11.07.2023 Тэгі: пераслед, свабода слова, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Вярхоўны суд разгледзіць справу аб ліквідацыі КХП БНФ, на чарзе – партыя “Зялёныя”
Вярхоўны суд пачынае разгляд спраў аб ліквідацыі палітычных партый, якія не прайшлі перарэгістрацыю паводле абноўленай рэдакцыі закона аб палітычных партыях.
Першай 20 ліпеня будзе слухацца справа аб ліквідацыі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.
Раней паведамлялася, пра тое, што Мінюст падаў пазоў аб ліквідацыі Беларускай партыі «Зялёныя». Ім нядаўна адмовілі ў перарэгістрацыі. Старшыню Дзмітрыя Кучука запрасілі 17 ліпеня ў Вярхоўны суд «ў парадку падрыхтоўкі справы да судовага разбіральніцтва».
Пасля 13 сутак арышту ізноў затрыманая Людміла Слуцкая
У Мінску паўторна 10 ліпеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі і склалі адміністрацыйны пратакол на 53-гадовую Людмілу Слуцкую. У той дзень жа дзень адбыўся суд, вынікі якога пакуль невядомыя.
Першы раз Слуцкую затрымалі ў Мінску 27 чэрвеня. На другі дзень у судзе Фрунзенскага раёна Мінска яе прысудзілі да арышту тэрмінам на 13 сутак паводле арт. 19.11 КаАП (Выраб, распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу разглядаў суддзя Кірыл Палулех.
Інфармацыйная прадукцыя "Брэсцкага кур'ера" прызнаная "экстрэмісцкімі матэрыяламі"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёна Брэста 7 ліпеня.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі:
Telegram-каналы і чаты «Вожык. Самиздат», «Bellа Fox»;
Старонкі ў «Аднакласніках» «Хватит Бояться!», «Протесты в Беларуси», «Онлайн-платформа Голос», «Белсат Админ»;
Instagram-старонкі «bssf.tеam», «SOS by»;
Facebook-старонка «SYMPA»;
Старонкі ва «Укантакце» - «Мои Чашники», «Беларускае Радыё Рацыя».
Інфармацыя дапаўняецца.