26.07.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў панядзелак, 25-26 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрымалі жлобінскіх чыгуначнікаў

Паводле інфармацыі, атрыманай ад мясцовых жыхароў, у Жлобіне былі затрыманы двое мужчын, іх затрыманне звязана з пратэстнымі настроямі.

Абодва затрыманыя – работнікі чыгункі. Адзін з іх, Аляксей Барсукоў, працаваў у жлобінскім дэпо. Ён быў затрыманы ў чэрвені.

Мяркуецца, што супраць яго арганізавана крымінальная справа за пратэстную актыўнасць у інтэрнеце. Імя другога затрыманага – Ігар. Ягонае прозвішча высвятляецца, піша “Гомельская вясна”.

ГУБАЗіК сцвярджае, што затрымаў былога мадэратара канала "Страна для жизни"

Паводле сілавікоў, мужчына жыў за мяжой, але вырашыў вярнуцца ў Беларусь, дзе і быў затрыманы.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ён ўдзельнічаў у «арганізацыі масавых беспарадкаў» і размяшчаў у інтэрнеце «экстрэмісцкую сімволіку».

Чарговае абнаўленне ў Спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў

25 ліпеня 2023 года ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў чарговае абнаўленне. З нядаўніх рашэнняў судоў Брэсцкай вобласці туды дадалі:

тэлеграм-канал "Кусь за Беларусь!";

тэлеграм-канал "Чат-Беларусы Вільні" (які насамрэч не канал, а чат);

старонка ва "Укантакце" з назвай "Лукашэнка яшчэ прэзідэнт?".

У Беларусі збіраюцца ліквідаваць Партыю БНФ

Іск у Вярхоўны суд падаў Мінюст — яго разгляд прызначылі на 14 жніўня.

Кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў знаходзіцца за кратамі. Палітвязня прысудзілі да 10 гадоў калоніі па "справе змоўшчыкаў".

Нядаўна была ліквідаваная і апазіцыйная Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, якую ачольвае Зянон Пазняк.

У Беларусі ў выніку "перарэгістрацыі" засталіся толькі праўладныя партыі: камуністы, "ліберал-дэмакраты" Алега Гайдукевіча і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Таксама зарэгістраваная партыя "Белая Русь".

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы, затрыманне чыгуначнікаў у Жлобіне: хроніка пераследу 25-26 ліпеня