11.07.2023 Тэгі: грамадства, палітвязні, пенітэнцыярная сістэма Сёння ноччу ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах памёр 57-гадовы палітзняволены Алесь Пушкін. Пра гэта паведамляе ягоная жонка Яніна Дзёмух.

Алесь — вядомы беларускі мастак, быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК). Падчас абвяшчэння прысуду Алесь гучна гаварыў і распрануўся, каб былі бачныя парэзы на жываце ў выглядзе крыжа. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар.

Прысуд яму вынесла суддзя Алена Шылько, пракурорам па справе быў Аляксандр Кароль

Cуд над мастаком Алесем Пушкіным зрабілі закрытым: што вядома ў першы дзень?

У зале прысутнічае шмат супрацоўнікаў міліцыі. На самым пачатку судовага працэса Пушкін паклаўся на лаву. А калі суддзя папрасіў падняцца, ён заявіў пра тое, што ў яго кайданкі, і няхай яго падымае канвой. Усіх наведвальнікаў выдалілі з залы.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч 11 лістапада 2022 г. пастанавіў перавесці Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. Неўзабаве палітвязня этапавалі ў гродзенскую Турму № 1 дзе ён і знаходзіўся да смерці.

Упершыню яго затрымалі ў 1988 годзе за ўдзел у мітынгу на Дзяды. У 1999 Пушкін правёў свой самы вядомы перфоманс — «Гной для прэзідэнта»: ён прыкаціў да Адміністрацыі Лукашэнкі тачку з гноем, вываліў яго, зверху паклаў партрэт Лукашэнкі і праткнуў яго віламі. З таго часу было безліч перфомансаў, затрыманняў, сутак за кратамі. Алесь Пушкін не здраджваў сабе і працягваў ісці сваім няпростым шляхам. Справай свайго жыцця мастак бачыў роспіс царквы ў Бабры. 

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выказвае спачуванні родным і блізкім Алеся.

Крыніца: Памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін