У рамках трохдзённага візіту ў Кіеў сябры ПЦ "Вясна" Аляксей Колчын і Алесь Буракоў, а таксама журналісты Барыс Вырвіч і Аляксандр Буракоў сустрэліся з кіраўнікамі некалькіх грамадскіх арганізацый.
На сустрэчах абмяркоўвалася ўкраінскі вопыт рэфармавання медыя сферы і працы ў галіне медыя адукацыі, а таксама спосабы, з дапамогай якіх можна супрацьстаяць выклікам інфармацыйнай прапаганды.
За час візіту беларускія праваабаронцы і актывісты наведалі офісы "Цэнтра дэмакратыі і вяршэнства права", Інстытута развіцця рэгіянальнай прэсы і грамадскага аб'яднання "Дэтэктар Медыя", якім прадставілі сваё бачанне праблемы прапаганды і агітацыі ў Беларусі як з боку прарасейскіх, так і з боку дзяржаўных СМІ . Была дасягнутая папярэдняя дамоўленасць аб супрацоўніцтве.
На думку ўдзельнікаў паездкі, прарасейскія арганізацыі актывізавалі дзейнасць па ўзмацненні ўплыву і інфармацыйнаму ўздзеянню на прыгранічныя рэгіёны Беларусі. Праблема выклікала цікавасць для прадстаўнікоў украінскіх арганізацый, паколькі з расійскай прапагандай у апошнія гады яны сутыкнуліся ў самай жорсткай форме.
Таксама беларускія праваабаронцы і журналісты наведалі Кіеўскі цэнтр УКУ, у якім прайшла дыскусія, прысвечаная праблемам украінска-польскіх адносін у святле нядаўніх змяненняў у польскай гістарычнай палітыцы. У кулуарах сустрэчы беларускія прадстаўнікі правялі кароткую сустрэчу з дырэктарам дзяржаўнага архіва Службы бяспекі Украіны Андрэем Когутам і аналітыкам Цэнтра даследаванняў вызвольнага руху Ганнай Алійнік, якія распавялі аб працэсе надання публічнага характару інфармацыі аб злачынствах супраць ахвяр палітычных рэпрэсій савецкага часу і працы архіва.
Адным з пунктаў паездкі стала назіранне за мірнымі акцыямі пратэсту: намётавым мястэчкам ля сцен Вярхоўнай Рады Украіны, а таксама за мітынгам ля рэзідэнцыі прэзідэнта Украіны. Беларускія прадстаўнікі абмеркавалі ход пратэстных акцый як з удзельнікамі, так і з супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Крыніца: Магілёўскія праваабаронцы і журналісты абмяняліся вопытам з украінскімі калегамі Фота