У судзе Ленінскага раёна Берасця 28 лютага працягваецца разгляд адміністрацыйных спраў папулярных на Берасцейшчыне блогераў: жыхара Берасця Сяргея Пятрухіна і жыхара Бярозы Аляксандра Кабанава.
Яны былі гвалтоўна затрыманыя вечарам 23 лютага і да суда змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання Берасця. Абодвух абвінавачаваюць па ч. 3 арт. 23.34 КаАП РБ, нібыта за заклікі да масавага мерапрыемства.На першым судовым паседжанні, якое адбылося 26 лютага, Сяргей Пятрухін заявіў хадайніцтва аб далучэнні да справы абаронцы. Суддзя Дзмітрый Шурын задаволіў хадайніцтва і прадставіў час для заключэння дамовы з адвакатам і для азнаямлення з матэрыяламі справы.
Такое ж рашэнне прыняў і суддзя Аляксандр Семянчук, які разглядае адміністрацыйную справу Аляксандра Кабанава. Суд працягнецца 28 лютага ў 9-30.
За разглядам спраў у судзе сочаць берасцейскія праваабаронцы.
Уладзімір Вялічкін перадае, што падтрымаць Кабанава у суд прыйшло некалькі дзесяткаў людзей, зала не не змяшчае ўсіх жадаючых прысутнічаць на пасяджэнні.
Суддзя Семянчук забараніў весці фота і відэаздымкі працэсу.
Нагадаем, 22 лютага блогеры атрымалі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння палажэнняў Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, якія падпісалі адпаведна пракурор Брэста Іван Чайчыц і пракурор Бярозаўскага раёна Аляксандр Круцько.
Мясцовыя ўлады такім чынам адрэагавалі на іх заявы аб гатоўнасці выйсці на гарадскую плошчу, калі пад Брэстам не спыніцца будаўніцтва акумулятарнага завода.
Крыніца: У Берасці працягваецца суд над блогерамі Пятрухіным і Кабанавым Дапоўнена