трымалі ў машыне ў двары суда 1,5 гадзіны, я моцна замёрз, паколькі тэмпература была -15”, - распаввядае Пятрухін.
Ён кажа аб тым, што затрыманне было гвалтоўным, а немагчымасць патэлефанаваць расцэньвае як катаванне.
Пятрухін паскардзіўся на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, аднак суддзя паведаміў, што такая скарга судом удадзеным працэсе не можа быць разгледжана, што трэба звяртацца ў органы. У хадайніцтве адмолена. Далей блогер заявіў сведкамі Аляксандра Кабанава і Петрусевіча. Суддзя задаволіў хадайніцтва.
У суд выклікаецца сведка з боку міліцыі - Дземянчук.
У пратаколе правапарушэння пазначана, што Пятрухін публічна аб'явіў аб правядзенні пікетаванні супраць будоўлі акумулятарнага завода, чым парушыў закон аб масавых мерапрыемствах.
Суддзя Дзмітрый Шурын абвесціў перапынак да 14-30, каб выклікаць у суд сведку Дземенчука.
Пасля перапынку суддзя выносіць пастанову аб прыцягненні Пятрухіна да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічынь.
***
Нагадаем, 22 лютага блогеры атрымалі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння палажэнняў Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, якія падпісалі адпаведна пракурор Брэста Іван Чайчыц і пракурор Бярозаўскага раёна Аляксандр Круцько.
Мясцовыя ўлады такім чынам адрэагавалі на іх заявы аб гатоўнасці выйсці на гарадскую плошчу, калі пад Брэстам не спыніцца будаўніцтва акумулятарнага завода.
Крыніца: Берасцейскіх блогераў аштрафавалі, на 50 базавых кожнага Дапоўнена