26.07.2023 Тэгі: ААН, дыскрымінацыя, правы чалавека, карткі, гендарныя правы Восенню 2022 года Беларусь дэнансавала факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які даваў права беларусам падаваць скаргі на парушэнне іх правоў з боку дзяржавы ў Камітэт ААН па правах чалавека. На працягу многіх гадоў гэты орган з'яўляўся важным спосабам абароны сваіх правоў на міжнародным узроўні і данясення да міжнароднай супольнасці рэальнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Цяпер з індывідуальнымі паведамленнямі можна звяртацца толькі беларускам і толькі ў Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. З Юрыдычнай службай "Вясны" распавядаем, як беларуска можа звярнуцца ў Камітэт і чаму гэта важна.

Женская акция протеста в 2020 году, Минск
Жаночая акцыя пратэсту ў 2020 годзе, Мінск

Што такое Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын?

Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (далей — КЛДЖ, Камітэт) — гэта міжнародны орган, які складаецца з незалежных экспертаў, якія ажыццяўляюць маніторынг выканання дзяржавамі-ўдзельніцамі Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (прынятая рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі 18 снежня 1979 г.) (далей — Канвенцыя).

Беларусь ратыфікавала Канвенцыю 4 лютага 1981 года і Факультатыўны пратакол — 3 лютага 2004 года, адпаведна, пасля ратыфікацыі Факультатыўнага пратакола ў жанчын, правы якіх парушаны Беларуссю, з'явілася магчымасць скіроўваць паведамленні ў Камітэт, бо адным з паўнамоцтваў Камітэта з'яўляецца разгляд асабістых скаргаў, якія тычацца парушэнняў дзяржавай-удзельніцай палажэнняў Канвенцыі.

Канвенцыя гарантуе права ўсіх жанчын не дыскрымінавацца і замацоўвае абавязацельствы дзяржаў-удзельніц, скіраваныя на забеспячэнне прававога і практычнага ажыццяўлення гэтага права. Згодна з артыкулам 1 Канвенцыі, паняцце "дыскрымінацыя ў дачыненні да жанчын" азначае любое адрозненне, выключэнне ці абмежаванне па прыкмеце полу, якое скіравана на паслабленне ці зводзіць на нішто прызнанне, выкарыстанне ці ажыццяўленне жанчынамі незалежна ад іх сямейнага становішча на падставе раўнапраўя мужчын і жанчын правоў чалавека і асноўных свабодаў у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, культурнай, грамадзянскай ці любой іншай галіне.

Апроч гэтага, Беларусь як дзяржава-ўдзельніца абавязана рабіць даклады аб ажыццяўленні палажэнняў Канвенцыі, а менавіта аб заканадаўчых, судовых, адміністрацыйных ці іншых мерах, прынятых дзяржавай-удзельніцай для выканання палажэнняў Канвенцыі, і аб прагрэсе (артыкул 18 Канвенцыі). Апошні — 9-ы — даклад прэзентаваны Беларуссю 5 красавіка 2023 года.

Чаму правы жанчын вылучаны ў асобную катэгорыю?

У прэамбуле да Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын тлумачыцца, што, нягледзячы на прыняцце цэлага шэрагу дамоваў, жанчыны па-ранейшаму не маюць роўных з мужчынамі правоў.

Практычна ва ўсіх грамадствах і галінах дзейнасці жанчыны дыскрымінуюцца як з юрыдычнага, так і практычнага пункту погляду. Такая сітуацыя абумоўлена і пагаршаецца наяўнасцю дыскрымінацыі ў сям'і, у грамадстве і на працоўным месцы. Хаця прычыны і наступствы гэтага могуць быць рознымі ў розных краінах, дыскрымінацыя ў дачыненні да жанчын з'яўляецца шырока распаўсюджанай з'явай. Захавання гэтай з'явы спрыяе наяўнасць сталых стэрэатыпаў, а таксама традыцыйных культурных і рэлігійных звычаяў і ўяўленняў, якія прыніжаюць ролю жанчын.

Па якіх пытаннях можна звяртацца ў Камітэт?

Жанчына мае права звярнуцца ў Камітэт у выпадках:

  • неаказанне належнай абароны жанчыне, якая зазнала хатні гвалт;
  • умовы ўтрымання пад вартай, не адаптаваныя пад асобыя патрэбы жанчын;
  • сексуальны гвалт.

Важна! Гэты пералік не з'яўляецца вычарпальным.

У 1993 годзе ААН была прынятая Дэкларацыя аб выкараненні гвалту ў дачыненні да жанчын, дзе "гвалт у дачыненні да жанчын" акрэслены так:

«любы акт гвалту, здзейснены на падставе палавога прызнаку, які наносіць ці можа нанесці фізычны, палавы ці псіхалагічны ўрон ці пакуты жанчынам, а таксама пагрозы здзяйснення такіх актаў, прымус ці адвольнае пазбаўленне волі, ці то ў грамадскім ці асабістым жыцці».

Ці былі паспяховыя справы беларусак у Камітэце?

Так, гучнай з'яўляецца справа Інгі Абрамавай супраць Беларусі (CEDAW/C/49/D/23/2009). Камітэт прызнаў, што аўтару паведамлення нанесены маральны ўрон і шкода ў выніку абразлівага абыходжання, якое прыніжае чалавечую годнасць, сексуальных дамаганняў і негатыўных наступстваў для здароўя падчас утрымання пад вартай (п. 7.8 Меркаванні КЛДЖ).

А ці выконвае беларуская дзяржава рашэнні Камітэта?

Меркаванне Камітэта мае рэкамендацыйны характар, то бок яно не мае абавязковай юрыдычнай моцы. Канвенцыя не ўтрымлівае адказнасці дзяржавы-ўдзельніцы за невыкананне меркаванняў Камітэта.

Паводле артыкула 2 Канвенцыі, "дзяржавы-ўдзельніцы асуджаюць дыскрымінацыю ў дачыненні да жанчын ва ўсіх яе формах, пагаджаюцца безадкладна ўсімі адпаведнымі спосабамі праводзіць палітыку ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын і з гэтай мэтай бяруць абавязацельствы:

(d) устрымлівацца ад здзяйснення якіх-небудзь дыскрымінацыйных актаў ці дзеянняў у дачыненні да жанчын і гарантаваць, што дзяржаўныя органы і ўстановы будуць дзейнічаць ў адпаведнасці з гэтым абавязацельствам;

(e) прымаць усе адпаведныя меры для ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын з боку якой-небудзь асобы, арганізацыі ці прадпрыемства”.

Таму калі дзяржава абавязалася "безадкладна ўсімі адпаведнымі спосабамі праводзіць палітыку ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын", то яно добраахвотна павінна выканаць усе рэкамендацыі, прынятыя Камітэтам.

Чаму ўсё роўна важна звяртацца ў Камітэт?

Дзяржава, ратыфікаваўшы Канвенцыю і Факультатыўны пратакол, узяла на сябе абавязацельства па ліквідацыі ўсіх відаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Адпаведна, не выконваючы меркаванне Камітэта, дзяржава-ўдзельніца парушае міжнародныя абавязацельствы, якая тая ўзяла на сябе.

Меркаванне Камітэта як доказ зафіксуе парушэнне Беларуссю правоў жанчын і невыкананне міжнародна-прававых абавязацельстваў, якія ўзяла на сябе.

Як падаць скаргу?

Скаргу можна падаць на расейскай мове шляхам запаўнення зацверджанай формы.

У скарзе неабходна пазначыць дадзеныя заяўніка, факты па справе ў храналагічным парадку, уключаючы апісанне сродкаў прававой абароны, якія былі выкарыстаны на ўнутраным узроўні,  і рашэнняў, якія былі прынятыя нацыянальнымі ўладамі, а таксама правы, выкладзеныя ў дамове, якія меркавана парушаны дзяржавай-удзельніцай (гл. кіраўніцтва па падачы індывідуальных паведамленняў у дагаворныя органы).

Тэрмін звароту ў Камітэт не абмежаваны.

А калі я даўно з'ехала ад пераследу, ці магу я падаць скаргу?

Так, бо месцазнаходжанне значэння не мае. Аднак перад тым як звярнуцца ў КЛДЖ, неабходна вычарпаць усе сродкі нацыянальнай прававой абароны, то бок вы павінны падаць скаргу ў кампетэнтны орган і абскардзіць яго адмову. Адпаведна, важна не прапусціць тэрміны абскарджання, якія замацаваны нацыянальным заканадаўствам.

Па меркаванні Камітэта, не з'яўляюцца даступнымі сродкамі нацыянальнай прававой абароны тыя сродкі, прымяненне якіх неапраўдана зацягваецца ці наўрад ці прынясе шукаемы вынік.

А хто можа дапамагчы з абскарджаннем? 

Звяртайцеся да нашых юрыстаў на пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. альбо ў тэлеграм @zvarot96.

Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" – Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. альбо ў Telegram @Spring96info

"Мама, я экстрэміст". Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у "Спіс экстрэмістаў"

"Вясна" тлумачыць, якія абмежаванні надае статус "экстрэміста" і адказвае на іншыя актуальныя пытанні па гэтай тэме.

"І цяпер я бел-чырвона-белы тэрарыст". Адказваем на пытанні пра "спіс тэрарыстаў"

"Вясна" тлумачыць, каго ўключаюць у "спіс тэрарыстаў", якія абмежаванні цягне статус "тэрарыста", і адказвае на іншыя актуальныя пытанні на гэтую тэму.

Крыніца: "Змагайся як дзяўчо!" Распавядаем, як звярнуцца ў Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын