25.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, рэпрэсіі У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска 3 траўня 2023 года па новай крымінальнай справе асудзілі палітвязня Яўгена Прапольскага. Суддзя Павел Карцінін прызнаў палітвязня вінаватым паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі) і прызначыў яму ў дадатак да васьмі гадоў калоніі яшчэ паўтара года зняволення. Напрыканцы траўня яго этапавалі ў мазырскую калонію № 20, але з 14 чэрвеня ад яго не было яшчэ ніводнай весткі.

Яўген Прапольскі

Яўгена затрымалі 29 верасня 2020. Дзяржаўнае тэлебачанне паказала яго ў сваім роліку "МУС Беларусі ідэнтыфікуе адміністратараў "ананімных" чатаў і ўдзельнікаў пратэстаў". 19 ліпеня 2021 года палітвязня асудзілі да 8 гадоў калоніі па справе "ўдзельнікаў чата". Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК(падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках у Мінску), а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 218 КК (падрыхтоўка да наўмыснага знішчэння ці пашкоджання маёмасці). Прапольскага разам з іншымі фігурантамі справы абвінавацілі ва ўдзеле ва ўдзеле ў телеграм-чаце "радыкальнага напрамку". У паказаннях агучваліся некалькі чатаў — у прыватнасці, "ОГСБ" (Отряд гражданской самообороны), "Подработка Минск", "100", "101". Акрамя гэтага — у намеры пашкодзіць або знішчыць тры "Табакеркі".

Амаль месяц разглядаецца справа дзесяці палітвязняў: некаторыя з іх заяўляюць пра катаванні

«Вясна» распавядае, што вядома пра гэтую справу.

На судзе палітзняволены распавёў пра катаванні:

"Мяне прымушалі пісаць чыстасардэчнае прызнанне на імя начальніка УСК. Мне пагражалі, катавалі — білі маім электрашокерам. Добраахвотна я не пісаў заяву. Потым у мяне праблемы са здароўем былі: было дрэнна, кружылася галава, была адбітая нага".

Тэрмін Прапольскага накіравалі адбываць у бабруйскую калонію № 2. Вядома, што ад самага пачатку адміністрацыя калоніі ціснула на яго. Па інфармацыі праваабаронцаў, ён правёў не менш за 130 сутак у штрафным ізалятары, а таксама на тры месяцы яго адпраўлялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Акрамя гэтага, па ініцыятыве адміністрацыі калоніі супраць Прапольскага ўзбудзілі крымінальную справу за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы" (арт. 411 КК). Падставай для новай справы сталі тыя ж "парушэнні" правілаў унутранага распарадку (ПУР), за якія Яўген ужо адбыў пакаранне ў выглядзе змяшчэння ў ШІЗА і ПКТ.

Паводле матэрыялаў справы, спагнанні былі выпісаны за тое, што Яўген "ляжаў на падлозе ШІЗА"; "у катэгарычнай форме адмовіўся ад прыбірання калідора інтэрната атрада, жылой секцыі, лакальнай пляцоўкі";" адмовіўся заняць адведзенае яму спальнае месца ў жылой секцыі"; "не прывітаўся пры сустрэчы з прадстаўніком адміністрацыі ўстановы".

Суд над Яўгенам праходзіў на выязным паседжэнні ў бабруйскай калоніі. Прапольскі на судзе сваю віну не прызнаў і пацвердзіў, што аднойчы ляжаў на падлозе камеры, але іншых парушэнняў не дапускаў. З накладзенымі на яго дысцыплінарнымі спагнаннямі ў выглядзе "сутак" у штрафным ізалятары ён не згодзен, але іх не абскардзіў.

3 траўня 2023 года суддзя Павел Карцінін прызнаў палітвязня вінаватым паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму ў дадатак да васьмі гадоў калоніі яшчэ паўтара года пазбаўлення волі.

З улікам адбытага тэрміну і новага прысуду на пачатак траўня Яўгену заставалася адбыць у зняволенні пяць гадоў і шэсць месяцаў.

Яўген новы прысуд не абскарджваў, таму ўжо напрыканцы траўня яго перавялі ў мазырскую калонію № 20. Па інфармацыі праваабаронцаў, з 14 чэрвеня ад яго не было аніякіх вестак.

Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях

«Вясна» распавядае, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з палітычных вязняў прызнаны «злоснымі парушальнікамі рэжыму».

Падтрымайце Яўгена паштоўкамі, лістамі і тэлеграмамі: ПК № 20. 247755, Гомельская вобл., Мазырскі р-н, Міхалкоўскі сельсавет, 70, Яўген Уладзіміравіч Прапольскі

Крыніца: Палітвязню Яўгену Прапольскаму дадалі яшчэ паўтара года зняволення. Больш за месяц ад яго няма вестак