27.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні Гомельскі абласны суд 26 ліпеня вынес прысуд 28-гадоваму Віктару Залатарэўскаму, якога затрымалі ў лютым пры спробе выехаць ў Літву. Яго абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле у ім (арт. 362-1 КК) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК). Крымінальную справу справу з 14 ліпеня разглядаў суддзя Алег Харошка.
Палітзняволены Віктар Залатарэўскі быў затрыманы 23 лютага 2023 года, калі спрабаваў выехаць праз Літву ў Грузію ў адпачынак. Аднак у беларускім пункце пропуску Беняконі ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці яго затрымалі і даставілі ў Воранава, дзе пры аглядзе мабільнага тэлефона знайшлі перасылку спасылак з каналаў «Рэальная Беларусь» і іншых, якія беларускія ўлады ўнеслі ў спіс экстрэмісцкіх.
За гэта суд Воранаўскага раёна прызначыў яму адміністрацыйны арышт па артыкуле 19.11 КаАП – «Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць». Там жа, у Воранава, пасля «прафілактычнай гутаркі» 2 сакавіка Віктар Залатарэўскі напісаў «чыстасардэчнае прызнанне» аб тым, што ўвесну 2021 г. зарэгістраваўся ў «экстрэмісцкім» інтэрнет-рэсурсе «План «Перамога».
А 10 сакавіка, у дзень вызвалення, яму былі выстаўленыя абвінавачванні паводле крымінальнай справы за нібыта рэгістрацыю ў плане "Перамога".
Віктар Залатарэўскі з восені 2022 г. жыў у інтэрнаце ў Мінску і працаваў у вагонным дэпо Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі.
Пракурор прасіў прызначыць пакаранне па частцы 3 артыкула 361-1 КК у памеры 3 гадоў пазбаўлення волі і па ч. 1 арт. 361-4 – у памеры 2 гадоў, у калоніі агульнага рэжыму.
Суддзя вынес прысуд, звязаны з пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў ва ўмовах агульнага рэжыму.
Крыніца: У Гомелі асудзілі Віктара Залатарэўскага, якога затрымалі па выездзе ў Літву