06.08.2023 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, салідарнасць, гісторыі вязняў Асобы: Леанід Судаленка Праваабаронца ПЦ "Вясна" і былы палітзняволены Леанід Судаленка распавёў пасля ад’езду з Беларусі, чаму прыняў такое рашэнне, як выглядала дыскрымінацыя асуджаных па палітычных артыкулах у зняволенні і чаму салідарнасць важная. "Вясна" прыводзіць словы Леаніда ў якасці маналогу.

leanid_sudalenka-paslia-vyzvalennia.jpg
Леанід Судаленка пасля вызвалення

Пра ад’езд з Беларусі

Пасля вызвалення я, як і патрабавалі гэтыя правілы, цягам трох дзён павінен быў стаць у міліцыі на ўлік. І калі я прыйшоў туды, стаў на ўлік, зноў жа гэтыя адбіткі пальцаў, зноў жа гэтыя працэдуры… У мяне менш цяжкае крымінальнае злачынства, паводле якога я быў асуджаны, таму цягам двух гадоў здымаецца судзімасць. І цягам гэтых двух гадоў я павінен штотыдзень у 11 гадзін хадзіць у міліцыю, Савецкі РАУС горада Гомеля па месцы жыхарства на такія прафілактычныя гутаркі. Таму што хоць у мяне такое злачынства не цяжкае, але ж вы ведаеце, што мой артыкул падпадае пад экстрэмісцкі народны артыкул —  342. І акрамя таго маё ж прозвішча ў гэтых базах экстрэмістаў, які ўрад зацвердзіў. І, канешне, мяне не пакідалі ў пакоі, таму што акрамя таго, што я адзін раз схадзіў у нядзелю (пасля вызвалення) туды ў РАУС, там паказалі фільм пра “наркаманаў” у актавым зале, сабралі недзе каля 40 чалавек, адзначылі, што я з'явіўся.  І калі я станавіўся на ўлік, папярэдзілі: калі я не прыйду, то павінен патлумачыць, і калі ў мяне не будзе нейкай прычыны, якая заслугоўвае даверу (напрыклад, хворы), тады гэта будзе парушэнне, маюць скласці пратакол адміністрацыйны, як яны сказалі, да 100 базавых адзінак штраф ці 15 сутак арышт. І вось такое цягам двух гадоў. І такая вось перспектыва ў мяне вымалёўвалася. Акрамя таго, яны прыходзілі да мяне да хаты, проста ўключалі відэарэгістратар, знаёмілі мяне пад асабісты подпіс, што, напрыклад, першага жніўня ў 11:45 я знаходзіўся дома. Я ім кажу: "Што гэта, хатняя хімія ці што? Я адбыў пакаранне, у мяне ёсць даведка аб вызваленні, што гэта і навошта?" Яны кажуць: "Хадзілі і будзем хадзіць, нават ноччу можам прыйсці". Акрамя таго, калі я выязджаю на больш чым тры дні з горада, то я павінен дазвола запытацца ў іх, бо гэта таксама парушэнне. Адным словам, абклалі вось так, і ў такіх умовах — я яшчэ нічога не раблю, а ўжо вось столькі абмежаванняў у мяне, такая вось дыскрымінацыя. Я ў нядзелю паглядзеў у іх гэтае ў іх кіно, а ўвечары яны ізноў да мяне прыходзяць — ізноў жа пад рэгістратар гэта ўсё. І там, дзе я быў (у калоніі — Заўв.) кожны дзень больш чым па дзесяць разоў праверкі — я ж насіў, як і іншыя палітычныя, жоўтую бірку: прафілактычны ўлік. А калі такая гучала каманда: "профулік восьмага атраду пастраенне" — трэба было ў "лакалку" спусціцца, пастроіцца, прыходзіць міліцыянт і пад відэарэгістратар зноў жа ўсіх пералічвае… І тут (на волі — Заўв.) зноў жа такія абмежаванні. На чым яны базаваны? Я разумею, што абароны няма, суда няма — нават я, юрыст, правазнаўца, і я не змагу сам сябе абараніць. Вось гэтыя абмежаванні — яны заўтра на мяне складуць адзін пратакол, другі, абкладуць гэтымі буйнымі штрафамі, і потым я невыяздны буду — і што рабіць? Я прабіў сябе па гэтай базе міліцэйскай і пабачыў, што ў мяне не было ніякіх грашовых запазыкаў перад дзяржавай, штрафаў нясплачаных — выезд мне быў дазволены. Гэта потым я ўжо даведаўся, што акрамя гэтага афіцыйнага спісу існуюць яшчэ на мяжы і не афіцыйны, і што тычыцца "эсктрэмістаў", дык дакладна не прапускаюць праз мяжу. І канешне, тым людзям, якія аказалі мне дапамогу, каб я з’ехаў — гэта фонд BYSOL — дзякую ім. Таму што насамрэч, калі б я паехаў проста на мяжу, напэўна мяне б не прапусцілі, а напэўна і затрымалі, калі б яны бачылі, што я з'язджаю праз такі афіцыйны канал.

Цяжка далося мне рашэнне аб выездзе, таму што ў мяне вобшукі за два тыдні да майго затрымання прайшлі, і дома, і ў офісе, і ў мяне быў час 14 дзён, каб з'ехаць, і я тады з горда паднятай галавой — яшчэ іншыя былі часы — казаў: "Няхай яны з'язджаюць, а я нікуды не паеду". Тады насамрэч я яшчэ не адчуваў усёй моцы гэтых рэпрэсій. Я быў адзін з першых праваабаронцаў, якога затрымалі, а потым тое, што яны з кіраўніцтвам "Вясны" зрабілі, тое, што з іншымі праваабаронцамі, гэта проста жахліва. Я, калі сядзеў ужо ў лагеры і пра гэта даведаўся, проста месца сабе не знаходзіў насамрэч —  што адбываецца ў краіне з правамі чалавека, гэта нейкія нават не сталінскія рэпрэсіі 37-га года, гэта горш. Калі к нам ў лагер пачалі заязджаць за тое, што дзесьці рэпост нейкі зрабілі, ці лайк паставілі, ці расійскую тэхніку сфатагравалі ды дзесьці змясцілі ў сацыяльных сетках — і заязджаюць на буйныя тэрміны, не тры гады (як у Леаніда — Заўв.), а на чатыры, пяць, сем гадоў. Гэта жахліва было, і я разумеў, што з правамі чалавека ў краіне проста поўная катастрофа.

У мяне сям'я, жонка, сын школьнік ў дзявяты клас пойдзе ў верасні — і цяжка было прымаць рашэнне, таму што я не адзін, я з сям'ёй, сям'я маральна не гатова ехаць, і канешне я ў такой сітуацыі складанай... Жонка сказала: "Лепш я да цябе буду ездзіць у Вільню (куды з'ехаў Леанід — Заўв.), чым у турму ў Віцьбу (дзе знаходзілася калонія, у якой сядзеў Леанід — Заўв)". Тым больш, што калі б мяне па-новаму судзілі, то я быў бы ўжо не ў Віцьбе, таму што Віцьба — гэта агульны рэжым, і такая больш-менш лайтовая калонія, як кажуць, у параўнанні з іншымі, хаця я ў іншых месцах не быў. Але калі ўжо б па другому разу мяне судзілі, гэта быў бы ўжо строгі рэжым, і я б, напэўна, дзесьці ўжо б у Воршу паехаў бы, а гэта больш складаныя ўмовы былі б.

І вось, зыходзячы з усяго гэтага і бачачы такую пільную ўвагу да маёй асобы з боку міліцыянтаў, я ўсё ж прыняў рашэнне з'ехаць. Сам сабе адказваю і сам сябе накручваю, што я ў камандзіроўцы, і гатовы штосьці рабіць, якую-небудзь агульную працу выконваць, каб мая замежная камандыроўка — не толькі мая, а ўсіх нас — як мага хутчэй скончылася, таму што я насамрэч не планую ўсё сваё астатняе жыццё правесці ў эміграцыі. Я хачу вярнуцца да хаты, на радзіму, усё маё там.

Ці атрымалася адстойваць свае правы і правесці маніторынг пенітэнцыярнай установы падчас зняволення?

Я лічу, што ў кожнага чалавека, які там ці быў, ці там зараз знаходзіцца, ёсць такая магчымасць, таму што тое, што ты бачыш, тое, што ты чуеш, — гэта памяць твая, і гэтага забыць нельга. Пачынаючы з затрымання — і да сённяшняга дня я ўсё гэта пракручваў у галаве і ўсю гэту інфармацыю трымаю. Калі пытанне паставіць, ці можна знаходзячыся там, адстойваць свае правы, я кажу адназначна не. Таму што чалавек павінен зрабіць выбар: ці захаваць здароўе ў першую чаргу і нават сваё жыццё, ці спрабаваць адстойваць свае правы. Мяне мая сям'я прасіла захаваць сябе і маё здароўе, я ім паабяцаў гэта зрабіць. Таму што сістэма ламае людзей, і ламае людзей вельмі моцных. Там сістэма так пабудавана, што калі ты прыязджаеш у лагер, кожнаму даюць падпісаць паперу аб тым, што ты будзеш выконваць правілы унутранага распарадку (ПУР), у тым ліку падпарадкоўвацца любому патрабаванню супрацоўнікаў-інспектароў-міліцыянтаў. Калі ты не падпішаш гэтае пагадненне — цябе адразу на ШІЗА, і ты там сядзіш. Прасядзіш ты там паўгады, магчыма нават ў адзіночнай камеры — табе там даюць яшчэ паўгады. Ты прасядзіш там год, а потым на цябе завядуць новую крымінальную справу па 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу — дадуць год турмы. Цябе перавязуць на год у турму на Магілёў — а потым вернуць сюды, ізноў будуць прапаноўваць табе падпісаць паперу аб тым, што ты згодны выконваць правілы.

Я падпісаў гэтую паперу, таму што я хацеў захаваць сябе, сваё здароўе, і выйсці на волю як мага хутчэй. У мяне сям'я — і я сям'і гэта абяцаў. Мой стан здароўя, мой узрост... Нават маладыя ўсе падпісваюць гэтыя паперы. Я нікога не заклікаю: не падпісваць, напрыклад. Наадварот, мы павінны быць жывыя, а не мёртвыя. Сістэма, якая цябе там зламае — і ты застанешся нават без здароўя. Гэта што тычыцца адстойвання правоў.

А што тычыцца маніторынгу, канешне я гатовы тут па пунктам раскласці вось усё тое, што я бачыў, пачынаючы ад "раснічак" на турэмных вокнах, з месцаў, у якіх ты знаходзішся, бытавых умоў, з ІЧУ, дзе я трое сутак правёў, потым СІЗА, дзе я правёў крыху больш года, і паўтары гады ў калоніі ў Віцьбе. Канешне, у Віцьбе ў бытавым сэнсе, у параўнанні з СІЗА, лепш. Таму што СІЗА — гэта закрытая тэрыторыя. І я прасіў камеру, дзе не паляць. Я не палю сам, і для мяне цяжка было пераносіць тытунёвы дым. 10 чалавек (у камеры) паліла. І я "выкурваў" разам з імі 10 пачак на дзень, таму што дыхаў гэтым паветрам. Я прасіў (іншую) камеру, але мне сказалі: "У нас няма, Леанід Леанідавіч, VIP-камер". У мяне кружылася галава, мне станавілася дрэнна.

Скажу так, што самая галоўная праблема — тое, што ўсіх зняволеных дзяржава падзяліла на две катэгорыі: палітычныя, якія носяць жоўтыя біркі і якія сядзяць па "экстрэмісцкіх" артыкулах, і усе астатнія: па артыкулах за гвалт, забойства, наркаманію, хуліганства, крадзеж, махлярства. І да ўсіх гэтых артыкулаў менш увагі, чым да нас, да палітычных. Акрамя таго, што нас больш і часцей правяраюць, дык нават у бытавым плане нас абмяжоўваюць. Яскравы прыклад: усе палітычныя павінны быць парушальнікамі. Я адбыў тэрмін, мой статус быў "злосны парушальнік". Злосны — чалавек, які мае тры і больш парушэнні цягам году (праз год толькі парушэнні спісваюцца). Што такое парушэнні — гэта не зашпілены гузік, гэта ты не павітаўся: "Здравствуйте, гражданин начальник; до свидания, гражданин начальник". Калі да цябе падыходзяць, ты павінен звярнуцца па пэўнай форме: "Осужденный Судаленко Леонид Леонидович, 1966 года рождения, по статье 342 к трем годам лишения свободы. Начало срока: четырнаццатого ноль первого двадцать второго, конец срока двадцать первого ноль седьмого..." Я вось так на дзень па сто раз павінен быў казаць. Калі ты гэтага не зрабіў адзін раз — то гэта ізноў парушэнне. І вось палітычным, канешне, складаней было. Я успамінаю такі выпадак: я запісаўся ў шахматны кружок, таму што я гуляў у шахматы ўсё жыццё — у мяне часта маладыя хлопцы запытвалі: "Які час ты гуляеш?" Я кажу: "Ну мяне бацька дзесці у пяць-шэсць гадоў навучыў гуляцьбольш пяцідзесяці год я ўжо гуляю ў шахматы, паўвека". І запісаўся ў гэты кружок — і нават другое месца па ўсёй зоне заняў. Дык нават тым, хто трэцяе месца заняў, чацвёртае і пятае, — і званкі далі дадатковыя, і граматы падпісалі. А мне ніхто нічога не даў, нават дзякуй не сказалі. І там ёсць нават мясцовая газета Дэпартамента выканання пакаранняў — дык нават у гэтай газеце пра шахматы расказвалі, а пра тое, што менавіта я там атрымаў перамогу, пра гэта не надрукавалі. Я пра што? Каб такое адбылося са звычайным асуджаным, то ён бы напрыклад і спатканні дадатковы атрымаў — ён бы для сябе нейкую карысць бы меў. А я адседзеў паўтары гады — мне не далі ніводнага спаткання з сям'ёй. Як гэта разумець? Я не атрымаў (у калоніі) ніводнага ліста. Я нават хадзіў у адміністрацыю і казаў: "У маім прысудзе не напісана "без права переписки"", як гэта было ў часы сталінскіх рэпрэсій, кажу: "Чаму я не маг атрымаць ліст ад іншага чалавека, а толькі ад жонкі?" Калі я сядзеў на Гомельскім СІЗА, я атрымліваў ад пяці да дваццаці лістоў штодзённа. Я две сумкі прывёз гэтых лістоў (для мяне гэта было важна). Чаму там я атрымліваў столькі лістоў — больш тысячы за год— і  чаму тут (у калоніі) я не атрымаў ніводнага? Я зразумеў, што людзі пішуць, але мне проста іх не аддаюць. 

Была і пэўная інфармацыйная блакада. Так, тэлебачанне можна было глядзець, але пэўныя каналы, якія адміністрацыя лічыць прымальным, напрыклад, СТВ — сталічнае тэлебачанне, з 19:30 да 20:00 у "ленцы" — гэта "ленінская" комната, у якой збіраюцца і глядзяць гэтыя тэлеперадачы, навіны афіцыйныя. Але што ты там пабачыш па СТВ? Зразумела, якая там павестка дня.

Дазвалялі выпісваць газеты, я нават на “СБ” падпісваўся, на "Гомельскую праўду". Калі сядзеў у СІЗА ў Гомелі, то ў пэўныя часы яшчэ лібералізацыі былі, дык нават "Новы час" я атрымаў — той нумар, дзе "Затрыманы праваабаронца Леанід Судаленка" з маім фотаздымкам там. А потым усё. І "Аргументы и факты", і "Комсомольскую правду в Беларуси" — усё забаранілі выпісваць, тольі вось "СБ". Я чытаў таго ж Мукавозчыка, як ён ёрнічае, перакручвае ўсё. Але так хоць я адсочваў падзеі, якія адбываюцца ў краіне — там пра суды пісалі, такія громкія працэсы, якія пасля хвалі гэтых затрыманняў... 

Што тычыцца званкоў — іх давалі, але пад кантролем аператыўнага супрацоўніка, які слухаў цябе, і як толькі ты казаў ці пра вайну ва Украіне, ці штосьці такое пачынаў абмяркоўваць, і ён лічыў, што гэта забаронена, — то абрывалася сувязь. Ён, перад тым, як даць званіць, папярэджваў: "Ні слова пра Украіну, ні слова пра "Вагнер"”...

Не ведаю, чаму, але літаральна за дзесяць дзён да майго вызвалення мяне здымаюць з рэчамі на выхад і заводзяць на КП і даюць дзесяць сутак ШІЗА. Мяне кідаюць у адзіночную камеру. І я вызваляўся з ШІЗА небрыты, у робе турэмнай. Усім астатнім, непалітычным, напярэдадні выдаюць асабістыя рэчы, у якіх іх затрымлівалі; яны іх сціраюць, гладзяць — пераапрануцца і выходзяць у чыстым. А я выйшаў як "бомж", таму што я дзесяць дзён на падлозе праспаў (у ШІЗА) — там жа сістэма такая, што толькі ноччу адкідваюць гэты металічны ложак, а потым прашпільваюць да сцяны, каб ты не спаў. Але я ведаў, што мне ўжо больш не дадуць, і ў мяне вызваленне, таму я клаўся на падлогу і проста спаў. Там дазваляюць туалетную паперу — рулон адзін, і усё, цёплых рэчаў не дазваляюць. Дык пакуль была туалетная папера — спаў на ёй, потым ужо кулак падкладваў пад галаву, таму што там кожныя 40 хвілін прачынаешся ноччу, бо нямее галава, шыя зацякае, і немагчыма. І холадна ноччу было, нават калі на вуліцы было +22, а вакно адчыненае — недзе +10-12, холад быў пастаянны, зубы стукаюць ці проста калоцішся, таму ты павінен прайсціся, размяцца, зрабіць зарадку дзеля таго, каб сагрэцца.

Зноў жа пытанне, чаму ў ШІЗА не даюць пасцельнага, матрац, падушкі? Чаму нельга проста не даць? Чаму нельга па-чалавечы? Я палічыў, што дзевяць дзён у мяне застаецца (да вызвалення) — я магу вытрымаць, таму я аб'явіў там галадоўку ў знак пратэсту, таму што мне не далі гэтага. Я кажу: "Мне без малога 60 год, я павінен першы раз пакласціся без пасцельнага, матраца? Як у гэтых умовах можна спаць?" На што мне адказалі: "Гэта прапісана ў законе". Я сказаў: "У якім законе, калі Крымінальна-выканаўчы кодэкс не кажа пра тое, што пазбаўляюць пасцельнага?". 

Трохразавае харчаванне гарачае: каша, шклянка гарбаты, кавалак хлеба, у абед яшчэ суп, вечарам таксама каша ці картопля, кавалак хлеба і шклянка гарбаты. Але я не аб'яўляў сухой галадоўкі, я сказаў, што я адмаўляюся ад ежы, а гарбату буду піць. Зразумела, нічога не дабіўся, акрамя таго, што прадстаўнік адміністрацыі — зам.начальніка калоніі — са мной сустрэўся, выслухаў мяне, на трэці дзень ён прыйшоў.

А яшчэ я пратэставаў таму, што перад тым, як пасадзіць чалавека ў ШІЗА, паводле Кодэксу, яго павінен агледзець ўрач і даць на гэта дазвол. Мяне ж кінулі туды без агляду ўрача, хаця дакладна ім ўсім было вядома пра мае захворванні, у тым ліку дыягназ мой... Я не атрымліваў тых медыкаментаў, якія павінен быў кожны дзень прымаць, напрыклад, таблеткі ад цукровага дыябету. І я казаў пра гэта ўрачам, і яны проста махалі рукамі і зыходзілі.

Пра медыцыну там — гэта асобная размова. Я лічу, у XXI стагоддзі такой медыцыны не павінна быць наогул. Яе лепшы бы там не было, чым яна там ёсць.

Яшчэ адна з прычынаў, чаму я адмовіўся ад ежы — таму што я пабачыў такую дыскрымінацыю ў дачыненні да сябе. Калі тады выйшла амністыя, і ўсе думалі, што можа і на палітычных яна распаўсюдзіцца, дык яны хуценька так зрабілі: прыбеглі да мяне: "Чаму вы не прадставіліся?" Зрабілі мяне хутка злосным парушальнікам. А я стаю на "промцы", на сваім працоўным месцы, гэтыя драты каляровыя выцягваю, а да мяне звяртаюцца (раптам): "Леанід Леанідавіч!" Я аглядваюся — а ён відэарэгістратар уключае: "А чаму вы не прадставіліся?" Я кажу: "Дык я ж працую, я вас не бачыў". Усе — парушэнне, мяне адразу зрабілі злосным, таму што ў амністыі напісана, што яна не распаўсюджваецца на тых, хто злосна парушае рэжым адбывання пакарання. Наўмысна яны гэта зрабілі. Гэта я кажу пра тое, што ўсе палітычныя праходзяць праз тое, што яны павінны абавязкова з'яўляцца парушальнікамі. Абавязкова. А не быць парушальнікам проста немагчыма. Прычым гэта робяць штучна. Напрыклад, я не збіраўся ніколі штосьці парушаць. Напрыклад, я галіўся, заўсёды быў чысты, але вось я нават адзін раз быў пабрыты, але яны ўсё роўна напісалі рапарт на мяне, што я там быў непаголены: "неопрятный внешний вид". І ніхто ў цябе не запытвае: ці так, ці не. Адразу парушэнні, напрыклад, вымова, пазбаўленне спаткання з жонкай. Усім даюць доўгатэрміновыя спатканні —на дзень, два, тры — мне не далі ні разу. Нават пазбаўлялі мяне кароткіх спатканняў: жонка прывозіць перадачу 50 кілаграмаў харчовую, ставіць на КП — і едзе да хаты, і нават мы з ёй не бачымся, таму што мяне пазбавілі гэтага спаткання.

Напрыклад, быў у нашым атрадзе дзень адчыненых дзвярэй напярэдадні Новага года, калі маглі прыехаць родзічы: іх паводзяць па лагеры, пакажуць, дзе спяць, у якіх умовах утрымліваюцца, дадуць магчымасць сустрэцца асуджаным з родзічамі, пагутарыць, пасядзець у клубе дзве-тры гадзіны, зноў жа тая харчовая перадача з дазволу адміністрацыі дадатковая —а гэта перад Новым годам таксама важна, таму што есці там ўсё, што даюць, немагчыма, а калі не есці, тады чалавек проста можа захварэць, і такі пэўны баланс трэба патрымліваць. І вось нават ні адзін палітычны не патрапіў у спіс тых шчаслівых, да каго змаглі прыехаць блізкія. Гэта таксама такі прыклад, які яскрава кажа пра дыскрымінацыю з боку адміністрацыі вось менавіта з палітычных прычынаў. Што перашкаджала адміністрацыі ўключыць мяне ў гэты спіс, каб да мяне непаўнагадовы сын прыехаў, жонка, мы абняліся б перад Новым годам, яны б прывезлі мне якога-небудзь харчавання, гарбаты, кавы, каўбасы ці сала, ці сыра цвёрдага (тое, што даўжэй захоўваецца)?..

Я не тое, каб праводзіў маніторынг — гэта тое, што я бачыў, з чым сутыкаўся амаль кожны дзень. Калі ў мяне тэмпература, я прыходжу ў медпункт, у мяне 37,4 градусаў — самы калатун. Урач дае таблетку і кажа: "Ідзі на працу, яно да вечара пройдзе". І гэта кажа той урач, які калісьці клятву Гіпакрата прымаў. Калі ў цябе тэмпература вышэй за 38, то яны цябе могуць пакласці ў шпіталь мясцовы ці проста пакінуць на бараку. Я казаў: "Вызваліце мяне ад працы, каб я не ішоў бы ў халодны цэх, а сядзеў бы з гарачым кубкам на бараку і сам бы сябе лячыў". Але не даюць. Чаму? Не ведаю. Вось такое вось стаўленне да палітычных — менавіта таму, што ў мяне "экстрэмісцкі" артыкул, і вось толькі з-за гэтага. Вельмі шмат іншых прыкладаў, калі з боку адміністрацыі такое стаўленне негатыўнае больш да палітычных, якія менавіта "жоўтабірачнікі", як нас называюць там, бо ўсе астатнія носяць белыя біркі.

Умовы бытавыя больш-менш нармалёвыя, але што тычыцца працы, "промкі" так званай: мы працавалі ў першую змену, у другую, і так мяняліся кожны тыдзень. Спачатку я працаваў на дрэваапрацоўцы, падмятаў там апілкі — быў такім разнарабочым. Там паддоны кляпалі хлопцы, дзесьці што перанесці трэбы было— але мне па здароўю больш пяці кілаграмаў ужо забаронена было падымаць, дык я штосьці лёгкае рабіў, не скажу, што было цяжка. А калі потым перавялі на драты ў цэх металу, там ужо было складаней, таму што табе даюць пласкагубцы, малаток, нож, нават працоўных пярчатак не выдаюць (мне сям'я дасылала), звычайна рукі парэзаныя, паколатыя, заўсёды брудныя, бо сам працэс такі неаўтаматычны — гэта ручная праца, зняць вось гэтую ізаляцыю, дастаць адтуль свінец, алюміній ці медзь, у залежнасці што там прывязуць і якія драты трэба разбіраць. Была пэўная норма, колькі медзі ці таго ж алюмінія я павінен за змену зрабіць. За невыкананне нормы я не ведаю выпадкаў, каб хтосьці трапляў у ШІЗА, але наогул адмова ад працы — гэта вельмі злоснае парушэнне, тады чалавека вязуць на ШІЗА. Норма была больш-менш нармалёвая, яе можна было зрабіць, калі чалавек працуе. І ты працуеш без грошай, табе ніхто за гэта нічога не плоціць. Калі я вызваляўся, то далі даведку, што рубль ці два мне налічвалі ў месяц. Да, вось такія вось грошы нам плацілі. Яшчэ ёсць рахунак, на які сям'я кладзе грошы, і ты ў атаварцы можаш сабе штосьці купіць. Але ж зноў жа я быў злосны парушальнік, і яны абмежавалі мне атаварку на дзве базавыя, таму ў месяц я мог патраціць семдзесят рублёў. Вельмі складана было. Бывалі выпадкі, калі я не ведаў, што купіць: ці кілаграм яблык, каб нейкія вітаміны былі ў арганізме, ці печыва, напрыклад, да гарбаты. Складана было. Дзве базавыя — гэта вельмі мала. Так шэсць базавых можна траціць таму, хто не "злоснік", а для "злосніка" толькі дзве базавыя. У гэтым таксама было такое абмежаванне.

Пра салідарнасць і кампанію FreeViasna

Калі я знаходзіўся ў СІЗА ў Гомелі, то пра кампанію салідарнасці я даведваўся, канешне, з тых лістоў, якія мне дасылалі. А што тычыцца менавіта калоніі, то там было складаней у дачыненні да інфармацыі, таму што толькі штосьці на званках асабістых можна было пачуць — і ўсё, больш ніякіх крыніц інфармацый не было. Ці адзін аднаму перадавалі: хтосьці пайшоў на спатканне, паразмаўляў з блізкімі, і яны, напрыклад, сказалі пра гэтую кампанію, і ён перадаў мне.

Напрыклад, калі Алесю Бяляцкаму далі Нобелеўскую прэмію, мы ішлі са сталоўкі ўсім атрадам сто чалавек, а насустрач ідзе другі атрад у сталоўку. І там такі ж, як я, палітычны, крычыць: "Леанідавіч, віншую з узнагародай Нобелеўскай!" Я менавіта так даведаўся. Канешне, я ўдакладніў у сваіх блізкіх, гэта праўда ці не, таму што я ведаў, што Алеся раней вылучалі на гэтую прэмію, а тут вось такая добрая прыемная навіна. Усё ж я думаю, што дапаможа Алесю гэтая прэмія, таму што адна справа судзіць і даваць тэрмін праваабаронцу, а другая справа — Нобелеўскаму лаўрэату. Мабыць, яшчэ не было такіх выпадкаў, каб судзілі менавіта Нобелеўскага лаўрэата менавіта пасля атрымання прэміі. Але беларуская Феміда у гэтым сэнсе паказала свой твар. 

Таму, так, даходзілі чуткі, але гэта ўсё на ўзроўні чутак. Там вельмі багата ходзіць паміж зэкамі рознай інфармацыі, але яе трэба пераправяраць. Таму што нам ужо даходзілі, што Ціханоўскі памёр, а потым апынулася, што не.

І канешне, падтрымка кампаніі салідарнасці — гэта вельмі важна. Гэта не трэба спыняць, таму што вось я ўжо ў бяспецы, але паводле нашай "Вясны" амаль 1500 чалавек зараз прызнаны палітычнымі вязьнямі і знаходзяцца за кратамі. Што трэба рабіць, каб выйшлі на свабоду тая ж Маша Калеснікава ці той жа Максім Знак, які сядзеў у адной калоніі разам са мной, я з ім меў магчымасць размаўляць, пакуль па ім не было прынята рашэнне ў турму перавесці на Магілёў. А чаму Бабарыка сядзіць, чаму Ціханоўскі і ўсё астатнія? Пакуль я сам для сябе спрабую адказаць, ці можна знаййсці якія-небудзь рычагі, каб гэты працэс зрушыць з мёртвай кропкі. Таму што мы бачым, што пасля любых выбараў былі рэпрэсіі, але так доўга і так багата ніхто ніколі не сядзеў. Зразумела, што Лукашэнка зараз усе яйкі ў адну карзіну склаў — у расійскую, крэмлёўскую карзіну, і няма ніякіх пляцовак іншых, дзе можна было б падымаць з яго адміністрацыяй вось гэтыя пытанні палітычныя. Я ведаю адносіны — чытаў — таго ж Мукавозчыка, і таго ж чалавека, які дасылаў мне прапанову, каб я напісаў на памілаванне — Васкрасенскі. Я не знаёмы з гэтым чалавекам, але два разы яго офіс да мяне дасылаў: першы раз, калі я быў у СІЗА ў Гомелі, а другі раз, калі ў калоніі. Дасылалі, што "вы маеце права звярнуцца да прэзідэнта..." Але ж я не прызнаў сваёй віны! Я не прызнаю яе сёння, і там яе не прызнаваў. І нават калі аб'явілі, што выйдзе амністыя, і прыбяжаў опер і нас пастроіў усіх трыццаць чалавек з атраду палітычных і кажа: "Крок наперад, хто прызнае віну! Хто не прызнаезастаньцеся". І я застаўся, таму што я не прызнаваў нават гэтыя абяцанкі — бо можа хтосьці думаў, што амністыю дадуць нават і палітычным. Але на такі крок я не пайшоў. Таму што я 20 год рабіў адну і тую ж справу. У 2020-м годзе я больш актыўна працаваў у гэтым сэнсе.  І ў мяне звыш 80 тамоў крымінальнай справы, 354 сведкі — гэта тыя людзі, якім я непасрэдна з дапамогай "Вясны" аказваў дапамогу: у тым ліку матэрыяльную, дапамагаў сплочваць штрафы. Я не лічу, што гэта крымінальные злачынства — дапамога людзям. І я ніколі не пагаджуся з тым, што я павінен прызнаць віну. Я кажу гэта дзеля таго, што сядзяць жа нявінныя людзі. Я ж бачыў, хто прыязджае: новая гэта хваля рэпрэсій, за лайкі, за рэпосты, за тое, што праглядваў штосьці не тое, за тое, што расійскую тэхніку сфатаграфаваў. За данаты вось сталі заязджаць: 15 даляраў ахвяраваў. І ўжо заязджаюць на больш сур'ёзныя тэрміны: 5-7 гадоў. Гэта яшчэ дно, ці яшчэ больш горшыя рэпрэсіі будуць у Беларусі? Калі нават не толькі казаць, але нават і думаць нам (намагаюцца) забараніць. Вось я спрабую для сябе ў першую чаргу знайсці адказ на гэтыя пытанні. Таму ў мае планы (зараз) ўваходзіць сустракацца з людзьмі, размаўляць, каб зразумець, што трэба зрабіць, каб усе палітычныя выйшлі. І я гатовы быў у тым ліку і сваё плячо падставіць і працаваць дзесьці ў гэтым накірунку, таму што іншага я не бачу, як праваабароны. Але мне трэба пэўны час, каб прыйсці ў сябе, каб мінімальна нейкі быт вакол сябе стварыць. Каб я мог быць здольны для працы. Таму што я не адчуваю пакуль сябе ў бяспецы, бо калі я чую крокі па калідоры, гэта для мяне яшчэ такое... складана.

Дзякуй усім тым, хто дапамог мне.

Крыніца: Мой статус быў "злосны парушальнік". Леанід Судаленка — пра зняволенне, ад’езд з Беларусі і салідарнасць