18.07.2023 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Ператрус у Мінскай архікатэдры
З розных крыніц "Хрысціянскай візіі" паступаюць сведчанні, што з мінулага чацвярга на пятніцу (13-14 ліпеня) ў плябаніі мінскай архікатэдры адбыўся ператрус.
Ператрусу, папярэднічалі затрыманне і арышты каталіцкага верніка і выкладчыка катэхізісу з катэдры Уладзіслава Беладзеда, а таксама адстаўка пробашча, кс. Антонія Клімантовіча.
Палітвязня Уладзіміра Гундара ў калоніі ўжо двойчы змяшчалі ў ШІЗА
Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню Уладзіміру Гундару без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго праз хуткі этап.
У апошнім лісце Уладзімір напісаў, што яго ўжо двойчы адпраўлялі ў штрафны ізалятар — спачатку на 4 дні, а праз два дні пасля выхаду — яшчэ на 3 дні. Ён мяркуе, што ў бліжэйшы час яго зноў некалькі разоў закінуць у штрафны ізалятар, пасля чаго адбудзецца суд па замене рэжыму на турэмны.
Таксама палітвязень піша, што страчаны ў карцары слых да яго вярнуўся, але не цалкам — ён недачувае.
Падтрымайце Уладзіміра: ПК № 2. 213800, Бабруйск, Сікорскага, 1, 16 атрад, Уладзімір Тадэвушавіч Гундар.
Украінскі блогер BalaganOff прызнаны ў Беларусі "экстрэмісцкім фармаваннем"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 18 ліпеня.
Гаворка ідзе пра Telegram, Youtube і TikTok старонкі, якія вядзе папулярны ўкраінскі блогер Аляксандр Рыкаў. У сваіх відэа ён надае немалую ўвагу беларускай тэматыцы.
Родным палітзняволенага Віктара Бабарыкі ўдалося паразмаўляць з адміністрацыяй наваполацкай калоніі
Пра гэта паведамляецца на старонцы палітвязня.
Як сцвярджае адміністрацыя Наваполацкай калоніі, Віктара Бабарыку змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Адтуль забароненыя тэлефанаванні і спатканні. За што і на які тэрмін палітвязень трапіў у ПКТ — невядома.
Сцвярджаецца, што здароўю Бабарыкі нічога не пагражае.
Нагадаем, к канцы красавіка стала вядома, што Віктар Бабарыка быў шпіталізаваны ў бальніцу — далейшае месцазнаходжанне палітвязня было дагэтуль невядома.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Ператрус у Мінскай архікатэдры, новыя "экстрэмісцкія" фармаванні: хроніка пераследу 18 ліпеня