17.07.2023 Тэгі: грамадства, палітвязні, смяротнае пакаранне, рэпартаж На выходных каля польска-беларускай мяжы на Падляшшы прайшоў "Фестываль абуджаных «Тутака»". Праваабаронцы "Вясны" далучыліся да яго, каб распавесці пра праблему смяротнага пакарання ў Беларусі. Вясноўцы раздалі цішоткі з лагатыпам кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", а ўдзельнікі вядомага беларускага гурта "Dzieciuki" выступілі на знак пратэсту супраць смяротнага пакарання ў гэтых цішотках. Паказваем, хто з беларусаў і беларусак сказаў "НЕ" смяротнаму пакаранню ў Беларусі, а каардынатар кампаніі Андрэй Палуда распавёў пра важнасць гучання гэтай тэмы сёння.
"Наяўнасць смяротнага пакарання ў сучаснай Беларусі — важны паказчык той сістэмы гвалту і рэпрэсій, якая існуе ў нашай краіне. Вельмі важна гаварыць і нават крычаць пра тыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. І дзякуй усім беларусам і беларускам, якія падтрымліваюць нас, гавораць і дзейнічаюць.
Смяротнае пакаранне заўсёды было індыкатарам стана правоў чалавека ў нашай краіне. Цяпер пасля апошніх зменаў у Крымінальны кодэкс да вышэйшай меры пакарання могуць асудзіць, напрыклад, толькі за замах на "тэрарызм". Таму важна працягваць казаць пра смяротнае пакаранне і ў сённяшнім кантэксце рэпрэсій у Беларусі", — кажа Андрэй Палуда.
"Забойства нараджае новае забойства. Таму мы прынцыпова выступаем супраць смяротнага пакарання, а ў сучаснай Беларусі гэта зразумела", — сказаў падчас выступу фронтмэн гурта "Dzieciuki" Алесь Дзянісаў.
- Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская падтрымала кампанію "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання"
- Вядомая баскетбалістка Кацярына Сныціна падтрымала кампанію "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання"
- "НЕ смяротнаму пакаранню" сказалі былы палітвязень па "справе Ціханоўскага" Зміцер Фурманаў і ягоная жонка Вольга
Актуальную інфармацыю пра стан смяротнага пакарання ў Беларусі можна адсочваць у Telegram-канале "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"
Крыніца: Глядзіце, хто з беларусаў на фэсце "Тутака" сказаў "НЕ" смяротнаму пакаранню ў Беларусі Фота