04.07.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, пераслед Напрыканцы траўня ў Полацкім дзяржаўным універсітэце пракацілася хваля затрыманняў, пад якую трапілі паўтара дзясятка супрацоўнікаў. Праваабаронцы "Вясны" распавядаліпра суды за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" і "несанкцыянаванае пікетаванне". У хуткім часе некаторых з іх звольнілі з працы. Сёння праўладны тэлеканал "Звязда" распавёў і паказаў у спецыяльным выпуску "По ту сторону «Змагарства»" некаторыя падрабязнасці пераследу супрацоўнікаў і супрацоўніц універсітэта.
Штрафы і "суткі"
24 траўня праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра масавыя суды над жыхарамі Полацку і Наваполацку, справы якіх разглядала суддзя Зінаіда Балабалова. Так, разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Сяргея Рыкуна. Суддзя прызнала яго вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арыштавала на 13 сутак. Яна ж прызначыла штраф Паліне Путро памерам 740 рублёў (20 базавых велічыняў), а справаводку дэканата Кацярыну Швалюгу аштрафавала на 1 110 рублёў (30 базавых велічыняў). Ксенію Зуеву аштрафавалі на 2 220 рублёў (60 базавых велічыняў) за "пікет". Алега Крайко асудзілі адразу паводле двух артыкулаў — 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Яго арыштавалі на 26 сутак.
73-гадовую кандыдатку тэхнічных навукіі дацэнтку кафедры геадэзіі і геаінфармацыйных сістэм Галіну Балаболава адправіла за краты на 10 сутак.
Таксама да адміністрацыйнага арышту былі асуджаныя дацэнт кафедры дзяржкіравання Сяргей Глазырын (арт. 19.11 КаАП) і выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Алена Храмцова (арт. 19.11 КаАП).
- Дацэнт кафедры канстутыцыйнага права і дзяржаўнага кіравання Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Глазырын
Палітычныя звальненні
У сярэдзіне чэрвеня стала вядома пра масавыя звальненні з ПДУ. 14 чэрвеня "па дамове бакоў" звольненыя раней арыштаваныя па адміністрацыйных справах дацэнты Віктар Чарайко і Сяргей Глазырын. Яны абодва адбылі "суткі" за "распаўсюд экстрэмізму". Таксама праз данаты фондам звольнены дацэнт Юрый Кежа. Навуковец "кампенсаваў шкоду" і застаўся на волі.
Таксама "Позірк. Навіны пра Беларусь" пісаў пра тое, што агулам звольнілі сем супрацоўнікаў. Рэктар ПДУ Юрый Раманоўскі падпісаў загады пра звальненне сакратаркі дэканата гісторыка-філалагічнага факультэта Кацярыны Шаўлюгі, выкладчыцы кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Анастасіі Мазго, старшай выкладчыка кафедры замежных моў Святланы Панімашчанкі, сакратаркі кафедры фізічнага выхавання і спорту Таццяны Чаркасавай.
Паводле крыніцы "Позірка", 13 чэрвеня шэсць загадчыкаў кафедр ПДУ напісалі заявы пра перавод у звычайныя выкладчыкі праз "нежаданне мець дачыненне да палітычнага пераследу калег".
Рэктар ПДУ: "Сёння мы ўстанаўліваем кантроль"
4 ліпеня праўладны тэлеканал "Звязда" апублікаваў відэа пра пратэсную дзейнасць у Полацкім дзяржаўным універсітэце. Там распавялі пра затрыманне яго выкладчыкаў, якія падтрымалі пратэст у 2020 годзе.
Рэктар універсітэта Юрый Раманоўскі прызнаў, што большасць выкладчыкаў у 2020-м падтрымалі пратэсты, але іх не пераследавалі за гэта, бо раней "закрывалі вочы".
"Вялікая частка супрацоўнікаў, выкладчыкавага складу, падтрымалі пратэсную дзейнасць, якая была агулам па рэспубліцы і непасрэдна ў Полацку. Ніяк не перашкаджалі гэтаму, каб студэнтаў не далучалі, студэнты былі ўцягнуты ў гэтаю пратэсную дзейнасць. Частка супрацоўнікаў, якая падтрымала ў той ці іншай меры падтрымала гэтыя пратэсты, былі звязаныя з замежжам, іх дзеці навучаліся за мяжой, і яны па сутнасці на гэтых пратэсных акцыях зрабілі сабе пэўны хайп, каб потым на гэтай падтрымцы мець нейкія дывідэнды. Калі яны справакавалі многіх пад лозунгам свабоды слова, некаторыя супрацоўнікі і выкладчыкі ўніверсітэта, стваралі свае тэлеграм-каналы, дзе яны пазіцыянавалі як прадстаўнікі нашага ўніверсітэта. Гэтыя тэлеграм-каналы фармаваліся бескантрольна. Сёння мы ўстанаўліваем кантроль...", — сказаў Раманоўскі.
У відэа паказалі скрыншоты тэлеграм-канала "ПГУ против насилия", матэрыялы якога прызнаны 30 траўня 2022 года "экстрэмісцкімі" па рашэнні суда Наваполацка.
"Распаўсюджваеш экстрэмісцкія матэрыялы — разумей, што ты будзеш несці адказнасць адпаведна з заканадаўствам", — сказаў Раманоўскі.
У праграме ўзгадалі запісанае супрацоўнікамі ўніверсітэта на фоне Сабора Святой Сафіі відэа супраць гвалту, у якім прымалі ўдзел у тым ліку старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Аляксей Коц, былая старшая выкладчыца славянскіх моваў Наталля Апанасовіч, дацэт кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Дзяніс Кандакоў.
У праграме паказалі затрыманне двух супрацоўнікаў. Іх вялі ў РАУС у кайданках.
"Мабыць, у ПДУ вырашылі, што інтэлегенцыю за супрацьпраўную дзейнасць не прыцягваюць. Вялікая саманадзейнасць і глупства".
Дацэнт кафедры канстутыцыйнага права і дзяржаўнага кіравання Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Глазырын на відэа "чыстасардэчна раскайваецца" і кажа, што ў сацсетках размясціў фотаздымак на фоне бела-чырвона-белага сцяга. Негледзячы на гэта, яго адправілі на "суткі".
У праграме паказалі дзвюх заплаканых супрацоўніц універсітэта — асістэнтку кафедры тэхналогіі і абсталявання перапрацоўкі нафты і газа Паліну Путро і намесніцу дэкана па выхаваўчай працы факультэта інфармацыйных тэхналогій Марыю Дэканаву, якія былі падпісаны на "экстрэміскія тэлеграм-каналы".
Супрацоўніц асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Паліне Путро прызначылі штраф памерам 740 рублёў (20 базавых велічыняў).
Напрыканцы вядучая праграмы адзначыла, што ПДУ — "не адзіны выпадак абыякавасці", спасылаючыся на Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава.