10.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск, рэпрэсіі Дзясятага ліпеня 2023 году ў Гродзенскім абласным судзе пачалі разглядаць справу палітзняволеных адвакаткі Юліі Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйкі. Іх вінавацяць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК за "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове".  

На судовым працэсе адвакатка Юлія Юргілевіч стаіць у робе «Карцер 2».

Пасяджэнне праходзіць у адкрытым рэжыме. На судовым працэсе адвакатка стаіць у робе «Карцер 2»: меркавана, яе прывезлі на суд прама з карцару. Справу разглядае суддзя Максім Філатаў. Ён шырокавядомы палітычна матываванымі прысудамі. Так, мужчына асудзіў да пяці гадоў калоніі актывіста Вітольда Ашурка. 21 траўня 2021 года Вітольд памёр у калоніі пры нявысветленых акалічнасцях. Таксама Філатаў прызначыў ад 2,5 да 25 гадоў калоніі абвінавачаным па "справе Аўтуховіча".

Суддзя Максім Філатаў
Суддзя Максім Філатаў

Дзяржаўная агенцыя навінаў "Белта" паведамляе падрабязнасці абвінавачання. Згодна з матэрыяламі справы, Юлія Юргілевіч перадала Паўлу Мажэйку інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзі, сваё выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама даныя пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Пушкіна і прызначэнні яму пакарання. Абвінавачанне ўпэўненае, што Павел Мажэйка перадаў гэтыя звесткі нявызначаным асобам для публікацыі на "Белсат" у лютым-сакавіку 2022 году. Ягоны ўчынак кваліфікаваны як "дзеянні групай асобаў па папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч".  

Згодна з матэрыяламі справы, гэтым адвакатка і журналіст "аказалі іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, якая загадзя накіравана на планаванне, арганізацыю, падрыхтоўку і здзяйсненне замахаў на асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады і кіравання, надалі мізэрнасць каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы, органаў дзяржаўнай улады і кіравання, праваахоўнай сістэмы і судоў па забеспячэнні правоў, свабод і гарантый іх рэалізацыі шляхам распаўсюджвання ў гэтых мэтах загадзя ілжывых звестак".

Нагадаем, Павел Мажэйка — кіраўнік гродзенскага "Цэнтра гарадскога жыцця", журналіст. Ён быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 г. па вяртанні ў Беларусь. У кватэры Паўла і ў ягоных бацькоў зладзілі ператрусы. Юлія Юргілевіч — адвакатка, якая абараняла шматлікіх палітвязняў, у лютым 2022 года пазбаўлена ліцэнзіі. Яна была затрымана напрыканцы жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь з Польшчы.

Крыніца: Адвакатку Юлію Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйку пачалі судзіць за перадачу інфармацыі "Белсату"