Адукацыйны ўік-энд аб правах чалавека прайшоў у гомельскім Цэнтры беларускай мовы ў мінулыя выходныя.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда разам з грамадскай актывісткай і праваабаронцай Палінай Сцепаненка прэзентавалі 23 лютага інтэрактыўны комікс "Мама, гэта я..." па тэме смяротнага пакарання. Маладыя гамельчукі разважалі, горача спрачаліся і спрабавалі разабрацца з гэтай складанай праблемай.
Таксама наведвальнікі Цэнтра змаглі азнаёміцца з выставай "Кожны мае права ведаць свае правы". Гэтая багата ілюстраваная выстава ўпершыню была прэзентаваная напрыканцы мінулага года ў Магілёве. Выстава была створаная агульнымі намаганнямі сеткі Дамоў правоў чалавека, ПЦ “Вясна”, украінскай арганізацыі МАРТ і іншымі вядомымі экспертамі.
Прадстаўнік валантэрскай Служба "Вясны" Юры Мяцельскі ў суботу, 24 лютага, зладзіў для жадаючых грунтоўную экскурсію па выставе "Кожны мае права ведаць свае правы".
У гэты ж дзень у Цэнтры прайшоў кінапрагляд фільма "Грязные прелести". Да позняга вечара ўдзельнікі горача абмяркоўвалі фільм, разважалі аб праблеме ўцекачоў па ўсім свеце, казалі пра іх становішча на новых месцах, і пра тыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца ўцекачы, каб атрымаць грамадзянства і статус.
Адукацыйны ўік-энд аб правах чалавека ў Гомель завяршыўся 25 лютага.