14.07.2023 14 ліпеня — роўна два года, як старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч былі брутальна cхопленыя беларускімі ўладамі і кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць, легальную дапамогу грамадзянам і імкненне да дэмакратыі ў краіне. Сёння з гэтай нагоды мы ўзгадваем гісторыі з іх жыцця, якія распавялі яны самі.   

Гісторыя першая. Пра маці

Валянцін Стэфановіч:

"Я не аднойчы думаў аб тым, што самае цяжкае падчас працы ў "Вясне", і прыйшоў да высновы, што гэта — стасункі з маці. Найцяжэй размаўляць з маці, калі іх дзеці трапляюць у бяду. Вельмі моцна эмацыйна і псіхалагічна мяне «прыбіла» сітуацыя з маці расстралянага Андрэя Жука. Тут і слоў не хопіць, каб апісаць такі стрэс. Цяжка размаўляць, калі маці ведае, што яе сына заб'юць, і ў той жа час чакае нейкіх слоў надзеі, чакае цуду, якога ты зрабіць не ў сілах. І абнадзеіць яе не можаш. Аднак ты не мусіш гэтага казаць, ты мусіш супакоіць чалавека".

bialiacki_stefanovich.png
Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч падчас праваабарончай місіі на Кубе ў 2008 годзе

Гісторыя другая. Пра падтрымку

Уладзімір Лабковіч:

"Вясна" прымала мяне цяжка. Прыглядалася да мяне, мацала на вытрымку і здольнасць. Бывалі моманты, калі я падыходзіў да свайго сябра Валянціна і казаў, што мне цяжка, што, напэўна, я не здолею ўвайсці ў каманду, але ён прасіў пачакаць, казаў, што ўсё зменіцца. Дзякуй яму за тую падтрымку. Пазней мы са смехам узгадвалі гэтыя мае першыя тыдні прыціркі на "Вясне".

Бяляцкі для мяне тады быў яшчэ паўміфічным персанажам, але гэтае адчуванне хутка знікла, і паўстаў нармальны чалавек: без фанабэрыі, але ў той жа час вельмі мудры і сапраўдны настаўнік, які цэніць сваіх вучняў. Гэта адчуванне засталося і зараз, хаця мы можам і спрачацца і ён можа спакойна пагаджацца, калі хтосьці мае рацыю".

akciya_2001.png
Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Адам Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч на акцыі салідарнасці з рэдакцыяй газеты "Народная воля". 2003 год

Гісторыя трэцяя. Пра музей

Алесь Бяляцкі:

"Багата што ў той час у музеі мы рабілі сваімі рукамі – я, Сцяпанавіч, Астравец, Едрусь, мужчынскай часткай калектыву. Мы цягалі цяжкасці, перастаўлялі мэблю, рамантавалі, фарбавалі. Жанчыны ж прыбіралі, чысцілі, упрыгожвалі кабінеты і фае. Тэма падрыхтоўкі экспазіцыі павялічвалася бліжэй да адкрыцця. Апошнія месяцы мы працавалі ў музеі без выходных, кожны дзень. Напачатку снежня 1991 года мы прыходзілі ў музей рана ранкам і сыходзілі ўвечары пасля 22 гадзін. Я не дасыпаў і амаль не быў удома. Памятаю, як у адзін з вечароў, за пару дзён да юбілею паэта і адкрыцця музея, ужо позна ўвечары мы прыбіралі залы экспазіцыі начыста, праціралі, падмяталі, перакладвалі апошнія цэтлікі. Я пачаў жартаваць, не мог спыніцца. Жарты мае падхапілі дзяўчыны, на якіх напаў нейкі істэрычны смех. Ніколі мы не смяяліся так заразліва і безаглядна".

bialiacki_splau.jpeg
Травень 1987 года, Алесь Бяляцкі і Міхась Талочка. Сплаў па Дзівіне-Даўгаве супраць пабудовы Дзвінскай ГРЭС, у якім браў удзел і човен з “Тутэйшымі”. Фота: радыё "Рацыя"

Гісторыя чацвертая. Пра "хабар" у "Вясне"

Уладзімір Лабковіч:

"Асаблівай пашанай лічылася, калі нам прыносілі падарункі за нашу працу — часцяком цукеркі, але бывала, што і піражкі, марынады, сочыва. Гэта мы называлі "хабарам", які адносіўся на кухню, дзе мы ўсе гэта з задавальненнем спажывалі. Гэта былі часы, калі зусім не было грошай, калі не было за што набыць элементарныя рэчы, і такія харчовыя падарункі былі вельмі дарэчы. Памятаю, што зімой 2002/03 ні ў кога не было грошай, і тады Алесь з вёскі прывёз некалькі мяхоў бульбы і капусты, якую... заквасілі на кухні "Вясны". У кожнага з нас быў свой дзень дзяжурства па кухні, мой дзень быў панядзелак. Бліжэй да абеду я ішоў на кухню, чысціў бульбу і варыў яе, даставаў капусту і клікаў усю нашую каманду. І мы, сабраўшыся ўсе разам, спажывалі гэтую няхітрую справу; асаблівым шыкам было, калі Алесь прыносіў вясковае сала. Мы вялі цікавыя размовы, дзяліліся ўражаннямі... Усім раю паслухаць расповеды Валіка і Алеся пра іх службу ў войску — я слухаў столькі рз адныя і тыя ж гісторыі, але заўсёды яны былі афарбаваныя новымі фактамі, выразамі, словамі і заўсёды неймаверна вясёлыя і аптымістычныя. Гэтая аўра не знікла і зараз. "Вясна" так і застаецца сяброўскай камандай вельмі цікавых людзей".  

У офісе
У офісе "Вясны" пасля вобшуку 16 лютага 2021 года

Гісторыя пятая. Пра лісты

(упершыню апублікавана ў часопісе "Дзеяслоў" у 2016 годзе).

Алесь Бяляцкі:

"Яны, усе гэтыя лісты і паштоўкі, вельмі дарагія мне. І ад вядомых людзей — пісьменнікаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, і ад сяброў і знаёмых, і ад зусім невядомых школьнікаў і пенсіянераў, шматдзетных маці, вернікаў і студэнтаў. Гэтыя часцінкі людскіх душаў складаюцца ў адну вялікую, яркую і стракатую мазаіку.

Калі-небудзь я зраблю выставу з гэтых лістоў і паштовак. Як прыклад салідарнасці. Будуць там вясёлыя дзіцячыя малюнкі са снегам і канадскімі хвоямі, з італьянскім сонцам і морам, змагарныя малюнкі з Польшчы з мурамі, якія разлятаюцца ад выбуху ўшчэнт. Будуць рупна выштукаваныя аплікацыі з каляровай паперы, з наклеенымі шматкамі скуры, бліскучымі стразамі і пасыпаныя шкляной пудрай. Будуць адмыслова надрукаваныя ў Галандыі і Бельгіі, Аўстрыі і Нямеччыне паштоўкі. Будуць самаробныя пісулькі, зробленыя з фотаздымкаў, і шыкоўныя крамныя паштоўкі, выдрукаваныя на крэйдавым рэльефным кардоне...

Я задумваюся, наколькі варты такой масавай падтрымкі. Звычайны чалавек, у якога хапае сваіх слабасцяў і недахопаў, які наўрад ці хоча быць для каго-небудзь прыкладам у жыцці. Ці, можа, я сапраўды чагосьці не разумею і недаацэньваю ўсёй шматзначнасці і глыбіні абставінаў, у якіх апынуўся?..

І ўсё ж мне здаецца, што нябачная сувязь паміж мной і тымі, хто піша мне, не спадзеючыся на адказ, існуе.

У гэтых лістах і паштоўках ахвяра, якой я сябе не адчуваю, часта пераўтвараецца ў героя, якім я не з’яўляюся, але якога хацелі б бачыць ува мне. Ахвяра і герой у адной асобе насамрэч не з’яўляюцца ні ахвярай, ні героем.

Мне здаецца, што напісаўшы некалькі слоў у падтрымку, разам з апусканнем ліста ў паштовую скрыню, тыя, хто мяне падтрымлівае, у гэтае ж імгненне атрымліваюць і нябачны адказ. Гэта лёгка ўявіць: як у электроннай пошце — паслаў паведамленне і адразу ж атрымаў сімвал: дайшло. І ты адразу супакойваешся".

vyzvalenne_byalyackaga.jpeg
Алесь Бяляцкі пасля вызвалення ў 2014 годзе

Крыніца: Пяць гісторый пра палітзняволеных "вясноўцаў"