17.07.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, палітвязні, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-17 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Студэнтку юрыдычнага факультэта адлічылі перад самай абаронай за тое, што яна нібыта купіла дыпломную працу са спасылкамі на "экстрэмісцкія матэрыялы"
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
Сілавікі пішуць, што пытанні ўзніклі на стадыі допуску і рэцэнзавання, а сапраўднаму аўтару працы «давядзецца адказаць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У Мінску затрымалі журналіста Ігара Карнея
Як піша Радыё Свабода, Карней арыштаваны на 10 сутак і знаходзіцца на Акрэсціна, а ў яго дома правялі ператрус.
Як стала вядома Еўрарадыё, супраць журналіста Ігара Карнея пачалі крымінальную справу
Магчыма, сілавікі звярнулі ўвагу на яго пасля пахавання мастака Алеся Пушкіна, на якім прысутнічаў Ігар.
ГУБАЗіК за ўдзел у пратэстах затрымаў двух жыхароў Мінска
Падчас затрымання аднаго з іх паставілі на калені, апранулі кайданкі, абгарнулі ў БЧБ-сцяг, на галаву паклалі прэзерватывы, а ў трусы — фаласы.
За пікет і "экстрэмізм" арыштавалі электраманцёра з Міёраў
Як паведаміла "Віцебская вясна", суддзя суда Міёрскага раёна Ірына Яскевіч 17 траўня за пікетаванне і распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках пастанавіла арыштаваць на 6 сутак электраманцёра з Міёр Уладзіміра Граковіча.
У судзе «правапарушальнік» не адмаўляў таго, што на яго інтэрнэт-старонках у «Інстаграм» і «Аднакласніках» захоўваў «фотаздымак несанкцыянаванага масавага мерапрыемства з выявай палотнішчаў бел-чырвона-белых сцягоў».
Палітвязня Рыгора Кастусёва пазбавілі спатканняў
16 ліпеня Кастусёў з калоніі патэлефанаваў жонцы. Палітвязень распавёў, што яго не толькі пазбавілі спатканняў, але і забралі асабістыя запісы, у тым ліку чарнавік кнігі і адрасы для ліставання.
Падтрымайце палітвязня лістамі і тэлеграмамі: ПК № 22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Рыгор Андрэевіч Кастусёў
Палітвязень Алег Рубец зноў у ШІЗА
У чэрвені 2022 года па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі Баліка палітзняволенага пінчука Алега Рубца перавялі на тры гады з калоніі ў жодзінскую турму № 8. Агулам у штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі амаль 200 сутак.
Цяпер стала вядома, што Алега зноў змясцілі ў ШІЗА.
Падтрымайце палітвязня лістамі, паштоўкамі і тэлеграмамі: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Алег Віктаравіч Рубец
Жыхару Ліды прызначылі 10 сутак арышту за рэпост у Telegram у 2020-ым годзе
13 ліпеня на працы быў затрыманы 36-гадовы жыхар Ліды Сяргей Сарока. Як паведамляе @lida_grab_court, 14 ліпеня адбыўся суд па адміністрацыйнай справе.
Сяргею прызначылі 10 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпосты ў Telegram у 2020-ым годзе.
Крыніца: Новыя затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 15-17 ліпеня