25.07.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск, рэпрэсіі, гісторыі вязняў Музыка Аляксандр Казакевіч быў палітзняволеным двойчы: праз тыдзень пасля першага прысуду яго затрымалі зноў. Адсядзеўшы некалькі месяцаў пад следствам, ён атрымаў новую "хатнюю хімію", выйшаў на волю і з’ехаў з Беларусі. Ён распавёў "Вясне", якая музыка ратавала ў зняволенні і як следчая прасіла перакласці беларускае меню тэлефона на расейскую мову, бо нічога не разумела. 

“Я што, экспанат у музеі вам?”

Упершыню Аляксандра затрымалі яшчэ ўвосень 2020 году. Тады ён часта хадзіў на Маршы спачатку ў родным Маладзечна, потым пачаў ездзіць у Мінск. Аднойчы ўвечары ён стаяў з сябрам, які трымаў у руках адкрытую бутэльку з пад-піва, як з кустоў на іх нечакана выйшлі супрацоўнікі ППС. Яны ўзялі Аляксандра пад рукі і прывезлі ў лякарню. Там здзівіліся: апарат двойчы паказаў нуль праміле, пад чым хлопец і падпісаўся ў выніках экспертызы. Пазней яму паказалі гэтую паперку: там было пазначана 0,63 праміле.

Падпітага сябру адпусцілі амаль адразу, ­— узгадвае Аляксандр. — Мяне ж пратрымалі ў маленькім стакане РАУС без вакон усю ноч. Зраніцы прыйшоў чалавек у цывільным, назваў маё прозвішча, я адгукнуўся. Ён паглядзеў на мяне і выйшаў. Я думаю: “Я што, экспанат у музеі вам?” Потым даведаўся, што прыходзіць на мяне паглядзеў супрацоўнік маладзечанскага крымінальнага вышуку Андрэй Мілюк.

З РАУС Аляксандра перавялі ў ІЧУ. І хаця фармальна яго затрымалі на 72 гадзіны за распіццё алкаголю на вуліцы, усімі метадамі спрабавалі высвятліць ягоную датычнасць да пратэснай дзейнасці ў Маладзечна.

Спачатку яны павялі мяне на паліграф, — узгадвае былы палітвязень. — Там пыталіся, ці не хаваю я непрыязі да цяперашняй улады, ці не размаляваў я сцены гаражу нейкаму міліцыянту, ці пісаў я пагрозы, што я выкарыстоўваў пры падпале “Табакеркі”. Гэта яны пыталі ў чалавека, якога затрымалі за спіртное! Да таго ж я хварэю на сіндром Турэта: у спакойным стане гэта ніяк не выказваецца, але калі я нервуюся, то не магу сядзець спакойна, пастаянна дрыгаюся. Так было і падчас паліграфу: яны ўсё шапталіся, як жа мяне правяраць, калі я калачуся. Калі яны пачалі мне шыць падпал “Табакеркі”, я ім кажу: “Хлапцы, можаце пачынаць калаціць, бо я ніколі ў жыцці не вазьму на сябе тое, чаго не рабіў. Ды я вогнішча ў паходзе запаліць не магу!” Пасля 72 гадзін мяне адпусцілі, але правялі вобшук у хаце. Шукалі зялёную фарбу не ў балонах, а ў мяне былі толькі белая і чырвоная ў балонах – іх гэта не задаволіла.

“Яны пайшлі на мяне з пісталетам”

І хаця Аляксандра адпусцілі, сталі дасылаць лісты з “запрашэннямі” на размову, таму хлопец часова з’ехаў працаваць у Гданьск. Але лісты закончыліся, таму ён вырашыў, што ўсё спакойна, і праз паўгода вярнуўся дадому. Яшчэ праз паўгода, у красавіку 2022 году, яго першы раз затрымалі паводле крымінальнай справы.

— Думаю, гэта адбылося па слядох антываеннага мітынгу, які ладзіўся ў Маладзечна на Дзень Волі, — узгадвае былы палітвязень. — Я прастаяў там хвілін 40, ППС-нікі пагражалі тым бабулям і дзядулям, якія пераважна прыйшлі, АМАПАМ — ды ўсе разыйшліся. Але мяне заснялі на відэа — пасля гэтага і пачаліся новыя лісты ад міліцыянтаў. Гэтым разам яны “запрашалі” забраць тэлефоны, якія вынулі пасля першага вобушку. Я падумаў, што трэба б недзе схавацца, але не паспеў. У маёй кватэры няма вочка, таму я не адразу зразумеў, хто так настойліва грукаецца да мяне. Адчуваў нешта, таму паспеў павыдаляцца з усіх чатаў, папярэдзіць сяброў. Праз хвілін 40 усё заціхла, ну я і падумаў: чаго гэта мне ў сваёй хаце баяцца? І выйшаў. І яны адразу пайшлі на мяне з пісталетам і пярцовым балончыкам, заламалі рукі ў кайданкі, кінулі на падлогу. Я ляжу тварам у зямлю, а нейкі нахабны мент пытаецца: “Ну что, Александр, как дела?” Я злы кажу: “Нармальна, а ў цябе як?” У адказ ён двойчы піхнуў мяне нагой. Калі мяне затрэсла праз хваробу, яны пачалі пытаць, дзе мае таблеткі. А ад гэтага няма таблетак! Тады мяне паднялі, і я ўбачыў, як я потым даведаўся, супрацоўніка крымінальнага вышуку Юрыя Бурака і маю следчую Крысціну Дубяневіч. Яны прасілі мяне нармальна размаўляць з імі, а я адказаў, што не магу нармальна размаўляць з тымі, хто ўрываецца ў маю хату са зброяй.

Пасля гэтага Аляксандра завезлі да допыт у РАУС, дзе сказалі, што абвінавачваюць за каментары ў інтэрнэце паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу. Тыдзень хлопец сядзеў у ІЧУ. Калі яго заводзілі ў камеру, то сказалі: “Гэта палітычны, яму нічога не даваць”, маючы на ўвазе бялізну і перадачы. У камеры было так халодна, што зраніцы мужчыны выстаўлялі рукі з вакна, каб пагрэцца, таму сукамернікі далі Сашы па сваёй куртцы, бо ў іх была бялізна. Пасля палітвязня этапавалі ў Жодзіна.

Там было сядзець нашмат лепш, — узгадвае Аляксандр. — Была бялізна, падушка, матрац, коўдра, перадачы. Але пастаянна вазілі на допыты ў Маладзечна, і самае страшнае нават не горшыя ўмовы там, а дарога. Добра, калі табе закуюць рукі ў кайданкі спераду: можна будзе проста ехаць. Але калі ззаду, то паедзеш альбо ў напаўсогнутым стане, калі ні на што нельга абаперціся, альбо стоячы. У другім выпадку ўсе “ляжачыя паліцэйскія” і павароты — твае, ад гэтага яшчэ больш сціскаюцца кайданкі. Аднойчы за 2-3 гадзіны дарогі мае рукі так зацяклі, што я не адчуваў іх яшчэ пару дзён пасля этапу. Да таго ж у Маладзечна было горшае стаўленне да палітвязняў, таму я злавіў сябе на думцы, што нават радуюся вяртанню ў Жодзіна. А потым сам сабе думаю: “Да чаго трэба давесці чалавека, што ён радуецца паездцы ў турму?” 

Гісторыі з жыцця палітзняволенага маладзечанца Аляксандра Казакевіча

Калі запытацца ў маці палітзняволенага маладзечанца Аляксандра Казакевіча Алены, як лепш называць ейнага сына, яна ўсміхнецца: «Для брата ён Шурык, для сяброў – Роб, а дзядуля ўвогуле казаў, што няма такога беларускага імя – Саша, таму называў яго Алесікам. Але Сашка і ёсць Сашка».

Саша сядзеў у 206-й, палітычнай, камеры ў Жодзіна. Калі ён заехаў, з 12 мужчынаў сямёра сядзелі па пратэсных артыкулах, калі выязджаў — ужо дзевяцёра. Ён распавядае, што было проста адрозніць палітычных ад “зэкаў”: першыя прачыналіся і ішлі ўмывацца, а другія — чыфірыць і ўзгадваць, хто дзе што скраў. Пасля “зэкі” працягвалі чыфірыць гадзінамі, спаліўшы невядома колькі кіпяцільнікаў, а палітычныя ішлі чытаць кнігі, пісаць лісты і маляваць.

— Калі пачыналіся спрэчкі і нехта з “зэкаў” пытаўся, навошта нам гэта было, я казаў: “Хлапцы, я ж не пытаюся, чаму вы ў краму палезлі”, — смяецца Аляксандр. — Аднойчы толькі ахоўнікі спрабавалі нас пераўпэўніць. Павялі нас у лазню і адзін пытае: “Што вы там, панапісвалі каментароў, расфарбавалі нешта што вам гэта дало? Вашыя лідары сядзяць замяжой вамі камандуюць, а вы тут”. Але ні адзін палітычны, які мне сустракаўся, не шкадаваў, што ён нешта зрабіў. Мо, хіба што ў сэрцы, але пры людзях усе трымаліся сваёй лініі. І наадварот, ад “зэкаў” я часта чуў шкадаванні кшталту “Навошта я палез у гэтую краму?”  

“Калі пакідаеш рэчы ў турме, хутка вернешся”

Калі ў Сашы пачаліся пасяджэнні, сукамернікі адразу папярэдзілі, каб не чакаў хуткага выніку: палітычныя справы расцягваюць як мага дольш. Так і адбылося: перад прысудам палітвязню пераняслі разгляд справы ажно на два тыдні.

— Я раней не разумеў, калі мне распавядалі, што на судах міліцыянты не глядзяць табе ў вочы, — разважае Аляксандр. — Але “пацярпелыя” ад маіх каментароў сапраўды кожны раз адводзілі вочы, калі я на іх глядзеў. Я думаю: ну як так? Я ж “злачынца”! Чаго вы баіцёся, калі вы маеце рацыю? Але самае складанае на судзе было не гэта. Я быў сам на сябе не падобны — чысты зэк: валасы амаль пад нуль, без барады. Я сам на сябе не хацеў глядзець у люстэрка і памятаю чырвоныя вочы маці, калі яна пабачыла мяне ў судовай зале праз паўгода зняволення. Я жэстамі паказаў ёй: “Не плач!” – і мяне вывялі. Потым сядзеў у стакане і ў самога пацяклі слёзы, бо падалося, што невядома колькі яшчэ сядзець. Але хутка ўзяў сябе ў рукі і вырашыў, што не прынясу ім такога задавальнення. Думаю, два тыдні яшчэ пратрымаюся.

Аляксандр быў упэўнены, што яго адправяць у калонію, бо ў той час шмат каму па “справе Зельцэра” давалі рэальныя тэрміны за кропкі і плюсікі ў каментарах. У палітвязня нават быў нават расчэрчаны каляндар выхадаў на волю ў выпадках розных тэрмінаў. Але пасля суду яго выпусцілі на “хатнюю хімію”. Саша пабыў з роднымі, з’ездзіў на лецішча, а праз тыдзень яго зноў затрымалі.

– Я думаў, што ад мяне проста так не адчэпяцца, — узгадвае Аляксандр. — Але нават у ІЧУ здзівіліся, што я зноў прыехаў. Міліцыянты спыталіся, што зноў здарылася: я нават рэчы са складу не паспеў забраць. Яны сказалі, што ёсць прыкмета: калі пакідаеш рэчы ў турме — хутка вернешся. Чамусьці ў ІЧУ на мяне зноў прыходзілі паглядзець. Спачатку — начальнік ІЧУ Вадзім Прыгара. Спытаў: “Это этот оскорбитель? Ну что, оскорблял?” Потым прыходзіў адзін з “пацярпелых”. Пагражаў зайсці яшчэ міліцыянт, які вёз мяне ад дому да ІЧУ і пастаянна тузаў за ланцужок, адзін канец якога быў прывязаны да мяне, а другі — да яго, але так і не прыйшоў. У Жодзіна я трапіў у тую ж камеру, у тыя ж умовы і правёў там яшчэ каля двух месяцаў перад тым, як зноў выйсці на “хатнюю хімію” і з’ехаць.

“Мяне выратаваў Першы нацыянальны канал беларускага радыё”

Асобна для Аляксандра стаяла пытанне беларускай мовы. Калі пры першым затрыманні следчая па ягонай справе Крысціна Дубяневіч узяла яго тэлефон з інтэрфейсам на беларускай мове, то не магла ў ім капацца: яна папросту не разумела, што там напісана. Прадстаўніца дзяржавы, дзе існуюць дзве дзяржаўныя мовы — гэта значыць, што служачыя мусяць раўназначна валодаць імі абедзвюма, — прасіла перакласці меню на расейскую.

Спачатку я працягваў размаўляць на беларускай мове, — кажа Аляксандр. — Але потым вырашыў перайсці на расейскую, бо пачуў, як хлапцу пагражалі “петушынай хатай” за беларускую мову”. Калі ў іх карт-бланш на тваё жыццё, лепш іх не правакаваць.

Яшчэ адным выпрабаваннем для Аляксандра як для музыкі стала немагчымасць слухаць улюбёную музыку. Для яго важны якасны запіс інструментаў, добры рокавы ці блюзавы вакал, але ў Жодзіна ён разважаў, што стане з яго, калі ён яшчэ крыху паслухае “Минскую волну”. Да таго ж не было магчымасці граць на музычных інструментах, але і гэтаму палітвязні давалі рады.

— Спачатку я пачаў па памяці запісваць тэксты любімых спеваў, — узгадвае Саша. — Потым — у гэтым жа сшытку склаў спіс песняў, якія паслухаю на волі ў першую чаргу. А потым на “Першым нацыянальным канале беларускага радыё” нечакана праскочыў беларускі блюзмэн Юрый Несцярэнка — стала ўжо лепш. І нарэшце я пачуў два спевы, якія раней не асабліва любіў: “Youre in the army nowStatus Quo і “Dream onAerosmith. Тады яны мне вельмі дапамаглі. Ніколі б у жыцці не падумаў, што мяне выратуе “Першы нацыянальны канал беларускага радыё”. Таксама я пастаянна адстукваў які-небудзь такт рукой па назе, а перад маім першым судом мы зладзілі канцэрт з сукамернікам: я адбіваў такт, а ён — чытаў рэп. Нават ахоўнікі спыняліся паслухаць. Мы таксама спрабавалі зрабіць гітару з распушчанага швэдару, нацягнуўшы ніткі праз ложкі, але гук атрымліваўся так сабе. Так і ратаваліся.

Цяпер Саша замяжой. Ён думае, што не адразу вернецца ў Беларусь, нават калі там нешта зменіцца: занадта шмат флэшбэкаў. Хлопец сумна ўсміхаецца, калі кажа, што даведаўся пра сутнасць гэтага слова толькі тут, у бяспецы. Нядаўна ён размаўляў з мясцовай паліцыяй, і першай думкай перад гутаркай было: “Дык што, зноў?”

Спачатку мне пастаянна сніліся кашмары, — кажа былы палітвязень. — Мне снілася, што я ўжо не выйду з той 206-й камеры ў Жодзіна. Магчыма, з цягам часу я змагу больш бяспечна адчуваць сябе ў Беларусі, але не цяпер. Пакуль для мяне гэта псіхалагічны бар’ер. Але сумую. Пражыў усё жыццё на Вілейцы — цяпер вось хажду глядзець на Нерыс.

Крыніца: Былы палітвязень Аляксандр Казакевіч: "Пачуў, як хлапцу пагражалі "петушынай хатай" за беларускую мову"