15.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Барысаўскага раёна 23 чэрвеня разглядалася крымінальная справа Міхаіла Анціпава, якога абвінавацілі ў знявазе дзяржаўнай сімволікі (арт. 370 КК). У справе ёсць незвычайная акалічнасць – у міліцыю пра пашкоджанне сцягоў паведаміла ягоная маці.
Справу разглядала суддзя Таццяна Шыман.
Паводле следства, уначы 20 сакавіка 20-гадовы хлопец сарваў чатыры дзяржаўныя сцягі ў аграгарадку Лошніца. Ён пашкодзіў палотнішчы сцягоў і разламаў дрэўкі.
Парушальніка затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Высветлілася, што ён грамадзянін Украіны, які мае від на жыхарства Рэспублікі Беларусь. Прыехаў у нашу краіну каля 10 гадоў таму, атрымаў бясплатную адукацыю і па размеркаванні працуе на адным з прадпрыемстваў Мінскай вобласці.
Свае дзеянні Анціпаў здымаў на тэлефон, а фота выкладваў на старонку ў сацыяльнай сетцы.
Працяг “сцягападу” ў Беларусі: новыя прысуды за знявагу дзяржаўнай сімволікі
Абвінавачванне заяўляе, што знаходзячыся ў аграгарадку Лошніца, Анціпаў наўмысна, нажом адрэзаў фрагмент палотнішча ад дзяржаўнага сцяга, замацаванага на будынку крамы, затым нажом зрэзаў вяроўку флагштока, з другога сцяга адарваў фрагмент палотнішча і зламаў дрэўка. У справе чатыры эпізоды.
Сведкай у судзе выступіла маці абвінавачанага. Падазраючы, што сын здзейсніў супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да сцягоў, запатрабавала ад таго звярнуцца ў міліцыю, а таксама сама паведаміла аб тым, што адбылося ўчастковаму інспектару.
Суд пастанавіў прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Крыніца: Маці "здала" ўчастковаму сына, які знішчыў чатыры сцягі ў Лошніцы