14.07.2023 Тэгі: праваабаронцы, салідарнасць, справа Вясны Праз два гады пасля чорнага дня 14 ліпеня, калі старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст  Уладзімір Лабковіч, разам з дзесяткамі іншых вясноўцаў,  былі брутальна схопленыя і кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць, легальную дапамогу грамадзянам і імкненне да дэмакратыі. Многія выйшлі на волю, але гэтыя трое – і не толькі яны – дагэтуль за кратамі, а тэрміны, якімі іх “узнагародзіў” лукашэнкаўскі рэжым – вялізныя. “Вясна” захавалася і годна дзейнічае ў няпростых умовах вымушанай міграцыі. Ды ўсё адно, кожнаму з нас, хто зараз на волі, нечага не хапае. Аб гэтым мы і распыталі сёння вясноўцаў:

Павел Сапелка:

“Думаючы аб двух гадах, якія я асабіста, і ўсе мы ў "Вясне", пражылі без стасункаў з Алесем, Уладзімірам і Валянцінам, я зведваю шмат разнастайных пачуццяў, адно з якіх – велізарная падзяка гэтым траім, вельмі розным па характары, але аднолькава адважным, інтэлігентным і пасіянарным людзям за магчымасць быць побач з імі ў мінулым і надзею быць у адных шэрагах пасля іх вызвалення. Але на гэтым, мабыць, станоўчыя эмоцыі заканчваюцца. Людзі без сумлення і гонару скралі не толькі два гады з іх жыцця, яны адабралі гэтыя два гады ў кожнага з родных і блізкіх нашых калег, у кожнага з нас; нарэшце скралі і ў Беларусі, адданымі патрыётамі якой былі і застаюцца нашыя сябры, дзеля якой яны маглі зрабіць за гэты час шмат карыснага”.

Аляксей Колчын:

“Мне не хапае аптымізму Алеся, ягонай упэўненасці, здольнасці бачыць далёка і шырока, і пры гэтым беларусацэнтрычна. Ён – як дуб, на які можна было абаперціся. Я сумую па чалавечай цеплыні Валіка і прыязнасці да кожнага, ягонай цвёрдай прынцыповасці, а яшчэ – ягонай любові да рок-музыкі.

Мне не стае Уладзевага вострага розуму, жорсткасці і дакладнасці, крыштальна яснага позірку на ўсё. А яшчэ мне вельмі не хапае смеху гэтай кампаніі, іх здольнасці радавацца жыццю насуперак усяму”.

Андрэй Палуда:

“Мінула два гады з моманту маштабнага пагрому ў адносінах да праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў. Два гады з таго моманту як нас, сяброў і сябровак “Вясны” затрымалі.

14 ліпеня 2021 года быў нялегкім днём для кожнага з нас. Ператрусы, допыты, затрыманне, Акрэсціна. Праз колькі дзён, мяне і частку калег выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і мы змаглі эвакуявацца. Алесь, Валік і Ўладзь засталіся за кратамі, у палоне. Шакуючыя тэрміны, бесчалавечныя ўмовы ўтрымання, ізаляцыя, усе гэта стала сённяшняй рэальнасцю.

Я думаю і ўзгадаваю сяброў і калег, фактычна кожны дзень. Мне вельмі не хапае іх парадаў, не хапае іх меркавання і іхняга бачання сітуацыі. Мне вельмі не хапае пачуцця таго, што яны побач.

А яшчэ больш, мне не хапае ведання і разумення таго, што яны побач са сваімі сем’ямі, са сваімі дзеткамі. Я ведаю наколькі ім важна быць побач з дзецьмі пад час іх сталення. Я ведаю наколькі для іх важна абняць бацькоў і блізкіх.

Жудасная несправядлівасць і рэпрэсіі толькі за тое, што любяць Беларусь, вераць у гуманізм і правы чалавека. А яны дапамагалі тым, каму гэтая дапамога была так неабходна”.

Наста Васільчук:

“Сёння – два гады, як Алеся, Валіка і Уладзя забралі. Забралі ад сем’яў, забралі ад нас, калегаў, забралі ад тысяч беларусаў, якім яны маглі б далей дапамагаць. Два гады – і я зноўку не разумею, як так хутка для мяне, для іншых людзей, якія засталіся на волі, ляціць час. Падаецца, так хутка ніколі не ляцеў. Мы самі не пабачылі, як прызвычаіліся жыць інакш. Прызвычаіліся быць голасам нашых зняволеных калег, але быць удалечыні ад іх, не мець магчымасць пабачыць і пачуць іх.

Я ведаю, што яны часта думаюць пра нас, але ж часам так не хапае словаў падтрымкі ці мудрай парады, сказаных услых, а не напісаных ў лісце, позірка, сяброўскай усмешкі.  Бо яны – тыя людзі, якія заўсёды аб’ядноўвалі і дапамагалі паразумецца між сабой іншым.

А калі пра час, то вядома, што там, за кратамі, усё наадварот: час ідзе вельмі марудна. А для кагосьці спыняецца назаўсёды… І сёння, як і ў кожны іншы дзень, калі думаю пра нашых зняволеных хлопцаў, хачу толькі аднога: каб усё скончылася раней, чым скончацца іх вялізныя тэрміны”.

З ператрусамі прыйшлі да праваабаронцаў "Вясны": наступ на НДА працягваецца

14 ліпеня працягваецца пераслед людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю: раніцай сілавікі прыйшлі да праваабаронцаў "Вясны", БХК, Lawtrend ды актывістаў недзяржаўных арганізацый, партый і рухаў па ўсёй краіне.

 Сяржук Сыс:

“Здавалася б, пасля найбольш моцнага і ўразлівага ўдару ўладаў па “Вясне”, які адбыўся два гады таму, мы высталі, захавалі жыццядзейную арганізацыю, годна выконваем сваю праваабарончую місію. Няпроста гэта далося кожнаму з нас, адно толькі ведаем, што нашым калегам і сябрам цяжэй утрая за кратамі. Без іх, што тут крывіць душою, часам вельмі цяжка.

Любая псіхалагічная напружанасць, стома і раздражненне, раней лёгка раствараліся ў лагодным, альбо жартаўлівым слове Валянціна Стэфановіча, у простых пытаннях Алеся Бяляцкага: “Ну як ты, стары? Як дома?”, у нязгасным аптымізме і гумару Уладзі Лабковіча.

Простыя, на першы погляд, рэчы. Нашыя калегі выпраменьвалі светлую энэргію, падтрымлівалі словамі, парадамі, учынкамі, кожны з нас адчуваў надзейнае плячо і падтрымку. І гэта было сапраўды моцна.

Пры ўсім напружаным рытме працы “вясноўцаў”, заўсёды знаходзілася хвіліна-другая для таго, каб нехта даў параду ў складаным пытанні, для сяброўскай размовы, і нават для прыгодніцкіх турыстычных авантураў у вольны час. Гэтага зараз усім нам моцна бракуе.

Застаецца верыць, моцна верыць і спадзявацца, што дачакаемся дня, калі ўсе ізноў збярэмся разам. Нам будзе пра што гаварыць, і будзе як жыць далей”.

Алена Маслюкова:

“Сапраўды вельмі цяжкі час для мяне асабіста. Цяжкі таму, што не хапае нашых сяброў, якія на жаль, у зняволенні. Не хапае іх падтрымкі. Бракуе разумення і мудрага кіраўніцтва нашага Алеся. Іх адсутнасць накладае вялікую адказнасць за захаванне і развіццё арганізацыі. Жадаю нашым зняволеным сябрам волі ва ўсіх сэнсах і здароўя. А мы чакаем іх і працягваем праваабарончую працу”.

Канстанцін Старадубец:

"Вельмі не хапае пазітыву Валіка, спакою і разважлівасці Алеся, дасціпнасці Уладзя. Кожны з іх –  вялізны маральны аўтарытэт з унікальным праваабарончым досведам. У нашай працы, дзе няма ўніверсітэтаў і акадэмій, такія людзі – гэта надзейны падмурак. Мне асабіста вельмі цяжка без іх падтрымкі і парадаў. Пры гэтым, ніхто ў нас не забярэ іх досвед, які яны ўжо нам перадалі. Ён бясцэнны!"

Марына Кастылянчанка:

“Ужо больш як два гады не хапае офіснай утульнасці і спакою, калі можна было зайсці ў кабінет да Валіка і Уладзі, дзе кожны заняты сваёй справы ці агульнымі абмеркаваннямі, але разам з тым ёсць месца жартам і смеху. Пасмяяцца разам са шматлікіх Валікавых жыццёвых гісторый…

Узгадваю першы свой вобшук і затрыманне, а там Уладзь, які спрабуе патрапіць да мяне ў кватэру, але амапаўцы яго не пускаюць. Хвалюецца, калі выводзяць з хаты, ды ківае мне: “Трымайся!”

Побач Алесь… Ён ўмее выслухаць і падтрымаць. У цяперашні час няма асаблівай патрэбы трымаць у галаве тэлефонныя нумары. Сярод нямногіх нумароў родных, 650-30-15 – тэлефон Алеся. Так, на ўсялякі, бо ў экстрэнных выпадках дакладна ведаеш – Алесь адгукнецца.

Два гады зняволення вясноўцаў – іх немагчыма зразумець, адчуць, успрыняць, паверыць, што час ляціць так хутка і так марудна. У лістах Валік абяцае абавязкова вярнуцца, дзяліцца вясёлымі і не вельмі расповядамі, плануе з’ездзіць усім разам на мора ці ў вандроўку, як ён даўно марыць. На гэта і чакаю.”

Аляксандр Капуцкі:

“Мне асабіста моцна не хапае аўтарытэту двух вэтэранаў, можна сказаць, зуброў праваабароны – Алеся і Валянціна. Не хапае таксама іхняй прысутнасці як сяброў, бо сябрую я з імі ўжо вельмі даўна. Асабіста з Алесем яшчэ з часоў Адраджэння канца 80-х – пачатку 90-х, а з Валікам з часу майго уступлення ў “Вясну” ў 2000 годзе і з нашай абаюднай любові да старога, добрага року...”

Ліквідацыя, арышты, суды і выгнанне. Праз 27 гадоў рэпрэсій "Вясна" працягвае сваю дзейнасць

Ад моманту свайго стварэння ў 1996 годзе праваабарончая арганізацыя “Вясна 96”, а затым і праваабарончы цэнтр “Вясна”, метадычна і бязлітасна пераследваліся беларускімі ўладамі за сваю легітымную дзейнасць.

Крыніца: "Яны выпраменьвалі энэргію, падтрымлівалі словамі, парадамі, учынкамі": вясноўцы пра сваіх зняволеных калег