03.08.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі жанчыну за рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога»
На «пакаяльным відэа» жанчына называе сваё імя — Казлоўская Жанна — і кажа, што прайшла рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога». Сілавікі прымусілі яе прасіць прабачэння за гэтыя дзеянні.
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу адправілі ў ШІЗА
Учора, другога жніўня, да палітзняволенай не пусцілі адваката. Прычына ў тым, што палітзняволеную змясцілі ў ШІЗА на 10 сутак.Вікторыю двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.
За паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгады ў ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Акрамя гэтага, жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
Учора ў Мінску быў затрыманы Алесь Сакалуха
Пра гэта паведамляюць сябры Алеся. Ён быў выкліканы на допыт у Следчы камітэт, пасля чаго яго затрымалі на 10 сутак па крымінальнай справе па «народным» арт. 342 за ўдзел у акцыях пратэсту.
Алеся разам з жонкай Марынай затрымлівалі восенню 2021-га году.
Сілавікі затрымалі 44-гадовую жанчыну, якая дома ў сябе слухала песню «Україна понад усе!» і падпявала
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, затрыманне адбылося ў Іванаве. Ларысу Несцярук прымусілі папрасіць прабачэння і праспяваць гімн Беларусі — пасля гэтага яе арыштавалі і адправілі ў ІЧУ.
Крыніца: Затрыманні за акцыі, песні і рэгістрацыю ў чат-боце: хроніка пераследу трэцяга жніўня