12.07.2023 Тэгі: ціск, рэпрэсіі, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — "Каратели Молодечно"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 7 ліпеня. Пазначана, што ў склад «фармавання» таксама ўваходзіць telegram-канал «Каратели и прикорытники Пинска».
Адзначым, што абодва каналы ўжо больш за год не абнаўляліся — ёсць верагоднасць, што сілавікі затрымалі кагосьці з адміністратараў і цяпер вырашылі дадаць каналы ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў», як яны рабілі ўжо неаднаразова.
Журналістцы польскага інфармагенцтва РАP забаранілі ўезд у Беларусь на 5 гадоў
Юстына Прус працавала ў краіне з 2016 году. Цягам усяго пэрыяду працы ў Беларусі карэспандэнтка РАР мела акрэдытацыю пры МЗС.
Прус знаходзілася ў Беларусі падчас масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году, асвятляла міграцыйны крызіс, які пачаўся ў 2021 годзе. Забарону выдаў КДБ, піша @pozirkonline.
У Пружанах мужчыну затрымалі за каментары наўпрост на працы — яго выводзілі ў кайданках і з мяшком на галаве
У праўладным канале ўчора з'явілася «пакаяльнае відэа» з Яўгенам Пеляхатым. Паводле інфармацыі "Берасцейскай вясны", мужчыну затрымаў ГУБАЗіК яшчэ 1 чэрвеня на працы з прымяненнем «спецсродкаў і фізічнай сілы».
Цяпер мужчына ў СІЗА чакае суда, яго абвінавачваюць паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці) і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).
ГУБАЗіК пахваліўся тым, як разграміў кватэру шоумэна Дзяніса Дудзінскага
Сілавікі зламалі мэблю, раскідалі рэчы і засунулі ва ўнітаз нацыянальны і украінскі сцягі.
Крыніца: Новыя затрыманні і "экстрэмісцкае фармаванне": хроніка пераследу 12 ліпеня