Каля 8 раніцы 26 лютага ў кватэры сацыяльнага актывіста Аляксандра Пуставітава прайшоў агляд па пастанове РУУС і з санкцыі пракурора Маскоўскага раёна г. Мінска. У пастанове было пазначана, што лейтэнант міліцыі Д. Касцюкевіч разгледзеў матэрыялы нейкай праверкі пад нумарам ЕК №1904/12 ад 20.02.2018 г. і ўстанавіў, што нібыта маецца інфармацыя, што Аляксандр Пуставітаў можа быць датычны да захоўвання выбуховых рэчываў, агнястрэльнай зброі і іншых прадметаў, забароненых ў грамадзянскім абароце. І на падставе гэтага выдаў пастанову аб аглядзе жылля і іншага законнага валодання, якое знаходзіцца ў карыстанні ў маладога чалавека.

У ператрусе бралі ўдзел трое супрацоўнікаў, але толькі адзін з іх прадставіўся і паказаў пасведчанне - Д. Касцюкевіч, той самы, што выдаў пастанову.

Пры аглядзе кватэры, дзе пражывае Аляксандр Пуставітаў, ніякай зброі, выбуховых і забароненых рэчываў выяўлена не было, аднак, аператыўнікі канфіскавалі тэхніку: ноўтбук і тэлефон самога актывіста, а таксама два вінчэсцера з кампутараў яго бацькоў. Акрамя гэтага былі канфіскаваныя нож бацькі маладога чалавека, улёткі і газеты 2009-2010 гадоў выдання.

Аляксандр Пуставітаў распавёў, што дзеянні супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС нельга было назваць аглядам:

pustavivau.png

«Падчас правядзення працэсуальных дзеянняў супрацоўнікі міліцыі зазіралі і правяралі змесціва ў тумбачках, у шафах, праглядалі кнігі і іх змест. Фактычна яны правялі ператрус, а не агляд.

Таксама супрацоўнікі РУУС адмовіліся даць дадзеныя аб тым, у сувязі з якой крымінальнай справай ці праверкай па якім факце праводзяцца працэсуальныя дзеянні.

Перад адыходам адзін з міліцыянтаў прапанаваць прыйсці сёння ў аддзяленне на размову. Ніякай афіцыйнай прычыны ён не назваў, ісці я не збіраюся».

Ён таксама адзначыў, што два-тры тыдні таму яго запрашалі на размову ў Маскоўскі РУУС, аднак, ён адмовіўся. Зараз ён лічыць, што сённяшні агляд выкарыстоўваўся як элемент пагрозы і ціску на яго за тую адмову, а цікавасць з боку міліцыі звязвае з актыўным выказваннем сваёй пазіцыі ў сацыяльных сетках аб падзеях, якія адбываюцца ва Украіне. У дадзены момант, малады чалавек не займаецца ніякай актыўнай дзейнасццю.

Аляксандр Пуставітаў з дапамогай юрыстаў «Вясны» падрыхтаваў і накіраваў скаргу ў Пракуратуру г. Мінска, у якой просіць правесці праверку і накіраваць акт пракурорскага рэагавання ў адрас кіраўніцтва Маскоўскага РУУС г. Мінска з указаннем недапушчальнасці парушэння крымінальна-працэсуальнага заканадаўства і патрабаваннем вярнуць канфіскаваныя рэчы у тэрміновым парадку.

Крыніца: У чарговы раз аператыўнікі шукаюць зброю, а канфіскуюць камп'ютары і старыя газеты