05.07.2023 Тэгі: суды, грамадства, палітвязні, рэпрэсіі З канца 2022 года беларусаў пачалі актыўна выклікаць у КДБ з нагоды данатаў у фонды салідарнасці ў 2020-ым годзе. Сілавікі ставяць людзям умову — пералічыць у некалькі разоў большую за данат суму на спецыяльныя рахункі, альбо супраць іх будзе распачатая крымінальная справа паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) або арт. 290 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Па інфармацыі праваабаронцаў, за "фінансаванне экстрэмізму" было ўжо асуджана не менш за 19 чалавек, 12 з якіх былі пазбаўлены волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў. Вынікі астатніх сямі чалавек высвятляюцца праваабаронцамі. Таксама яшчэ мінімум 10 чалавек утрымліваюцца ў зняволенні ў чаканні прысуду. Акрамя гэтага, дзесяткі чалавек штомесяц вымушаны аддаваць сілавікам вялікія грошы, каб пазбегнуць крымінальнага пераследу. Беларус, які ў траўні таксама прайшоў праз допыт у КДБ, распавёў "Вясне", за што яму прапанавалі перавесці грошы ў памеры ад 8 000 да 20 000 даляраў на рахунак анкалагічнай лякарні, на якіх умовах працуе дамоўленнасць з КДБ, а таксама пра праблемы з выездам праз літоўскую мяжу.

Катаванні Анатоля Латушкі. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

"Раней мы лічылі ў дзесяціразовым памеры ад даната"

У сярэдзіне траўня Аляксею (імя зменена ў мэтах бяспекі) раніцай патэлефанавалі з КДБ і выклікалі на гутарку. Яны спыталі, ці паспее ён прыехаць цягам двух гадзінаў, а пачуўшы адмоўны адказ, прапанавалі прыехаць крыху пазней.

"Заходжу да іх, а яны пытаюць, ці ведаю я, чаму яны мяне выклікалі. Я адказаў, што не ведаю. На што ён сказаў: "А, значыць, у вас ёсць некалькі такіх нагод, з якіх мы маглі вас выклікаць".

Супрацоўнік мне адразу паказвае манітор свайго кампа са спісам маіх рахункаў. Там у жніўні і лістпадзе 2020-га былі два пераводы праз Facebook па 200 даляраў і там толькі наступная інфармацыя: мая картка, дзень, час, "Facebook Pay", і Амстэрдам — у адным выпадку, і ў другім — Лондан. І ён кажа, што вось гэта фонды BYSOL і BYPOL, вы пералічвалі туды грошы. Я ім сказаў, што там не напісана, што гэта фонды BYSOL і BYPOL, бо гэта можа быць любы фонд па дапамозе дзецям. Ён адказаў, што яны ведаюць, што гэта менавіта яны. Маўляў, мы ведаем і гэтага дастаткова."

Тады супрацоўнікі папрасілі Аляксея паказаць сваю старонку на фэйсбуку, але ён адмовіў, бо згубіў да яе доступ. Тады яму распавялі, што за данаты ў гэтыя фонды яму могуць інкрымінаваць ч. 1 арт. 290 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Акрамя гэтага, яны зноў нагадалі Аляксею, што для ўзбуджэння крымінальнай справы за данаты, ім дастаткова ведаць, што гэта фонды BYSOL і BYPOL, нават калі гэта нідзе не пазначана.

"Я ім кажу, што калі быў той час і людзі нібыта пералічвалі сродкі, гэтыя фонды яшчэ не былі прызнаныя тэрарыстычнымі. То бок людзі ахвяравалі грошы на дапамогу людзям".

Далей супрацоўнікі КДБ пачалі тлумачыць Аляксею, што нібыта на гэты артыкул няма тэрміну даўніны, таму можна прыцягваць да адказнасці і праз некалькі год.

Пасля гэтага Аляксею прапанавалі два варыянты: "крымінальная справа або ён пераводзіць грошы на рахунак Рэспубліканскага навукова-практычныга цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Н. Н. Аляксандрава". Арамя гэтага, яму сказалі, што ён мусіць абавязкова напісаць прызнанне ў тым, што ён "фінансаваў тэрарыстычную дзейнасць", а яго за гэта пераследваць не будуць.

Тады мужчына спытаў, пра якую суму ідзе гаворка:

"І тут цікава, бо яны сказалі: "Раней мы лічылі ў дзесяціразовым памеры ад даната, а цяпер у некаторых выпадках — да старазовага памеру. У вашым — гэта будзе прыкладна ад 20 да 50-разовага памера. То бок у вас агулам 400 даляраў, значыць, будзе 8 000-20 000 даляраў".

Тады я задаў некалькі пытанняў:

— Ну гэта ж нідзе не будзе прызначана, што я заплаціў і адказнасці цяпер няма?

— Не, не будзе.

— То бок грошы проста ў паветра… Я пішу прызнанне, а тут нават не трэба выпіска з рахункаў — вы проста па прызнанню можаце асудзіць і вам нават нічога даказваць не трэба.

— Не, ну мы ж з вамі дамаўляемся.

— А калі праз год гэты шпіталь прызнаюць таксама тэрарыстычнай арганізацыяй? То бок гэтыя ахвяраванні таксама будуць спансаваннем тэрарызму?

Тут ён раззлаваўся. Я яму сказаў, што такіх грошай у мяне няма. Ён спытаў колькі ёсць. Кажу, што трэба падлічыць, сабраць, таму патрэбен час. Тады ён сказаў, што мне змогуць зрабіць зніжку. Але з 20 000 якую зніжку не зрабі — усё роўна будзе шмат."

Пры гэтым супрацоўнік пацвердзіў, што гэта толькі дамоўленасць паміж КДБ і Аляксеем, таму аніякіх гарантый акрамя гэтага няма. Мужчына спытаў, ці ёсць варыянт не пісаць прызнанне, а проста ахвяраваць грошы на анкалагічную лякарню. На што супрацоўнікі КДБ адказалі, што гэты варыянт працуе, толькі калі будуць выканнаныя адразу дзве ўмовы.

"Я ім яшчэ казаў, што вось амаль тры гады ўжо прайшло, справы працягваюцца, і не менш, а толькі больш. І я так акуратна спытаў, ці скончыцца гэта калісьці.

На што ён адказаў: "А вы чулі выраз, што мы знойдзем кожнага і прыйдзем да кожнага? Дык вось, калі на гэты спатрэбіцца 10 гадоў, то мы 10 гадоў будзем гэтым займацца".

"Сабраў заплечнік са слязамі на вачах і паехаў у бок мяжы з Літвой"

Каб вырашыць пытанне з грашыма, Аляксею далі два дні, пасля чаго сказалі зноў прыйсці да іх. І дадалі, што ён мусіць дабраахвотна паказаць старонку ў фэйсбуку. А таксама папярэдзілі, што акрамя данатаў яны могуць знайсці за што яшчэ можна прыцягнуць да адказнасці.

"Я падумаў, што гэта выбар без выбару, бо ісці на гэта пагадненне… Нават, калі яны мяне на нейкі час адпусцяць, кожны дзень сядзі і думай, што за табой у любы час могуць прыйсці, бо ў іх на руках ёсць гэта прызнанне. Тады прыйдуць і скажуць: або давай грошы, а калі іх няма, то вось глядзіце, ён фінансаваў тэрарызм, нават ягонае прызнанне ёсць, давайце яго пасадзім.

Няма гарантый, што ўсё будзе менавіта так, як яны скажуць і не будзе так, што я адразу заплаціў, а мяне схапілі. Тым больш грошы вялікія.

Ноч я падумаў, а на наступны дзень я вырашыў працоўныя справы, сабраў заплечнік са слязамі на вачах і паехаў у бок мяжы з Літвой. Пры гэтым супрацоўнікі мяне папярэдзілі, што калі я збяруся з'ехаць з Беларусі за гэтыя два дні, то гэта будзе квіток у адзін канец. На беларускай мяжы я ўжо думаў, што мне забаранілі выезд і тады, калі дазнаюцца, што я спрабаваў выехаць, будзе дрэнна".

Але літоўскія памежнікі не захацелі адразу яго прапускаць, бо ў Аляксея была польская працоўная віза, а не літоўская. Яму прыйшлося тлумачыць, што такім чынам ён ратуецца ад пераследу беларускімі ўладамі. Мужчына сказаў памежнікам, што праз Літву праедзе транзітам у Польшу, дзе будзе прасіць палітычны прытулак. Яны задавалі падрабязныя пытанні наконт грошай, да каго ён едзе і г.д. Але ў выніку пагадзіліся прапусць, таму цяпер мужчына знаходзіцца ў бяспецы.

Хто цяпер знаходзіцца за кратамі за фінансаванне "экстрэмізму" і "тэрарызму"?

Па дадзеных праваабаронцаў, за "фінансаванне экстрэмізму" было ўжо асуджана не менш за 19 чалавек, 12 з якіх былі пазбаўлены волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў. Вынікі яшчэ сямі чалавек высвятляюцца праваабаронцамі. Яшчэ мінімум дзесяць чалавек знаходзяцца ў зняволенні ў чаканні прысуду.

Таксама вядома, што справу аднаго палітвязня спынілі праз недаказаннасць віны, а самога мужчыну вызвалілі з-пад варты.

Так, напрыклад, былую настаўніцу з Хойнікаў Ірыну Абдукерыну асудзілі да чатырох гадоў калоніі, а таксама прызначылі штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3200 рублёў). Жанчыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці і варажнечы), 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі), у тым ліку за данаты і за тое, што запісала на тэлефон перасоўванне калоны расейскай вайсковай тэхнікі і пераслала запіс у тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн".

IT-спецыяліста Руслана Завадзіча асудзілі да трох гадоў калоніі за два данаты ў By_Help у жніўні 2020 года на агульную суму каля 50 даляраў, а таксама данат Валеру Цапкалу на суму каля 25 даляраў у 2021 годзе. Яго прызналі вінаватым у "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці" паводлеарт. 361-2 Крымінальнага кодэкса.

У лістападзе 2022 года да трох гадоў калоніі асудзілі 35-гадовага мінчука Аляксандра Зіязэтдзінава. Яго прызналі вінаватым у пералічэнні ў траўні 2021 года 0,2 эфіру (каля 800 даляраў) на крыптагаманец BYPOL. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя.

Палітзняволеную гамяльчанку Анастасію Петрачэнку асудзілі на тры гады калоніі паводле арт. 361-2 КК. Прычынай пераследу стала тое, што Анастасія пералічыла грошы палку імя Кастуся Каліноўскага, які складаецца з беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне.

Жыхара Ліды Віталя Чарнавусава асудзілі за данаты ў адзін з фондаў, які падтрымлівае ахвяраў палітычна матываваных рэпрэсій. Суддзя Вера Галаўкова прызнала Віталя вінаватым і прысудзіла яму пяць гадоў калоніі. Апроч гэтага, яму прызначылі штраф у памеры 15 000 рублёў, што складае прыкладна 4 700 еўра.

У Мінскім гарадскім судзе 26 чэрвеня асудзілі Кірыла Клімава. Суддзя Любоў Сімахіна прызначыла Кірылу чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма. На пасяджэнні Кірылу прад’явілі шэсць данатаў па дзесяць даляраў кожны. Кірыл не прызнаў віну. Ён не адмаўляў пераліку сродкаў, але патлумачыў, што ахвяраваў на дапамогу рэпрэсаваным.

Таксама цяпер у зняволенні знаходзіцца супрацоўніца IT-кампаніі "Гейм Стрым" Ксенія Алькенава. Паводле сілавікоў, у 2020-2021 гадах праз данаты ў Facebook яна зрабіла 9 плацяжоў у фонды салідарнасці на агульную суму 425$. Цяпер яе абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-2 КК (Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання) — пры гэтым у рэдакцыі ад 26 траўня 2021 года гэтая фармулёўка адсутнічае. Суд над палітзняволенай распачнецца 10 ліпеня ў Мінгарсудзе. Справу разглядаць будзе суддзя Яўген Хаткевіч.

Былога выкладчыка кафедры сувязі БДУІР Мікалая Банькова затрымалі 18 студзеня 2023 года. Спачатку яму прызначылі арышт паводле адміністрацыйнага пратакола, а потым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы. Мікалаю прад'явілі абвінавачванне паарт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) за тры данаты. Хутка над ім можа распачацца суд.

Бабруйчанін Дзмітрый Слук абвінавачваецца па ч. 1 арт. 290-1 Крымінальнага кодэксу (Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) за данаты арганізацыі, прызнанай "тэрарыстычнай" у Беларусі. Яму пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Суд над ім распачаўся 29 чэрвеня ў судзе Заводскага раёна Мінска. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Астапенка.

Нагадваем, што размова ў КДБ — гэта не працэсуальнае дзеянне, вы можаце не сведчыць супраць сябе, спаслаўшыся на арт. 27 Канстытуцыі, часта прадастаўленыя скрыншоты не з'яўляюцца доказам пераліку грошай у канкрэтныя фонды, а падпісанне яўкі з павіннай — не гарантыя таго, што супраць вас не будзе ўзбуджаная крымінальная справа.

Рэпрэсіі за данаты ў фонд BYSOL праз Facebook. Што рабіць?

Гарачая Лінія @ViasnaSOS і юрысткі "Вясны" кожны дзень атрымліваюць пытанні пра тое, што рабіць і як сябе засцерагчы. Тут вы ўбачыце адказы на іх. 

«Няма падстаў лічыць, што ў палітычным пераследзе будзе нейкая палёгка»

Юрыстка "Вясны" пра тое, як улады спрабуюць вынішчыць узаемападтрымку беларусаў і чаму варта быць гатовым да горшых сцэнараў.

Крыніца: "Крымінальная справа або перавод грошай у РНПЦ". Беларус распавёў пра пераслед за данаты