11.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Жлобінскага раёна 21 чэрвеня вынесены прысуд яшчэ адной удзельніцы жнівеньскай акцыі пратэсту 2020 года. 21-гадовую Лаліту Козыраву абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядала суддзя Наталля Качалава.
Да суда Лаліта Козырава знаходзілася на волі, пад паручальніцтвам.
Па матэрыялах абвінавачання Лаліта 9 жніўня 2020 года прыкладна ў 21 гадзіну 42 хвіліны далучыўшыся да натоўпу людзей, выйшла на праезную частку аўтамабільнай дарогі, пляскала ў далоні, гучна крычала, выкрыквала розныя лозунгі, адмаўлялася ад выканання патрабаванняў супрацонікаў міліцыі.
У судзе Козырава патлумачыла, што лозунгаў не выкрыквала, у счэпку не ўставала, у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі фізічнай сілы не ўжывала, ніякіх прадметаў у іх не кідала. Калі супрацоўнікі міліцыі сталі набліжацца да натоўпу і выцясняць грамадзян з праезнай часткі сышла дадому.
Згодна з пратаколам агляду прадметаў ад 25 красавіка 2023 года, была агледжана і зафіксаваныя характарыстыкі кашулі, канфіскаванай у Козыравай. Пры аглядзе кашулі і супастаўленні яе з відэафайламі камер відэаназірання ўстаноўлена, што менавіта ў ёй яна была ў той вечар на акцыі пратэсту.
Суд пастанавіў прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў.
Крыніца: Жыхарку Жлобіна апазналі па кашулі і асудзілі за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту 2020 года