Неўзабаве пасля апублікавання на платформе petitions.by петыцыі за перадачу паўнамоцтваў ДВП МУС Міністэрству юстыцыі, адміністрацыя папраўчай калоніі №15 Магілёва, абураная апублікаванымі ў петыцыі фактамі смерцяў у гэтай папраўчай установе, выклікала Пятра Кучуру на размову, у якой у яго адрас прагучалі пагрозы. Абяцаныя непрыемнасці асуджанаму чакаць давялося нядоўга.
Пра гэта Праваабарончаму цэнтру "Вясна" паведаміла Людміла Кучура.
Паводле яе, начальнік ПК-15 Аляксей Лазарэнка і яго намеснік па рэжымна-аператыўнай працы Аляксандр Слесараў выклікалі Пятра Кучуру на размову ў хуткім часе пасля прэзентацыі справаздачы ПЦ "Вясна", на якой яна звярнулася да шырокай грамадскасці з просьбай падтрымаць петыцыю за перадачу паўнамоцтваў ДВП МУС Міністэрству юстыцыі. Асуджанаму прад'явілі прэтэнзію аб тым, што ён перадаў жонцы інфармацыю пра смерці ў ПК-15, якая фігуруе ў петыцыі.
«Так, яны сказалі, што пра смерць жонкі зняволенага ў пакоі для працяглых спатканняў "мала хто ведаў"», хоць пра гэта распавядаюць і іншыя людзі, нядаўна вызваленыя з ПК-15, - кажа Людміла Міхайлаўна. - Пятру пагражалі, што ён будзе пад асаблівым кантролем, на яго будуць складацца рапарты і ў выпадку пераводу ў іншую калонію яму дадуць такую характарыстыку, што мала не падасца».
І вось - першы абяцаны рапарт на асуджанага быў складзены на мінулым тыдні.
«Муж паведаміў, што яму вынеслі надуманае спагнанне за тое, што нібыта ён захоўваў у сябе забаронены прадмет - самаробны кіпяцільнік. Натуральна, што ў яго ніякага самаробнага кіпяцільніка не было. Кіпяцільнік, якім ён карыстаецца, быў набыты ў краме і адпавядае пункту 16 дадатку №3 да Правілаў унутранага распарадку папраўчых установаў».
Людміла Кучура кажа, што мае падставы сцвярджаць, што гэта правакацыя.
«Падобны сцэнар кіраўніцтва калоніі ўжо выкарыстоўвала ў дачыненні да майго мужа ў 2013 годзе, калі яго абвінавацілі ў перадачы журналістам спісу пабораў з асуджаных і іх сваякоў. Тады ў яго было восем спагнанняў, пасля - накіраванне ў ШЫЗА, дзе яго труцілі хлоркай, а затым перавод у турму №4.
Незаконныя спагнанні мы з мужам абскардзілі ў ДВП, але ДВП, як заўсёды, стаў на бок кіраўніцтва калоніі. Праверка была праведзеная фармальна і вынік яе быў прадказальны - «парушэнняў заканадаўства не ўстаноўлена». Пасля таго, як муж быў пераведзены на тры гады турэмнага рэжыму і пасля адбыцця паловы гэтага тэрміну накіраваны назад у ПК-15, начальнік Лазарэнка сказаў яму, што яны ведаюць, хто перадаў спіс журналістам, і што мой муж не датычны да гэтага. Гэта значыць, ён сам пацьвердзіў, што мой муж быў пакараны, нічога не ўчыніўшы».
Разам з тым спагнанні, якія некалі ўжываліся да Пятра Кучуры адміністрацыяй ПК-15 і даўно пагашаныя, зараз з'яўляюцца інструментам маніпуляцыі пры разглядзе пытання аб умоўна-датэрміновым вызваленні асуджанага.
«Менавіта 17 вынесеных за гады зняволення спагнанняў, даўно ўжо пагашаныя і знятыя, усплылі ў адказах ДВП, МУС, Генеральнай пракуратуры пасьля таго, як мы сталі звяртацца са скаргамі на тое, што мужу неабгрунтавана адмаўляюць ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні. На іх увесь час спасылаюцца і іх выстаўляюць ледзь ні галоўнай падставай для адмовы ва УДВ. Аднак пры гэтым ніхто нідзе не ўказвае і не прымае да ўвагі, што Кучура 10 разоў заахвочваўся: чатыры разы яму давалі дадатковыя працяглыя спатканні, шэсць разоў здымалі раней накладзеныя спагнанні. І гэтыя заахвочванні не пагашаюцца! Гэта робіцца для таго, каб зганьбаваць Кучуру і разам з тым закрыць пытанне скаргаў».
За цяперашнім спагнаннем, якое ўжо пазбаўляе Пятра Кучуру атэстацыі як стаўшага на шлях выпраўлення, можа ісці чарада іншых, такіх жа надуманых, лічыць яго жонка.
«Далей яго могуць пазбавіць палепшаных умоваў, не лічачы спатканняў, пасылак, бандэроляў. Гэта помста майму мужу за тое, што ён не маўчыць аб парушэнні сваіх правоў кіраўніцтвам калоніі ў пытанні прадстаўлення яго да УДВ і замены пакарання на больш мяккае».
26 лютага Людміла Кучура накіравала новаму начальніка ДВП МУС Алегу Маткіну скаргу на незаконнае спагнанне з просьбай правесці ўсебаковую, аб'ектыўную праверку па гэтым факце, апытаўшы пры гэтым самога асуджанага, і запрасіць яе для абмеркавання вынікаў праверкі.
Сітуацыя з асуджаным Пятром Кучурам, на думку праваабаронцаў, выразна пацвярджае: ва ўмовах, калі зняволеныя не маюць эфектыўных сродкаў для аднаўлення сваіх парушаных правоў, іх надзеі на паляпшэнне сітуацыі звязаныя толькі з шырокай, лепш - міжнароднай агалоскай злоўжыванняў адміністрацый папраўчых установаў.
«І сапраўды, толькі тады, калі праблема выйшла з-за высокіх і надзейных варот папраўчай установы, па ёй можа быць праведзена хоць нейкая праверка. А там недалёка і да прыняцця мераў да вінаватых. Таму на шляху распаўсюду інфармацыі выбудоўваецца глухая сцяна, а тыя, хто мае дачыненне да разгалошвання ганебных для сістэмы фактаў, становяцца лёгкай мішэнню для пераследу. Вядома, заткнуць рот дзясятку-іншаму зняволеных лягчэй, чым дабудаваць турэмны шпіталь, перабудаваць свядомасць персаналу на выкананне правоў чалавека, зжыць традыцыі крымінальнага свету, якія ганьбяць сістэму выканання пакарання і парушаюць правы зняволеных, наладзіць эфэктыўную сістэму рэінтэграцыі былых зняволеных.
Таму на нас ляжыць адказнасць нагадваць уладзе пра тое, што зняволеныя маюць усе грамадзянскія правы - за выключэннем тых, якіх яны пазбаўляюцца самім фактам пазбаўлення волі, што нельга караць тых, хто хоча зрабіць сістэму больш адкрытай і адказнай», - кажа з гэтай нагоды праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка.
Дададзім, што ПЦ "Вясна" падзяляе выкладзенае ў петыцыі сваякоў асуджаных патрабаванне, і рэкамендацыя аб вывадзе папраўчых установаў і следчых ізалятараў з сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў з'яўляецца адной з ключавых у маніторынгавай справаздачы па сітуацыі ў месцах несвабоды. Паколькі знаходжанне месцаў пазбаўлення волі і следчых ізалятараў у сістэме МУС не дазваляе размежаваць функцыі крымінальнага пераследу і выканання пакаранняў, забяспечыць недатыкальнасць абвінавачаных, якія знаходзяцца пад вартай.
Крыніца: Пасля апублікавання Людмілай Кучура петыцыі на яе мужа ў ПК-15 распачаўся ціск