05.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе горада Пінска і Пінскага раёна 19 чэрвеня да двух гадоў "хіміі" за каментар пра Лукашэнку пад постам у "Аднакласніках" аб завышаных коштах на лекі асудзілі цесляра-бетоншчыка Руслана Шукалу. Суддзя Яўгенія Мельнік прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі).
Паводле версіі абвінавачвання, Руслан Шукала 19 красавіка 2022 года, "маючы намер і мэту на прыніжэнне гонару і годнасці ў непрыстойнай форме Аляксандра Лукашэнкі", у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" пасля прагляду публікацыі ў выглядзе малюнка Лукашэнкі з тэкстам, які змяшчаецца над ім, размясціў для публічнага агляду ў адкрытай публічнай супольнасці нецэнзурны каментар у дачыненні да яго.
Мужчына ў судовым пасяджэнні сваю віну прызнаў цалкам.
На судзе Руслан шукала распавёў, што ў красавіку 2022 года, праглядаючы стужку навін у сацыяльнай сетцы "Аднакласніках", убачыў публікацыю з выявай Лукашэнкі, пад якім быў тэкст аб завышаных цэнах на лекавыя прэпараты. Паддаўшыся эмоцыям, ён пакінуў каментар абразлівага характару ў яго адрас. Разумее, што пакінуты ім каментар прыніжае гонар і годнасць асобы Лукашэнкі, пра тое, што гэты каментар маглі бачыць і іншыя карыстальнікі, не задумваўся. Аб тым, што здарылася, вельмі шкадуе.
У выніку суддзя Яўгенія Мельнік прызначыла пінчуку пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі") тэрмінам на два гады.
Крыніца: Два гады "хіміі" прызначылі пінчуку за каментар пра Лукашэнку пад постам пра завышаныя кошты на лекі