12.07.2023 Тэгі: грамадства, палітвязні, ціск, правы чалавека, умовы ўтрымання, рэпрэсіі Ноччу 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены Алесь Пушкін. Выданне MOST са спасылкай на свае крыніцы распавяло, што ў Алеся была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.
Памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін
Сёння ноччу ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах памёр 57-гадовы палітзняволены Алесь Пушкін.
Нажаль, гэта не першы вядомы выпадак, калі палітзняволеныя паміраюць за кратамі.
Раней ў траўні 2023 году ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да года калоніі за рэакцыю ў "Аднакласніках" на карыкатуру на Лукашэнку. Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на гэта, пінскі суд прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы.
У калоніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч
Яго асудзілі да зняволення, нягледзячы на захворванне сэрца.
Першы вядомы выпадак смерці палітвязня за кратамі — смерць актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка. 21 траўня 2022 году. Сэрца зняволенага актывіста спынілася ў шклоўскай калоніі №17. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. На відэа з калоніі мужчына выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Калі родным паказалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару і да гэтага часу не завёў крымінальную справу. Вітольду Ашурку было 50 гадоў.
"Мораць голадам і холадам"
Новыя сведчанні пра катаванні і акалічнасці смерці Вітольда Ашурка ў ПК-17.
"Давесці да канца справу Вітольда важна для ўсяго грамадства", — Андрэй Ашурак
Акрамя гэтага, вядома мінімум пра адзін выпадак, калі палітвязень скончыў жыццё самагубствам. Пятага студзеня 2022 года43-гадовы Дзмітрый Дудойць скокнуў з маста і разбіўся, калі вяртаўся з паліклінікі без суправаджэння.Нагадаем, мужчына быў асуджаны да двух гадоў «хіміі» за каментар пра начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталія Куляшова. З 29 снежня 2021 года Дзмітрый адбываў тэрмін ў ПУАТ №43 у Магілёве. Ён правёў на «хіміі» адзін тыдзень.
Вядома мінімум пра тры смерці людзей на волі праз ціск ці наступствы нечалавечых умоваў у ізалятарах.
У 2021 годзе стала вядома пра дзве ахвяры COVID-19, якія захварэлі ў беларускіх ізалятарах. Праз нечалавечыя ўмовы ў ізалятарах і несвоечасовае аказаную дапамогу ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі памерлі 53-гадовая мінчанка Алена Амеліна (захварэла ў ЦІП на Акрэсціна)і 57-гадовы жыхар Асіповічаў Сяргей Шчацінка (захварэў у Асіповіцкім ІЧУ). Хварэць яны пачалі яшчэ ў ізалятарах, а пасля адразу трапілі ў лякарні. Але выздаравець так і не змаглі.
"Алене за адзін дзень стала вельмі блага, яна амаль трупам ляжала пад нарамі, мы прымушалі яе хоць нешта з'есці.Лячылася ўсё гэта парацатамолам і, калі зусім чалавеку блага, антыбіётыкам. З ЦІП Алена адправілася на ШВЛ, і так і не выкарабкалася", — згадвалі пра Амеліну.
За некалькі месяцаў да гэтага ў Мінску 17-гадовы падлетак скончыў жыццё самагубствам праз пераслед за масавыя беспарадкі.Увечары 25 траўня 2021 году 17-гадовы Дзмітрый Стахоўскі, фігурант крымінальнай справы за ўдзел у «масавых беспарадках» 9-11 жніўня 2020 года, скончыў жыццё самагубствам, скокнуўшы з 16-павярховага будынка.Хлопец перад гэтым пакінуў перадсмертны пост «ВКонтакте», у якім тлумачыць свой учынак крымінальным пераследам праз удзел у мітынгах: «Віной таму, стаў следчы камітэт».
«Калі б на мяне не працягвалі маральна ціснуць, думаю, я бы не вырашыўся на такі жудасны ўчынак як суіцыд. Але мае сілы былі на зыходзе».
Акрамя гэтага, у выніку ўжывання ўладамі сілы ў адказ на мірныя сходы зрабіліся падзеі ў перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года загінулі як мінімум тры чалавекі. Гэта Аляксандр Тарайкоўскі, Аляксандр Віхор і Генадзь Шутаў). Улады адмаўляюць сваю адказнасць за гэтыя забойствы, але не праводзяць эфектыўнага расследавання па іх.
"Зламаныя рэбры, грудзіна, але прычына смерці - праблемы з сэрцам"
Яшчэ адзін загінулы — Раман Бандарэнка. Жыхар «Плошчы Перамен», які 11 лістапада 2020 года, пабачыўшы ў чаце, што нейкія людзі зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі паблізу яго дома, выйшаў паразмаўляць з імі. Невядомыя ў цывільным і масках збілі хлопца, пасля чаго Раман у цяжкім стане трапіў ў бальніцу. Аперацыя доўжылася некалькі гадзін, аднак стан хлопца пагаршаўся — увечары 12 лістапада ён памёр.
Алесь Бяляцкі тады сказаў:
«Відавочна, што адказнасць за смерць Рамана Бандарэнкі ляжыць на міністэрстве ўнутраных справаў і тых, хто аддаваў міліцыі загад “закруціць гайкі”. Улады правакуюць яшчэ большую напружанасць паміж імі і народам.
Я разумею, што следчы камітэт гатовы заплюшчваць вочы на любое беззаконне і гвалт, учынены сілавікамі. Але я веру, што аніводнае злачынства, учыненае супраць людзей, не будзе дараванае. Я заклікаю людзей не ўпадаць у роспач і адчай і далей адстойваць свае правы чалавека. Бо мы – не быдла!».
Крыніца: Як беларусы паміраюць за кратамі ці праз наступствы ціску і ўмоваў утрымання ў ізалятарах