30.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, экстрэмізм Мінскі гарадскі суд 30 чэрвеня працягвае разгляд крымінальнай справы палітзняволенага журналіста Паўла Падабеда. Яму інкрымінуюць “стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім” паводле ч. 3 арт. 364-1 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядае суддзя Яўген Пісарэвіч.
Паўла Падабеда затрымалі 20 студзеня 2023 года. Сам факт арышту Павел Падабед пацвердзіў у тэлефанаванні сваякам — на той момант без удакладненняў, што канкрэтна яму інкрымінавалі. Паспеў толькі паведаміць, што ў кватэры адбыўся ператрус.
Журналіста ўтрымлівалі ў ІЧУ Мінскага раёна, абвінаваціўшы паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 у распаўсюдзе (рэпосце) "экстрэмісцкіх матэрыялаў". 4 лютага скончыліся 15 сутак адміністрацыйнага арышту, якім пакаралі відэааператара. Але на волю ён так і не выйшаў. Яго перавялі ў СІЗА №1 Мінска і завялі крымінальную справу па артыкуле 361- 4 Крымінальнага кодэкса (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці).
На першым пасяджэнні, якое прайшло 28 чэрвеня, суд апытаў Паўла Падабеда адносна ўдзелу ў “экстрэмісцкім фармаванні” — яму інкрымінуецца супраца з тэлеканалам “Белсат”. Сярод іншага, яго таксама падазраюць у падрыхтоўцы сюжэтаў для расследвальніцкіх праграм — у прыватнасці, пра знікненне відэааператара Дзмітрыя Завадскага і забойства журналіста Паўла Шарамета, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Для нагляднасці таксама дэманстраваліся ролікі “пратэснага кантэнту”, некаторым ужо 10-15 гадоў, калі ў беларускім заканадаўстве яшчэ не існавала паняцця пра “фармаванні” ў дачыненні да СМІ.
Акрамя таго, стала зразумела, што за Паўлам Падабедам мэтанакіравана сачылі, яго тэлефон праслухоўваўся — у якасці “доказаў” уключалі запісы размоваў, з якіх нібыта вынікае датычнасць да “экстрэмісцкага рэсурсу”. Гэтаксама цытаваліся ліставанні ў месенджарах.
Сам журналіст падчас працэсу трымаецца годна, адказвае на пытанні ўпэўнена, інкрымінаваныя “злачынствы” лічыць надуманымі.
Сёння ў судзе адбудуцца спрэчкі бакоў, падчас якіх прадстаўнік пракуратуры з вялікай верагоднасцю запатрабуе тэрмін для абвінавачанага.
Пачынаецца суд над палітзняволеным журналістам Паўлам Падабедам
Крыніца: "Тэлефон Паўла Падабеда праслухоўваўся": сёння ў судзе над журналістам – спрэчкі бакоў