19.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў У судзе Дзяржынскага раёна 19 ліпеня вынеслі прысуд за ўдзел у акцыі пратэсту ў Фаніпалі 14 жніўня 2020 года мясцовай жыхаркі Ладарыі Кузняцовай. Суддзя Таццяна Федчук прызначыла ёй паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) адзін год "хатняй хіміі". Паводле версіі абвінавачвання, яна "у мэтах нагнятання незадаволенасці, напружанасці і пратэстных настрояў у грамадстве, яго правакавання, пры руху дэманстравала стужачку белага колера". Ладарыю затрымлівалі па відэа з акцыі пратэсту 24 студзеня пасля ператрусу, але абралі меру стрымання, не звязаную з пазбаўленнем волі.
Згодна версіі абвінавачвання, Ладарыя Кузняцова 14 жніўня 2020 года ў перыяд з 19:33 па 21:19, знаходзячыся ў горадзе Фаніпаль Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, "дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена групай асоб з іншымі неўстаноўленымі асобамі, у мэтах выканання публічных заклікаў, у тым ліку размешчаных на розных рэсурсах глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт, да актыўнага ўдзелу ў загадзя спланаваных на тэрыторыі Беларусі, пераследуючы сваёй сапраўднай мэтай здзяйсненне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
У прыватнасці, Ладарыі паставілі ў віну, што яна рухалася на працягу працяглага часу ў складзе калоны па праезнай частцы ў Фаніпалі, тым самым блакавала транспартным сродкам шлях, што пацягнула парушэнне працы транспарту. Больш за тое, згодна версіі абвінавачвання, выказваючы свае грамадска-палітычныя погляды, у мэтах нагнятання незадаволенасці, напружанасці і пратэстных настрояў у грамадстве, яго правакавання, пры руху дэманстравала стужачку белага колера, выкарыстоўваючы яе ў якасці сімвала пратэснага руху, рухалася ў калоне іншых асоб, выкрыквала лозунгі і здзяйсняла гучныя воплескі рукамі, што было накіравана на доўгае парушэнне грамадскага парадку, спакою, спалучанага з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням спыніць названыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак, неаднаразова адмаўлялася выканаць названыя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі і працягвала свае актыўныя дзеянні, накіраваныя на грубае парушэнне грамадскага парадку, правакуючы тым самым прысутных грамадзян на больш актыўныя і агрэсіўныя дзеянні.
На судзе Ладарыя прызнала віну цалкам.
З матэрыялаў справы вядома, што супрацоўнікі ідэнтыфікавалі дзяўчыну па відэа з акцыі пратэсту ў Фаніпалі. Вядома, што да сілавікоў два відэа патрапілі 4 лістапада 2021 года і 15 снежня 2022 года.
Пракурор Уладзімір Рыбакоў запрасіў для Ладарыі адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Паводле яго, "раскаяння ў Кузняцовай, па сутнасці, няма, таму што на яго пытанне аб палітычных поглядах яна адказала, што прытрымліваецца нейтральнай, не ўдзельнічае ні ў якой палітыцы, але, тым не менш, па месцы жыхарства былі выяўленыя экстрэмісцкія налепкі ("Стоп война"," Нет войне", "Люблю Украину") і іншыя атрыбутыка". У выніку, суддзя Фядчук прызначыла Ладарыі адзін год "хатняй хіміі".
Крыніца: Жыхарку Фаніпаля асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту з белай стужкай