20.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі прымушаюць беларусаў пазбаўляцца ад пратэсных татуіровак

Сілавікі прымусілі жыхара Камянца пазбавіцца ад татуіроўкі «Пагоня» на шыі. Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў «пакаяльнае відэа» жыхара Камянца Сяргея. На ім хлопец «прызнаецца» ў тым, што ў яго ёсць некалькі татуіровак з тэкстам «ACAB», а таксама на шыі ёсць татуіроўка герба «Пагоня». У тым жа відэа хлопец сказаў пра гэтыя татуіроўкі: «абавязуюся звесці ці перакрыць».

Пасля з'явілася новая публікацыя пра Сяргея. На фота бачна, што ўсе тату (у тым ліку «Пагоня») перабіты новымі татуіроўкамі паверх. У сваім каментарыі сілавікі адзначылі, што хлопец зрабіў гэта адразу ж пасля ІЧУ.

Таксама ГУБАЗіК прымусіў дзяўчыну «выправіць татуіроўку апазіцыйнага характару». Гаворка ідзе пра сімвал дэмакратычнага руху ў 2020 годзе — сэрца, кулак і знак «Віктары».

На «пакаяльным відэа» дзяўчыну прымусілі сказаць, што яна больш «не прытрымліваецца ніякіх палітычных поглядаў, чаго і іншым зычыць».

У Гомелі затрымалі рабочага Віталя Свадкоўскага — мужчына тры гады таму паставіў некалькі падабаек у «Аднакласніках»

Ён працуе на Гомельскім заводзе ліцця і нармаляў, які выпускае дэталі для сельскагаспадарчай тэхнікі.

Мужчыну затрымалі за некалькі «класаў» у сацсетцы «Аднакласнікі», якія ён паставіў яшчэ ў жніўні 2020-га. Рэакцыі, як вынікае з відэа, ён паставіў на відэа з пратэстаў і на відэа, дзе распавядаецца пра фальсіфікацыю выбараў.

ГУБАЗіК сцвярджае, што на мужчыну данеслі іншыя завадчане — быццам ён «займаўся экстрэмісцкай агітацыяй», так звычайна называюць крытыку ўлад або начальства. Зараз Віталю пагражае адміністрацыйны арышт, піша «Наша Ніва».

Бацьку чатырох дзяцей Максіма Дуброўскага арыштавалі на 14 сутак

Прыхажданіна царквы «Святло ісціны» Максіма Дуброўскага затрымалі ўчора, 18 ліпеня. Ноч ён прабыў у ІЧУ на Акрэсціна. Сёння ягоную справу разглядзела суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня. Яна прызнала яго вінаватым паводле арт. 24.3 КаАП за "непадпарадкаванне міліцыянту".

Бацьку чатырох маленькіх дзяцей суд прызначыў 14 сутак арышту.

Крыніца: Прымусовае пазбаўленне ад пратэсных тату, новыя "суткі": хроніка пераследу 19-20 ліпеня