03.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні Суд Камянецкага раёна 1 жніўня асудзіў двух палітзняволеных да пазбаўлення волі за тры сарваных сцяга. Паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў) 18-гадоваму Захару Сінякову прызначылі паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а 19-гадоваму Елісею Кузняцову, які адбыў тэрмін цалкам па іншай крымінальнай справе, — два з паловай гады. Такі прысуд вынесла Галіна Прыхожка, піша "Берасцейская Вясна".
Паводле версіі абвінавачання, у ноч з 14 на 15 траўня 2023 года ў аграгарадку Войская (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) сарвалі тры дзяржаўных сцяга Беларусі з установы адукацыі, гандлёвага аб’екта і аддзялення пошты.
Для Елісея Кузняцова гэта ўжо другая палітычная крымінальная справа з 2020 года: першы раз яго судзілі за нібыта кінуты кактэйль Молатава. 17 снежня 2022 года Елісей цалкам адбыў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1 і выйшаў на волю. 23 траўня стала вядома, што Елісея паказальна заключылі пад варту ў Высокаўскім аграрным каледжы.
Падтрымайце палітвязняў: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37 Захар Мікалаевіч Сінякоў, Елісей Сяргеевіч Кузняцоў
Крыніца: За тры сарваныя сцягі ў Камянецкім раёне двух палітвязняў адправілі ў калонію